Касы завулак на Талстога, 7...

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Нестыкоўка культуры і турбізнесу: хіба новыя арт-зоркі Віцебска не патрэбны?
У гісторыі віцебскага будынка па сучасным адрасе Талстога, 7 прасочваецца пэўная наканаванасць: гэты помнік класіцызму неаднойчы быў героем твораў такіх выбітных майстроў, як мастакі Юзаф Пешка, Напалеон Орда, фатограф Сяргей Праскудзін-Горскі. Нават у знакамітага на ўвесь свет Марка Шагала адно з палотнаў фіксуе гэту кропку ў горадзе. Сёння Талстога, 7 — ужо не кропка, а сузор’е талентавітых людзей, аб’яднаных не толькі дахам, але і агульнай ідэяй: асваеннем “Aрт-прасторы”.

/i/content/pi/cult/559/12241/6-2.jpg“Aрт-прастора” — адзін са свежых праектаў, запушчаных Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва. “К” пісала ўжо пра сутнасць задумы ў № 6 за гэты год. Зараз жа час падвесці нейкі прамежкавы вынік за амаль год існавання культурнай пляцоўкі.

Аддадзены загадам старшыні гарвыканкама “пад культуру”, будынак хутка пачаў асвойвацца мясцовымі мастакамі і рамеснікамі, метр за метрам, паверх за паверхам. Сёння ў творчы працэс уключаны два ўзроўні, абсалютна ўсе пакоі і залы, а таксама ўнутраны дворык, які з’яўляецца летняй пляцоўкай для выступленняў музыкантаў і літаратараў, выстаўлення арт-аб’ектаў, скульптур і інсталяцый. Плошчы насамрэч уражваюць: установа ў стане праводзіць дзевяць адначасовых выставак. Але, праўда, столькі адразу не ладзіцца: пакуль што “Aрт-прастора”, якую першапачаткова яе гаспадары бачылі як аналаг слыннага парыжскага “вулею”, знаходзіцца ў стане дапрацоўкі і ўдасканалення, то бок — “жужжыць” і кіпіць. Мяркую, тое — нармальная з’ява працэсу станаўлення. У дырэктара Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэя Духоўнікава выпрацавана некалькі трывалых установак на такі перыяд і на больш працяглую перспектыву.

Усе памяшканні і пакоі замацаваны за пэўнымі творцамі. Сёння гэта, да прыкладу, Кірыл Дзёмчаў, Яўген Кутаскін, Галіна Васільева, Алена Пятрова... І кожны з улікам свайго творчага палёту там “жыве”. Прынцып адзін — не замінаць талентам, не насаджаць ім меркаванне звонку, непатрэбнае для развіцця. У сваю чаргу, прадстаўнікі сучаснага беларускага (у прыватнасці — віцебскага) мастацтва дэманструюць свае магчымасці, не хаваючыся ад публікі, не маючы ад яе ніякіх сакрэтаў. Складана нават акрэсліць “арт-прастораўскі” жанр: гэта не музей і не майстэрні, не чыстыя экспазіцыі і не месца тусовак. Хутчэй — канцэнтрат, адна кропля якога ўжо дапаможа атрымаць прадстаўленне аб віцебскай мастацкай школе сёння. Яшчэ адзін цікавы момант з досведу “Aрт-прасторы”: кожны мастак адаптуе памяшканне пад сябе.

Разам з тым, больш чым дэмакратычны падыход да творчасці не прывёў да разбоўтанасці калектыву: балазе творцы цэняць такую без перабольшання ўнікальную магчымасць займацца мастацтвам у гістарычным памяшканні, па сутнасці, без арэнднай платы. Гарадскі бюджэт узяў на сябе камунальныя выдаткі (а святла і цяпла для гэтай прасторы патрабуецца багата), усе астатнія грашовыя праблемы — на плячах тых, хто ва ўстанове займаецца творчасцю. Пры гэтым уваход у будынак каштуе сімвалічныя грошы — 20 тысяч беларускіх рублёў. Некаторыя з мастакоў на базе “Aрт-прасторы” ладзяць свае майстар-класы і ўрокі. Так, педагог па жывапісе Дзмітрый Гаралевіч два разы на тыдзень збірае поўныя групы дарослых, якія жадаюць паспрабаваць сябе ў нацюрморце. Каштуе такая цудоўная магчымасць няшмат — 30 тысяч рублёў, таму яна і папулярная.

Прастора на Талстога, 7 для віцябчан сёння — адзін з улюбёных культурных адрасоў, чаго не скажаш пра мясцовых турагентаў. Пацвярджэннем таму стала група расійскіх падарожнікаў на чале з тутэйшым экскурсаводам, якую я назірала каля “Арт-прасторы”. Сітуацыя вельмі нагадвала моманты з кніг пра Гары Потара, калі звычайныя людзі, маглы, не заўважаюць магічныя з’явы свету чараўнікоў (напрыклад, Касы завулак ці платформа 9 3/4): народ проста прайшоў міма, а “інфарматар” не прамовіў і слова пра ўвасабленне сучаснага мастацтва ў гэтых сценах. Такую праблему спадар Духоўнікаў спрабаваў вырашаць, пляцоўка актыўна прасоўваецца праз Інтэрнэт, але работнікі сферы турызму ў гэтай сітуацыі катэгарычныя: гораду хапае сваіх бясспрэчных зорак і зорных гісторый, новых яму не трэба, тым больш турпраграма абмежаваная па часе. Мо наступныя госці Віцебска не прамінуць цікавы аб’ект увагай праз абыякавасць якогасьці не дастаткова кампетэнтнага ў расстаноўцы культурных прыярытэтаў гіда?

Урэшце, самі насельнікі “Aрт-прасторы”, часовыя і сталыя, самі з’яўляюцца аб’ектамі ўвагі, экспанатамі, калі жадаеце. Напрыклад, мне пашчасціла сустрэць ва ўстанове мастака Руслана Вашкевіча, які займаўся афармленнем сваёй выстаўкі “Культпралёт”. У той жа час магчымасць пазнаёміцца з гэтай культавай асобай актуальнага айчыннага мастацтва была ва ўсяго горада, у тым ліку і ў турыстаў з Расіі. Дарэчы, той факт, што спадар Руслан з усіх віцебскіх мастацкіх пляцовак выбраў менавіта “Aрт-прастору”, таксама сведчыць на карысць статуснасці гэтага месца.

Мінск — Віцебск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст