Століншчына, Ашмяншчына, Гораччына...

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г


/i/content/pi/cult/558/12223/11-1.jpgСтоліншчына / Журавінавы настрой…

Ён панаваў у мінулую нядзелю ў Альманах, дзе ладзілася свята, прысвечанае цудадзейнай журавіне, якая служыць адной з крыніц дабрабыту мясцовых людзей.

Сёлетняе Раённае свята журавін трэцяе па ліку. У ім удзельнічалі Стружскі, Рэчыцкі і Гараднянскі сельскія саветы. Сярод гасцей — жыхары Альман і навакольных вёсак, Століна, а таксама Лунінецкага раёна. Былі ўшанаваны лепшыя збіральнікі ягад па сельсаветах.

Усё адбывалася на тэрыторыі новага будынка Дома культуры. Журавіны — у мяхах ля сцэны, на купінах уздоўж дарожкі, у дэкарацыях. А на сталах ягаду можна знайсці нават у грыбных стравах!..

Выступілі народны ансамбль песні і музыкі “Сустрэча” Кажан-Гарадоцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Лунінеччыны, народны драматычны тэатр “Пагарынне”, творчы клуб “Альтанка”, узорнае аб’яднанне фальклору “Згадка” ды клуб аматараў гумару ды песні “Моства” Мачульскага сельскага Дома фальклору, народны клуб аматараў песні “Ярок”, народнае аматарскае аб’яднанне “Прамень” Давыд-Гарадоцкага ГДК, эстрадныя выканаўцы Ніжнецерабяжоўскага, Стружскага, Белавушскага дамоў культуры.

У паўзах паміж музычнымі нумарамі гледачоў забаўлялі гумарыстычнымі інтэрмедыямі, конкурсамі і гульнямі. Рэжысёр мерапрыемства — спецыяліст Раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Ніна Лісавец, ураджэнка Альман.

Свае выстаўкі прэзентавалі заказнікі рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты”, раённы фізкультурна-спартыўны клуб. З фотавыстаўкай “Жыццё на балоце” і шэрагам падборак з гісторыі Альман знаёміла мясцовая сельская бібліятэка. Лекавыя травы прапаноўвала амбулаторыя. Выстаўкі кулінарных шэдэўраў з журавінамі падрыхтавалі работнікі ясляў-сада, школы, амбулаторыі.

Побач — дэманстрацыя “амуніцыі” збіральнікаў журавін: мяхі і фартухі, абутак, скрынка для транспартавання і нават “узор” абеду — кавалак сала, хлеб, цыбуліна…

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

 

Ашмяншчына / Па-за межамі стандартаў

У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча адбылося святочнае мерапрыемства “Музей збірае сяброў”, прысвечанае 60-годдзю першай экспазіцыі.

Гартаючы віртуальныя старонкі гісторыі музея, удзельнікі мерапрыемства перажывалі радасць адкрыцця чатырох экспазіцый, горыч шматлікіх пераездаў, і ўрэшце — упэўненасць у заўтрашнім дні ўстановы.

Адкрыццё музея стала доўгачаканай падзеяй для жыхароў горада: у нядзелю 16 кастрычніка далёкага 1955 года ўстанову наведала каля дзвюх тысяч чалавек. Паступова дадаваліся новыя аддзелы, абнаўляліся формы працы, набываліся музейныя прадметы. Сёння галоўны здабытак Ашмянскага краязнаўчага музея, які носіць імя славутага паэта-дэмакрата, уяўляюць мемарыяльныя рэчы з сядзібы Францішка Багушэвіча. Каштоўныя прадметы былі перададзены ў 1957 годзе жыхарамі вёскі Кушляны.

За савецкім часам музей у Ашмянах, як і ўсе падобныя ўстановы, арганізоўваў піянерскія зборы, камсамольскія сходы, урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. У 2000 годзе пачаўся перыяд “чакання”: была закрыта чарговая экспазіцыя, установа неаднаразова мяняла месца размяшчэння. Праз дзевяць гадоў Ашмянскі краязнаўчы музей пераехаў у цэнтр горада ў спецыяльна адрэстаўраваны будынак сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

На юбілейным мерапрыемстве шмат гаварылася пра сучасную экспазіцыю, пабудаваную сумесна з прыватным унітарным прадпрыемствам “Неф-праект”. Для экспазіцыі характэрны адмова ад стандартнага абсталявання, адыход ад уласцівага для краязнаўчых музеяў тэматыка-храналагічнага прынцыпу. Творчыя ідэі і выкарыстанне сучасных тэхналогій дазволілі Ашмянскаму краязнаўчаму музею на ІІ Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” стаць пераможцам у намінацыі “Лепшае мастацкае праектаванне экспазіцыі”.

Госці мерапрыемства адзначалі і высокі ўзровень працы цяперашняга калектыву музея, разнастайнасць яго праектаў, супрацоўніцтва з установамі адукацыі, мытнямі, народнымі майстрамі. Свята стала своеасаблівым падвядзеннем вынікаў працы шматлікіх пакаленняў супрацоўнікаў.

Настасся НАВІЦКАЯ, дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча

Фота Святланы Муцянскай прадастаўлена музеем


Гораччына / Прэзентацыя ПЦПІ

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў III Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”.

У ходзе пасяджэння “круглага стала” “Дзейнасць публічных цэнтраў прававой інфармацыі” дырэктары і вядучыя спецыялісты бібліятэк, навукова-даследчых устаноў і арганізацый, прадстаўнікі заканадаўчай сферы і выканаўчай улады абмеркавалі аспекты функцыянавання бібліятэк ва ўмовах інфарматызацыі грамадства, раскрылі праблемы нарматыўна-прававога забеспячэння бібліятэчнай дзейнасці. Вопытам работы па пытаннях інфармацыйна-прававой адукаванасці, дзейнасці ПЦПІ адкрытага доступу да прававой інфармацыі дзяліліся спецыялісты Полацкай цэнтральнай бібліятэкі, Барысаўскай цэнтральнай раеннай бібліятэкі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Мінскай, Гродзенскай абласных бібліятэк… Пра свой вопыт у дадзенай працы распавялі і спецыялісты Цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага.

Юрыдычная падрыхтоўка, прынамсі, веданне элементарных юрыдычных нормаў, неабходна не толькі прафесіяналам, але і кожнаму з нас. Чалавек, звярнуўшыся ў бібліятэку, можа карыстацца тэматычнымі подборкамі прававых дакументаў, якія сфарміраваны і ўстаноўлены на камп’ютары ў кожным філіяле. Рэгулярна абнаўляецца блок “Прававыя рэсурсы” на сайце бібліятэкі (lib-gorki.mogilev.by), дзе проста азнаеміцца з “Экспрэс-бюлетэнем”, фінансавай інфармацыяй, а таксама карыстацца калекцыяй карысных прававых спасылак, якія дапамогуць наведвальніку нашага рэсурсу самастойна перайсці на той сайт, які змяшчае прававую інфармацыю.

Прававая дапамога, якая аказваецца насельніцтву ў рамках Цэнтра, мае сваю спецыфіку. Яна палягае ў тым, што работа з карыстальнікамі ў ПЦПІ — гэта, па сутнасці, сумесная праца бібліятэкара і наведвальніка над тэкстамі нарматыўна-прававых дакументаў. Карыстальнікі вучацца разуменню мовы права, засвойваюць пэўныя тэматычныя веды і набываюць навыкі прымянення на практыцы тых ці іншых палажэнняў заканадаўства для абароны сваіх інтарэсаў.

Вольга САДЫКАВА, бібліятэкар Цэнтра прававой інфармацыі Цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага