Вось што расказала нашаму карэспандэнту ў Маскве Святлана Сусалка, кіраўніца беларускай дэлегацыі, загадчыца Цэнтра па працы з таленавітай моладдзю, які існуе ў Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры.
— У гэтым цікавым і перспектыўным праекце з расійскага боку ўдзельнічаюць дзеці і моладзь прэстыжнай музычнай навучальнай установы Расіі — Цэнтральнай музычнай школы Масквы, якая існуе пры Маскоўскай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. Цікава, што цяпер у гэтай школе навучаецца шэраг таленавітых беларускіх дзяцей. Яны далучацца да нас у працэсе рэпетыцый.
З беларускага боку ў праекце бяруць удзел лепшыя навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі. Цікава, што з 25-ці юных музыкантаў больш за палову — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод іх — скрыпачы Улада Беражная, Сяргей Белазерцаў, Настасся Карызна, Вольга Машанская,
Наталля Сухадолава і іншыя. Яшчэ адзін удзельнік майстар-класаў — віяланчэліст Іван Карызна прыязджае ў Маскву з Санкт-Пецярбурга, дзе 23 сакавіка ўдзельнічаў у выступленні знакамітага аркестра пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова. Усё гэта з’яўляецца сведчаннем таго, што беларуская струнная школа — надзвычай моцная.
Вынікам майстар-класаў будуць тры справаздачныя канцэрты Маладзёжнага сімфанічнага аркестра, дырыжорам якога выступіць Аляксандр Якупаў, дырэктар Цэнтральнай музычнай школы Масквы. Ён, доктар мастацтвазнаўства і прафесар, акрамя таго, з’яўляецца мастацкім кіраўніком Опернага тэатра Маскоўскай кансерваторыі.
Справаздачныя канцэрты пройдуць у Доме касманаўтаў у “Зорным гарадку”, у канцэртнай зале Цэнтральнай музычнай школы Масквы і ў Малым тэатры Расіі пад час урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. У праграме канцэртаў прагучаць творы рускіх кампазітараў (М.Глінкі і П.Чайкоўскага), беларускіх (Я.Глебава і Л.Абеліёвіча), замежных (Дж.Гершвіна). А пад час апошняга канцэрта сіламі Маладзёжнага сімфанічнага аркестра будуць таксама выкананы гімны Расіі і Беларусі.
Нашых юных музыкантаў чакае і культурная праграма — наведанне Музея касманаўтыкі ў “Зорным гарадку”, знаёмства з Дзяржаўным цэнтральным музеем, а таксама экскурсія ў музей класіка рускай музыкі М.Глінкі.
Майстар-класы скончацца 3 красавіка. Застаецца дадаць, што праект ажыццяўляецца пры фінансаванні Саюзнай дзяржавы.
Больш падрабязную справаздачу пра творчую вандроўку ў Маскву юных музыкантаў з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў газеты “Культура”.
Наш кар.