Жыццё па-за МКАД?

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Густы ва ўсіх розныя. Але ёсць дзіўнаватая заканамернасць: як толькі прыязджае нейкая, скажам, маскоўская антрэпрыза, залы — аншлагавыя, прычым незалежна ад мастацкага ўзроўню пастаноўкі. Калі ж сталіцу наведвае наш абласны тэатр, з распаўсюджваннем білетаў — праблемы. Так было ў час і леташняй Нацыянальнай прэміі, і сёлетняга “ТэАРТу”, куды абіраліся лепшыя з лепшых спектакляў. На наступным тыдні сталіцу чакаюць чатырохдзённыя гастролі Гродзенскага тэатра лялек. Няўжо сітуацыя паўторыцца?

/i/content/pi/cult/558/12217/122-1.jpgПагардлівае стаўленне да перыферыі — адна з прыкмет так званага местачковага мыслення. І ўласціва яно, на вялікі жаль, многім, пагражаючы ператварыцца ў адзін з распаўсюджаных тыпаў. Талент не залежыць ад геаграфіі. Але апошняя, тым не менш, уплывае на ягонае развіццё, рэалізацыю творчых памкненняў. А самае галоўнае — на магчымасці папулярызацыі. Вось і атрымліваецца: як штосьці адметнае з’явіцца ў сталіцы, пра гэта адразу даведаецца ўся рэспубліка. А калі па-за межамі МКАД, дык можа і не патрапіць у поле зроку такой шырокай грамадскасці, застаўшыся “ціхім сямейным святам”.

Апошнім часам гастролі тых жа тэатраў з абласцей у сталіцы не толькі аднавіліся, але і сталі часцейшымі (шмат у чым дзякуючы Нацыянальнай прэміі, якая актывізавала і абменныя паездкі, і памкненні “паказацца ў Мінску”). Ды толькі сам прыезд яшчэ не гарантуе фанфараў: для пачатку трэба, каб публіка прывезены спектакль хаця б паглядзела. Няблага ўзгадаць і тое, што фестывальны рух на Беларусі ў галіне тэатральнага мастацтва ўвогуле пачынаўся зусім не са сталіцы!

А між тым, культурнае жыццё абласных і раённых гарадоў не абмяжоўваецца адно тэатрамі. У кожным з іх ёсць свой мастацкі асяродак і тая ўстанова, якая становіцца цэнтрам далейшага культурнага развіцця ўсяго рэгіёна. Дзесьці гэта музей, дзесьці — бібліятэка, Палац культуры, Цэнтр народных рамёстваў. Цікава і тое, што ўсё больш ярка заяўляюць пра сябе музычныя каледжы, каледжы мастацтваў, становячыся не толькі адукацыйнымі, але і канцэртнымі ўстановамі. Так, на базе Маладзечанскага каледжа мастацтваў створаны народны оперны тэатр, дзе штогод робяцца прэм’еры, а пра Міхаіла Клеафаса Агінскага, чыё імя носіць каледж, да 250-годдзя была замоўлена і пастаўлена новая опера Алега Залётнева. Калектывы і навучэнцы Лідскага музычнага каледжа штогод перамагаюць на прэстыжных еўрапейскіх фестывалях і конкурсах. А выпускнікі музыказнаўчага аддзялення, маючы падрыхтоўку і выхаванне на лепшых прыкладах нацыянальнай культуры, апярэджваюць сваіх канкурэнтаў пры паступленні ў Акадэмію музыкі, дзе ідуць менавіта на беларусістыку. Прыклады можна доўжыць!

Ёсць і пэўная гістарычная заканамернасць. Калісьці жыццё віравала там, дзе знаходзіліся маёнткі магнатаў — тых жа Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх. Чыгунка, а разам з ёй будаўніцтва буйных прадпрыемстваў перайначылі культурную мапу: сталі развівацца (і, адпаведна, “абрастаць” месцамі “культуры і адпачынку”) іншыя гарады. Сёння ў свеце зусім іншая тэндэнцыя, асабліва відавочная ў Еўропе: культурнае жыццё ўсё больш вяртаецца да першай мадэлі. Закінутыя шахты, заводскія карпусы нечакана становяцца адметнымі канцэртна-тэатральнымі пляцоўкамі. Актыўна развіваюцца тыя населеныя пункты, якія маюць свае фестывалі ды іншыя аб’екты культуры, прыцягальныя для турыстаў. Пры гэтым разлік на выхаваную мастацтвам моладзь, якая не “разбурае да заснавання”, а ўсё астатняе пакідае на “потым” — наадварот, вяртае “старым” гарадам маладую энергію. Дый у нас — заўважце: там, дзе ёсць тыя ж каледжы ды іншыя навучальныя ўстановы культурнага профілю, пануе зусім іншая атмасфера, само паветра бывае прасякнута малекуламі прыгажосці і дабрыні. Так што сапраўдная перыферыя — там, дзе гэтага не разумеюць...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"