Што тэатр дае мастаку?

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Пра менеджмент культуры і “Плынь абставін”
У Мазырскай гарадской выставачнай зале адбылася традыцыйная выстаўка “Фарбы Палесся”. Гэтым разам экспанавалася каля 70 работ — пераважна жывапіс і фатаграфіі. Сярод маіх уласных адкрыццяў — жывапісец, галоўны мастак Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа Андрэй Дзюбак.

/i/content/pi/cult/558/12210/7-1.jpgУ майго візаві ёсць рэалістычныя пейзажы і нацюрморты, але стае і іншых твораў. Сам мастак кажа: “Ува мне глыбока і надоўга засеў рэаліст…” Але прафесія — спачатку дэкаратара, а потым і галоўнага мастака тэатра — наклала адбітак на ягоны жывапіс.

— Апошнія работы сталі дэкаратыўнымі, я сказаў бы нават, тэатральнымі, а героі — стылізаванымі. Бывае, калегі не вераць адразу, што тыя ці іншыя работы пісаў я, бо надта яны розныя, — прызнаецца Дзюбак.

Мастак надае вялікую ўвагу адценням, адмовіўшыся ад яркіх колераў і перайшоўшы да манахромнага, пастэльнага пісьма. Раней жа ён скіроўваўся на пейзажы, нацюрморты ў рэалістычнай манеры. На выстаўцы “Фарбы Палесся” былі прадстаўлены і карціны, так бы мовіць, “тэатральнага” перыяду — “Гульня фантазіі”, “Плынь абставін”, “Трыа”. Апошнія два творы, спакойныя паводле колеравай гамы, вылучаюцца фактурнасцю і гратэскавай формай вобразаў.

— Гэтыя карціны можна ўспрымаць як дэкарацыі да спектакляў. Тут ёсць і персанажы, і рэквізіт. Паводле іх можна, нават, ствараць цэлую гісторыю! Як мне падаецца, тэатр жывапісу якраз і дае сюжэт, — разважае Андрэй Дзюбак. — Мастак, як і рэжысёр, пісьменнік, павінен быць назіральным, умець аналізаваць, пераасэнсоўваць убачанае, скарыстоўваць яго ў сваёй вобразнай сістэме. А тэатр тым больш складаны арганізм з пункта погляду мастака. Трэба ўлічваць ігру акцёраў, асаблівасці сцэнаграфіі. Бывае, узнікае некалькі карцінак, а трэба сабраць іх у адзіную гарманічную выяву.

Андрэй Дзюбак трапіў у Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа выпадкова 16 гадоў таму. Тады ён пісаў карціны дома, а потым даведаўся, што ўстанове патрэбен дэкаратар. Да ўсяго, прадастаўлялася і майстэрня.

Першы спектакль, які Андрэй Дзюбак зрабіў цалкам — “Чатыры крыжы на сонцы” паводле п’есы Анатоля Дзелендзіка. А ў лістападзе тэатр прадставіць ужо трыццаты спектакль, у якім творца ўдзельнічаў як мастак-пастаноўшчык.

Для тэатральнага мастака сустрэча з гледачом можа адбывацца штовечар. У адрозненне ад мастака пазатэатральнага, якому, каб паказаць свае творы на выстаўцы, трэба чакаць год, а то і не адзін. (Дарэчы, шкада, што выстаўку ў Мазыры наведвалі без асаблівай актыўнасці, хаця кошт білетаў даволі дэмакратычны: школьны — 6, дарослы — 10 тысяч беларускіх рублёў. Амаль упэўнена: так адбываецца ці не ва ўсіх раённых цэнтрах. Урэшце, усё зразумела: школьнікам больш цікава паглядзець экспазіцыю, скажам, дыназаўраў, ну а мазырскіх студэнтаў, бадай, нічым і не здзівіць.)

— На маю думку, — зазначае Андрэй Дзюбак, — у нас не хапае менеджменту ў сферы культуры. Не тэорыі, а практыкі. Прызнацца, мне падабаецца заходняя сістэма: рэйтынг мастака залежыць ад колькасці прададзеных работ, бо ёсць зацікаўленасць, стымул працаваць. Так, трэба пісаць тое, што падабаецца, але ці будзе яно запатрабаваным… Хацелася б. Што да арганізацыі выставак, то гэтай справай павінен займацца прафесіянал, але ніяк не мастак.

Апошнім часам спадар Андрэй займеў цікавы досвед вернісажаў “Славянскага базара ў Віцебску”.

— Раней так куплялі, у асноўным, расіяне, а сёлета цікавасць праяўлялі, да прыкладу, кітайцы. Замежнікі, дарэчы, набываюць карціны па іншай сістэме, чым спажывец постсавецкі. Іх падыход, як падаецца, безэмацыйны, няма такога: убачыў — спадабалася — набыў. Адзін з кітайцаў спачатку сфатаграфаў работы, а на наступны дзень ужо купіў нешта з іх. А ў Берліне, ведаю, наогул не гандлююцца: колькі напісана на цэнніку — столькі і заплацяць.

Андрэй Дзюбак удзельнічае ў рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных выставачных праектах, а ягоныя работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Даніі, Расіі, Украіны, Эстоніі…

— З часам пераконваюся: маюць рацыю беларусы, што добра выкладаюць на розных узроўнях сістэмы мастацкай адукацыі акадэмічны жывапіс. Немагчыма з “пустога” штосьці зрабіць, павінна быць аснова. На Захадзе мастакі сталі шукаць новае, але яго, лічу, амаль цалкам вычарпалі ў ХХ стагоддзі. Вы пытаецеся, што будзе з жывапісам гадоў праз дзесяць?.. Зараз наперадзе камп’ютарныя тэхналогіі. Канешне, застануцца карціны, але стануць яны іншымі па сваім напаўненні… Праўда, мяркую, і класічны жывапіс не знікне.

Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ