Прапіска фестывалю

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Мінск, Полацк, Паставы: сабор, касцёл ці філармонія?
У гэтыя дні працягваецца ХХ Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі”, што ладзіцца ў полацкім Сафійскім саборы. На мінулым тыдні ў той жа Віцебскай вобласці адбыўся ІІІ музычны фестываль “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”, які складаецца з чатырох канцэртаў у трох касцёлах раёна. У сталіцы ж з 16 да 30 кастрычніка праходзіць ХІІ фестываль духоўнай музыкі “Залатагорская ліра”, які знайшоў прапіску ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха). Яднае гэтыя падзеі не толькі музыка, але і само іх правядзенне не ўласна ў філармоніі, а ў помніках даўніны, дзе намолена само паветра.

/i/content/pi/cult/558/12225/12-1.jpgУ якой зале?

Музычныя імпрэзы — толькі ў спецыяльных канцэртных залах? Зусім не! Не толькі Захад, але і мы даўно і паспяхова засвойваем самыя розныя пляцоўкі, дадаючы да ўласна музыкі яшчэ і адпаведны антураж, створаны навакольнай прасторай — архітэктурнай ці ўвогуле прыроднай, калі гэта фармат open air. Тая ж практыка распаўсюджваецца на тэатр, прывёўшы да кірунку site-specific, дзе наўмысна абіраецца самае простае побытавае атачэнне, спектакль ладзіцца ў тых умовах, дзе адбываюцца яго падзеі.

Музычныя праграмы ў касцёлах — не навамодная тэндэнцыя, а працяг спрадвечных традыцый суіснавання музыкі і царквы. Да ўсяго, гэта яшчэ і магчымасць далучыць да прыхільнікаў акадэмічнай музыкі (і, дададзім, новых беларускіх твораў) тых, хто, можа, усім гэтым асабліва і не цікавіўся. Папулярызацыя музыкі праз рэлігійныя матывы — а чаму б і не?

Праўда, пагаджаюцца з гэтым не ўсе. Памятаю, як адзін з маіх сяброў, не па чутках знаёмы з менеджментам і піяр-тэхналогіямі, завітаў разам са мной на канцэрт беларускай музыкі ў адной з лепшых сталічных залаў і ўбачыў там безліч вольных месцаў. Здзівіўшыся, звярнуўся да кампазітара: маўляў, адзін з вашых твораў вельмі сугучны каталіцкаму святу, і калі б публіка пра тое ведала, слухачоў у зале магло б быць нашмат больш. Дый сам канцэрт можна было б паўтарыць у касцёле. Што тут пачалося! Абурэнню творцы не было мяжы: “За каго вы мяне прымаеце? На мае канцэрты павінны прыходзіць тыя, хто любіць маю музыку, а не проста вернікі!” Мы не сталі спрачацца, а ціхенька адышлі, саступіўшы месца “тым, хто любіць”.

Што ж, у кожнага свае прыярытэты. Але заўважу: каб любіць, трэба спачатку хаця б ведаць. І тыя ж царкоўныя ўстановы спрадвек адыгрывалі яшчэ і асветніцкую ролю, у тым ліку ў музыцы. Невыпадкова на Захадзе, дзе царкоўныя традыцыі не перапыняліся, лепей развіты і побытавыя харавыя спевы, і веданне музычнай граматы, і ўспрыняцце вакальнай ды інструментальнай класікі.

У нас жа канцэртныя залы часам адкрываліся ў адабраных у царквы будынках: старэйшае пакаленне мінчан памятае і Дом мастацтваў у архірэйскім дамку побач з Цэнтральным Домам афіцэраў, і Дом кіно ў Чырвоным касцёле, і Камерную залу Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў касцёле на Залатой горцы.

Крыху пра досвед і пра лічбы

Апошнія гады канцэртна-гастрольны аддзел сталічнай філармоніі і асобныя творчыя калектывы, той жа Дзяржаўны камерны хор Беларусі, удала асвойваюць выязныя выступленні. Прычым такія канцэрты бываюць не толькі ў сталіцы, але і, да прыкладу, у касцёле Святога Антонія ў Паставах, касцёле Адведзін Найсвяцейшай панны Марыі ў Ракаве. Не варта і казаць, што падобныя канцэрты могуць (і ў ідэале павінны!) спрыяць і прыцягненню турыстаў. Такі досвед маюць і ў Полацку.

— Так, мы робім рассылку па турыстычных фірмах, — распавяла Алена Мартынава, загадчык канцэртнага аддзела Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, — але фестывалем “Званы Сафіі” пакуль больш цікавяцца расіяне. У прыватнасці, у Смаленску, Пскове ладзяць туры, куды ўваходзіць не толькі экскурсія ў Сафійскі сабор, але і наведванне аднаго з фестывальных канцэртаў. Дый нашы беларускія санаторыі, дзе традыцыйна адпачывае шмат расіян, часцяком арганізуюць турыстычныя аўтобусы. Сёлета, праўда, куды большую цікавасць выявілі мінчане: тэлефануюць, браніруць білеты, прыязджаюць сем’ямі — у індывідуальным парадку, без турыстычных пасярэднікаў. Улічваючы ўсё гэта, фестывальныя канцэрты імкнемся ставіць на выхадныя, каб людзі паспелі даехаць, усё паглядзець, паслухаць канцэрт і вярнуцца дадому. Фінансавую дапамогу аказвае Віцебскі аблвыканкам, укладаем і заробленае самім музеем. Бо цэны на білеты намагаемся ставіць рэальныя. Пэўна, можна было б узняць суму і да 200 тысяч, але, зразумела, тады частку наведвальнікаў (і найперш тых, для каго такія канцэрты жыццёва неабходныя) мы страцім.

Увогуле, працуем з рознымі катэгорыямі насельніцтва, клапоцімся не толькі пра турыстаў. Для пастаянных слухачоў ужо шмат гадоў практыкуюцца абанементы. Калі адзін канцэрт, як сёлета, каштуе 120 тысяч рублёў, дык увесь фестывальны абанемент (а гэта восем канцэртаў з 18 кастрычніка да 22 лістапада) — 480. Як бачыце, уладальнікам абанементаў кожны вечар абыходзіцца ўдвая танней, у 60 тысяч. Заўважу, што колькасць абанементаў мы не абмяжоўваем: яны прадаюцца акурат да пачатку першага канцэрта. Для ветэранаў, студэнтаў, навучэнцаў дзейнічаюць зніжкі.

Хтосьці наракае: маўляў, вы ж грошы страчваеце! Бо асаблівых праблем з напаўняльнасцю залы ў нас не бывае, усе канцэрты звычайна аншлагавыя. Але мы ідзем насустрач спажыўцам, бо не ўсё ў жыцці вымяраецца грашыма, ёсць каштоўнасці куды больш важныя. І дзе як не ў Сафійскім саборы (хаця ён і не працуе як дзеючая царква, а толькі як музей) пра гэта трэба памятаць.

Без арэнднай платы і ганарараў

Уваход на музычныя вечарыны ХІІ сталічнага фестывалю “Залатагорская ліра” — вольны. Хаця, вядома, суправаджаецца аб’явамі: “Добраахвотныя ахвяраванні ў падтрымку канцэртаў на Залатой горцы можна скласці на выхадзе з касцёла”. Не трэба быць празорцам, каб зразумець, што гэта будуць зусім не астранамічныя сумы. Як жа фестываль існуе ў такіх умовах? Тым больш з 2000 года.

— Усё вельмі проста, — усміхаецца мастацкі кіраўнік “Залатагорскай ліры”, кампазітар, радыёжурналіст, гукарэжысёр, арганіст касцёла Найсвяцейшай Тройцы Віктар Кісцень. — Арэнднай платы, якая звычайна складае самыя значныя расходы, няма, бо ў нашым выпадку галоўным арганізатарам выступае касцёл. Музыканты звычайна выступаюць без грашовых ганарараў. Сёлета сярод іх быў нават французскі арганіст, лаўрэат міжнародных конкурсаў П’ер Зеворт, які ад нас паехаў ужо з некалькімі платнымі канцэртамі па Беларусі. Вядома, мы імкнуліся зрабіць яго знаходжанне ў Мінску як мага больш камфортным, улучылі яму максімум увагі, паказалі горад. Грошы спатрэбіліся і на буклеты, у якія мы сёлета ўнеслі не толькі расклад канцэртаў з праграмамі, але і звесткі пра ўдзельнікаў разам з іх фота.

Ідэя бясплатных канцэртаў у касцёлах не новая. На Захадзе асабіста я сустракалася з такой практыкай, калі арганісты выступаюць штодзень у адзін і той жа азначаны час, прыцягваючы яшчэ і шматлікіх турыстаў. Адметнасць “Залатагорскай ліры” палягае ў іншым. На ёй традыцыйна гучыць шмат беларускай музыкі, у тым ліку найноўшай. Сёлета, да прыкладу, увесь канцэрт адкрыцця складаўся з прэм’ер. А гэта яшчэ і папулярызацыя нацыянальнага мастацтва, знаёмства з новымі кампазітарскімі і выканальніцкімі імёнамі. А тое, што сучасная айчынная музыка выконваецца ў шырокім кантэксце еўрапейскіх шэдэўраў, дапамагае лепш убачыць, як яна выглядае ў агульнай сусветнай палітры, у чым яе адметныя фарбы.

— Абіраем тыя творы, — працягвае Віктар Кісцень, — якія не пярэчылі б каталіцкай ідэі. Шукаем у касцёльным раскладзе час. Хаця здараюцца і непрадбачныя абставіны: харавы канцэрт у мінулую нядзелю давялося адмяніць. Інфармацыю змяшчаем найперш на каталіцкіх сайтах. Але неаднаразова сутыкаліся з тымі “абуранымі”, хто нідзе не мог знайсці білеты. І вельмі здзіўляўся, даведаўшыся пра вольны ўваход. Мы нават баімся надта шырока афішыраваць канцэрты фестывалю, каб не было такога наплыву публікі, які мы не зможам размясціць. Бо касцёл невялікі, даводзіцца, акрамя лавак, прыстаўныя крэслы скарыстоўваць. Імкнёмся, каб праграмы былі разнастайнымі, каб гучала не толькі арганная музыка, але і харавая, вакальная, каб былі камерна-інструментальныя склады. Тады кожны можа знайсці штосьці сабе па душы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"