Наша на шпалерах: (не)модна ці невыгодна?

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Пакуль попыт на “агульныя” ўзоры і назвы ад “Ціроля” да “Бісмарка”
Нядаўна “К” пісала пра моду на арнаменты: “вышымайкі”, “вышыкубкі” ды “вышыштодзённікі”. Гэтым разам высвятляем, ці закранула гэта мода інтэр’еры. Балазе ў вэб-прасторы ўжо гучалі прапановы ажыццявіць, прынамсі, пробную партыю шпалераў з беларускімі сюжэтамі. Скажам, з рэпрадукцыямі касмічных тэм Язэпа Драздовіча.

/i/content/pi/cult/559/12234/12-2.jpgПопыту няма?

Гартаем каталогі Мінскай шпалеравай фабрыкі і “Гомельшпалераў” у Інтэрнэце. Высвятляецца, што ўзоры шпалераў можна ўмоўна падзяліць на катэгорыі “ў кветачкі”, з геаметрычнымі фігурамі, фактурныя і сюжэтныя. Пры гэтым па выяўленчым шэрагу нават у кветках не пазнаць раслін з нашых шырот. Беларускіх арнаментаў на “геаметрычных” шпалерах таксама не знайшлося. На сюжэтных няма беларускіх помнікаў архітэктуры, страў ці кніжных герояў.

Наталля Жукава, начальнік упраўлення збыту і маркетынгу “Гомельшпалераў”, каменціруе гэту сітуацыю так: “Найбольш кветкавых узораў, бо людзі купляюць тое, што, на іх думку, прыгожа. На беларускім рынку — трыццаць фабрык шпалераў з усяго свету, і мы імкнемся, каб наша прадукцыя была канкурэнтназдольнай і прадавалася. Беларускі рынак маленькі, тут мы збываем каля 18 % нашых шпалераў, астатнія рэалізуюцца ў краінах СНД і далёкага замежжа. Таму рабіць нацыянальныя ўзоры эканамічна немэтазгодна”.

Загадчык аддзела продажаў Мінскай шпалеравай фабрыкі Марыя Таўсцякова таксама тлумачыць адсутнасць беларускіх матываў у прадуцыі арыентаванасцю на экспарт: у Беларусі прадаецца толькі 30 % шпалераў, зробленых тут. “Пра беларускія матывы нашы пакупнікі не пытаюцца. А мы адсочваем сітуацыю, размаўляючы з наведвальнікамі гандлёвага дома, што месціцца на тэрыторыі фабрыкі. Сацыялагічных апытанняў не праводзім, але калі гучаць пажаданні, то ўлічваем. Каб да нас звярнуліся пісьмова з прапановай выпускаць шпалеры з нацыянальнымі матывамі, то, канешне, зрэагавалі б”.

У той жа час у абедзвюх фабрык знайшлося некалькі відаў шпалер з японскімі матывамі. Сярод адсылак да іншых краін — “Севілья”, “Лазана”, “Ціроль”, “Ліён”, “Навара”, “Мілан”, “Лівія”… Урэшце, не магу не пацікавіцца ў маіх суразмоўцаў: калі беларусы купляюць шпалеры з італьянскімі, іспанскімі матывамі, адкуль упэўненасць, што беларуская тэматыка не акажацца папулярнай за мяжой? Марыя Таўсцякова на такую рэпліку зазначае: “Мы не змяшчаем на шпалерах японскіх сімвалаў. Звычайна гэта таксама раслінныя матывы. А над прапановай экспартаваць нешта ў беларускай стылістыцы падумаем”.

Дзе шукаюць назвы?

У каталогах кожнаму віду шпалер нададзена назва. Нярэдка найменне не надта пасуе ўзору. Можа, хоць у назвах мільгаюць беларускія словы? Так, але рэдка. Часцей за іншыя сустракаюцца жаночыя імёны, ды амаль усе нейкія экзатычныя. Цікава, што на большасці прадукцыі з такой назвай выяўлены кветкі, але пры гэтым шпалеры “Клэр” складана адрозніць ад “Джэні”, а “Катрын” ад “Эстэр”. Мужчынскія імёны таксама сустракаюцца, пераважна для шпалер у паскі ці фактурных, белага, шэрага ці якога цёмнага колеру: “Марцін”, “Жорж”, “Клод”, “Жак”, “Эцьен”, “Герман”… І раптам — “Ян” (завіткі на ружовым фоне) ды “Пярун” (кветкі). Сярод назваў трапляюцца імёны літаратурных і гістарычных герояў: “Аэліта”, “Спартак”, “Афіна”, “Мальвіна”, “Маўглі”, “Даліла”, “Садко”, “Бісмарк”... А так хочацца, каб знайшлася нагода паклеіць сцены “Францішкам”, “Рагнедай”, “Чазеніяй”. А ў краме сказаць: “Скрутачак “Біруты”, калі ласка!”

У Мінскай шпалеравай фабрыкі і ў “Гомельшпалераў” ёсць узор “Маёнтак” — фактурная пляцёнка. Пад назвай “Нясвіж” у гамяльчан выяўлены сярэднявечныя будынкі, да беларускіх зусім не падобныя: ну, мала адрозніваецца шпалерны “Нясвіж” ад, напрыклад, “Палерма”. У мінчан на ўзоры “Замак” — таксама, па ўсім відаць, не беларускі пейзаж. Праўда, Наталля Жукава распавяла, што на “Гомельшпалерах” акурат распрацоўваюць вінілавую мадэль з узорам “Замкавы”, дзе будуць выявы чатырох беларускіх замкаў.

Файны ўзор “Лянок” у Мінскай шпалеравай фабрыкі — фактура ільняной тканіны, дасяжная ў двух колеравых варыянтах. Узор “Папараць” “Гомельшпалераў” выяўляе лістоту гэтай расліны, але толькі ў бежава-карычневай гаме. На гэтым беларуская спецыфіка ў дадзенай вытворчасці, на жаль, амаль заканчваецца.

Таму дадам некалькі заўваг з пункта погляду даследчыка фальклору. На ўзоры “Вялікдзень” гомельскай фабрыкі — рознакаляровыя пісанкі і крашанкі. Колеры — кіслотныя, роспіс падобны чымсьці да ўкраінскага народнага. Між тым, ёсць беларуская даўняя традыцыя васкавання велікодных яек, калі малюнак наносіцца расплаўленым воскам, а фон запаўняецца цёмным колерам з дапамогай натуральнага фарбавальніка. Такой традыцыі, што захавалася ў Сапоцкіне на Гродзеншчыне, нават нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Калі ёсць попыт на выявы велікодных яек на цыраце (а пад такой назвай прадстаўлена менавіта яна), то чаму не ў беларускай стылістыцы? Наталля Жукава кажа, што гаспадыня сцеліць такую цырату аднойчы на свята і да наступнага года не захоўвае. А задання выявіць на гэтай прадукцыі менавіта беларускія васкаванкі не было: зноў жа, арыентацыя на рынкі СНД…

Шпалеры “Традыцыя” — абстрактная светла-блакітная фактура. На шпалерах “Медуніца” — дзяўчынка на слоіку мёду, а не расліна. Ці шпалеры “Гжэль” з Гомеля. Тое, вядома, экспартабельна, але дзе ж узоры з беларускіх куфраў, маляванак? Выявы твораў Алены Кіш, Паўла Марціновіча, Ядзвігі Вайцешык, не кажучы пра Язэпа Драздовіча?

Варыянты супрацы

Наталля Жукава кажа, што фабрыка з задавальненнем прыме метадычную дапамогу ў выглядзе ўзораў, альбомаў з беларускімі матывамі. Але самі дызайнеры ўзоры шукаць не будуць, трэба, каб хтосьці, зацікаўлены ў распаўсюдзе беларускіх матываў, прыйшоў на фабрыку і прапанаваў. Загадчыца аддзела традыцыйнай народнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Глушэц такому падыходу здзіўляецца: столькі літаратуры, а дызайнеры чакаюць, што нехта да іх прыйдзе. “Каб фабрыка звярнулася да нас, мы параілі б кнігі, накіравалі б да спецыялістаў дамоў рамёстваў”.

Мадэлюем сітуацыю інакш. А калі б знайшоўся прадпрымальнік з уласнымі дызайнерскімі распрацоўкамі і замовіў бы партыю шпалераў на фабрыцы? Наталля Жукава адказвае, што ў такім выпадку на “Гомельшпалерах” трэба замовіць ад адной да пяці тысяч трубак, у залежнасці ад віду шпалераў. І прадпрымальнік мусіць выкупіць усю партыю, сам займацца яе рэалізацыяй. Марыя Таўсцякова дадае, што Мінская шпалеравая фабрыка не мае такой практыкі, але зварот разгледзела б у індывідуальным парадку.

З пытаннем, ці быў бы цікавы такі варыянт супрацоўніцтва, звяртаемся да аднаго з заснавальнікаў мінскай дызайнерскай студыі “NestCreative” Сяргея Баламацюка. “Канешне, маглі б атрымацца файныя шпалеры. Але такая прадукцыя — вельмі вузкаскіраваная. Да таго ж, фабрыкі зацікаўленыя ў вырабе вялікіх партый, а гэта вельмі дорага. Я рабіў распрацоўкі шпалер, асвятляльных прыбораў у беларускай стылістыцы, але гэта індывідуальныя праекты, серыйная вытворчасць не апраўдана”.

Інтэр’ер без арнаментаў

Зрабіць інтэр’ер беларускім можна не толькі змяшчэннем у яго чырвона-чорных геаметрычных узораў. Тая ж дызайнерская студыя стварыла праект аднапакаёўкі пад назвай “El’Belaruso”, дзе ўзоры перадаюцца фактурай паверхняў, белым па белым. Усё з натуральных матэрыялаў, жырандолі індывідуальнага дызайну па матывах саламяных павукоў. На кухні — імітацыя печы. Сцвярджаецца, што ў праекце “ўвасоблены традыцыйныя для старажытнага беларускага стылю прыёмы размяшчэння мэблі”. У інтэр’еры — копіі здымкаў этнографа Міхася Раманюка і карцін беларускіх мастакоў. Праўда, гэта эксперыментальная распрацоўка для маладой пары, цікаўнай да беларускай культуры і гісторыі, так і не была рэалізавана ў поўным аб’ёме, хаця яе можна прыстасаваць для памяшкання любога метражу. Рабіўся праект пад маскоўскі конкурс у 2012 годзе, але некаторыя знаходкі з яго ўвасобіліся ў іншых інтэр’ерах студыі “NestCreative”. Дарэчы, з практыкі яе прадстаўнікоў: беларускімі матывамі цікавяцца найбольш людзі сярэдняга веку, а не моладзь.

“Беларускія матывы для мяне — хобі. У асноўным займаюся звычайнымі інтэр’ерамі, — кажа Сяргей Баламацюк. — Для “El’Belaruso” шукаў звесткі ў Сеціве, шмат пампаваў кніг, нават старых, пачатку ХХ стагоддзя. Стэрэатыпна беларускі інтэр’ер — гэта нейкі набор антыкварыяту. А людзі прагнуць новага. Вось каб перарабіць старыя рэчы на новы лад, то нацыянальныя матывы былі б больш папулярнымі”.

Згадваюцца праекты скандынаўскіх дызайнераў, найперш шведскіх, якія на аснове народных рамёстваў ствараюць ультрасучасныя рэчы. Знакамітая на ўвесь свет “IKEA” таксама выкарыстоўвае традыцыйныя матывы, хаця разгледзець іх, трансфармаваныя, ужо складана. “Этнаінспірацыі” папулярныя ў Польшчы: тут у апошнія гады прайшло некалькі адукацыйных курсаў для маладых дызайнераў.

Праекты кшталту “El’Belaruso” нагадваюць, што не абавязкова цытаваць з’яву, каб звязаць з ёй пэўную прадукцыю. Колеравая гама ўсёй кватэры стрыманая, бела-шэра-бардовая, і адсылае да беларускіх арнаментаваных тканін. Узоры на белых паверхнях нагадваюць хутчэй гуральскую арнаментыку драўляных рэчаў, чым беларускую тканых. Аднак Сяргей Баламацюк адмаўляе гуцульскі ўплыў на сваю творчасць: “Браў беларускія ўзоры драўлянай разьбы, салярныя знакі, ускладняў, разумеючы, што беларуская народная разьба больш сціплая вонкава”.

Стыль ці мода?

Даследчыца Вольга Лабачэўская піша пра “мастацкі канон беларускага традыцыйнага тэкстылю”, які адлюстроўваецца і ў колеравай гаме, і ў рытме арнамента на белым фоне. Калі дызайнер уважліва адгледзіць шмат выяў твораў народнага мастацтва, то вобраз застанецца і паўплывае на яго далейшую творчасць. А па словах выкладчыцы Акадэміі мастацтваў Ірыны Мазюк, менавіта такім чынам працуюць яе студэнты: пазбягаючы цытавання, натхняюцца ўзорамі традыцыйнага мастацтва і ствараюць цалкам сучасныя рэчы, часам — з выкарыстаннем традыцыйных рамесных тэхнік.

Хацелася б верыць, што цяпер адбываюцца пошукі беларускага нацыянальнага стылю ў дызайне, а не задавальняецца хуткаплынная цікаўнасць грамадства да “беларускай экзотыкі”. Андрэй Строцаў, які даследуе “арнаментальны бум” як медыйны трэнд, каменціруе з’яву так: “Практычна ўсе мадэрновыя сацыякультурныя праекты, якія развіваліся на тэрыторыі Беларусі, звярталіся да арнамента як да візуальнага вобраза народа. Урэшце, мода цалкам вырабляе, дэманструе, выкарыстоўвае арнамент інакш, чым гэта можна назіраць ў традыцыйнай культуры. Само па сабе гэта нельга ацаніць адназначна станоўча або адмоўна, аднак вяртання ў традыцыйную культуру не адбываецца: ствараюцца новыя сэнсы для традыцыйных элементаў”.

Арнаментальная мода айчынных вытворцаў шпалераў абмінула. Зусім. Нацыянальная тэматыка як такая амаль не сустракаецца ні на ўзорах шпалераў, ні ў іх назвах. Затое прыватныя вытворцы і крэатыўныя студэнты спрабуюць “быць у трэндзе”: ствараць сучасныя рэчы на аснове традыцыйных узораў, асэнсоўваць новыя-старыя з’явы ў дызайне і медыяпрасторы. Але ці ўдасца паяднаць намаганні, каб надаць імпульс далейшаму пашырэнню тэндэнцыі?

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"