1+1=11: формула сінергіі турызму

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Прызначэнне Рыгора ПАМЯРАНЦАВА выконваючым абавязкі дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь стала не проста чарговай кадравай перастаноўкай. Ці не ўпершыню ў галіне крэсла дзяржаўнага службоўцы заняў паспяховы топ-менеджар з ладным “паслужным спісам” дасягненняў у замежнай туріндустрыі, які дзеля новай пасады вярнуўся з “засвоенай” Рыгі ў свой родны некалі Мінск. Пра гэты піруэт у ягоным жыцці, пра намеры і праекты, пра спрыяльныя ўзаемастасункі культуры і турызму мы гутарылі на чарговай рэдакцыйнай планёрцы — гэтым разам у кабінеце Памяранцава.

/i/content/pi/cult/558/12206/8-1.jpg— Што ж прымусіла вас вярнуцца на радзіму?

— Ведаеце, ёсць песня Барыса Грабеншчыкова, дзе ён абяцае ніколі не вяртацца, але з кожным рэфрэнам ягоны голас гучыць усё больш і больш няўпэўнена… А калі сур’ёзна, запрашэнне, атрыманае ад кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, стала для мяне зусім нечаканым. Тым больш, на развагі было адведзена роўна 48 гадзін… Але так сталася, што нашы інтарэсы супалі. Больш за пятнаццаць гадоў я працаваў за мяжой, аднак праз увесь гэты час маім домам заставаўся Мінск, і на выхадныя я імчаў туды. Таму вырашыў скарыстацца магчымасцю спалучыць сям’ю і кар’еру. Балазе прапанаваны мне напрамак дзейнасці падаўся цікавым ды перспектыўным. Я паспеў назапасіць пэўны багаж ведаў ды досведу, і на новай працы спадзяюся яго выкарыстаць.

— А ці не крыўдна было мяняць ужо ладна раскручаную Рыгу на горад, які ў туріндустрыі па-ранейшаму застаецца “цёмным конікам”?

— Як казаў Шарль Дэ Голь, “не бойцеся цяжкіх шляхоў, вы дакладна не сустрэнеце там канкурэнцыі”. На Беларусі зусім іншы “драйв” і магчымасці для самарэалізацыі, чым у тых мясцінах, дзе туріндустрыя ўжо зладжана функцыянуе. Зрэшты, і ў Рызе надта сумаваць не даводзілася — хаця б з прычыны канкурэнцыі, якая асабліва актывізавалася апошнім часам паміж трыма сталіцамі краін Балтыі.

— Сучасныя піяр-тэхналогіі ў галіне турызму ў нас па-ранейшаму выклікаюць пэўны скепсіс. Параўнальна нядаўна вам давялося стаяць ля вытокаў маштабнай інфармацыйнай кампаніі “Live Riga”. Навошта яна спатрэбілася для горада, які ўжо не першае стагоддзе мае сваё “рэнамэ”?

— І сапраўды, ва ўсім колішнім СССР Рыга ўспрымалася самым заходнім і “капіталістычным” горадам. Гэта быў “наш Парыж”, Лондан і... што там яшчэ здымалі кіношнікі? Натуральна, для савецкага чалавека такая аўра аказалася надзвычай прывабнай, і таму заможныя масквічы лёталі ў Рыгу нават на адзін дзень — пахадзіць па “еўрапейскіх” вулачках, папіць кавы з бальзамам... Ды што там масквічы! Неяк давялося пабываць у Бухары, і калі ў рэстаране я адказаў на пытанне, адкуль прыбыў, адразу пасыпаліся асацыяцыі: “Тры браты”, бурштын, шпроты, той самы бальзам... Адпаведна, сіла брэнда сягала нават на многія тысячы кіламетраў!. Але, як выявілася, мае ўзбекскія суразмоўцы апошнім разам былі ў Рызе яшчэ напрыканцы 1980-х — што ўвогуле характэрна. Пасля распаду СССР плынь турыстаў з усходу рэзка зменшылася: яны атрымалі магчымасць патрапіць у заходнія краіны, ды і атрымаць латвійскую візу было няпроста. Брэнд “савецкай Еўропы” ўжо больш сябе не спраўджваў. Адпаведна, сама сабой узнікла неабходнасць выходзіць на іншыя рынкі.

У той пераломны для Латвіі час я займаў пасаду віцэ-прэзідэнта нацыянальнай авіякампаніі “Air Baltic”, і ў мае абавязкі ўваходзіла арганізацыя “пад ключ” новых маршрутаў. Мы зрабілі стаўку на еўрапейскія сталіцы і буйныя гарады: спярша Скандынавія, потым Германія... Але рэкламны заклік лётаць нашымі самалётамі заўсёды выклікаў сустрэчнае пытанне: а куды лётаць? У Рыгу? А дзе гэта, каля Урала? Вось такая атрымалася сітуацыя: ва Узбекістане ведаюць, а ў Берліне — не. І прадаваць авіякампанію для нас азначала прадаваць сам горад як цікавы турыстычны напрамак.

— Пагадзіцеся, падобная сітуацыя вельмі блізкая і для Мінска...

— Так. І гэта дазволіла нам зрабіць вельмі важную выснову: кардынальныя зрухі ў турызме магчымы толькі дзякуючы супольным высілкам усіх зацікаўленых суб’ектаў рынку. Галоўным ініцыятарам згаданай вамі кампаніі “Live Riga” выступіў нацыянальны авіяперавозчык. Дзякуючы ёй, цяпер горад ужо не мае праблемы з пазнавальнасцю ў свеце, а плынь заходніх турыстаў за апошні час істотна ўзрасла.

— У дачыненні да нашай краіны пытанне “А дзе гэта?” часам па-ранейшаму гучыць.

— Выснова тут зразумелая: неабходна больш актыўна прасоўваць Беларусь на знешніх рынках. Не толькі праз удзел у міжнародных выстаўках, але і праз арганізацыю азнаямленчых тураў, ладзіць якія трэба рэгулярна, ледзь не раз на тыдзень. За мяжой павінен стварацца пастаянны “інфармацыйны шум”.

— Даруйце, але за чые сродкі?

— Глядзіце: гатэлі ў Мінску не запоўнены, самалёты таксама зазвычай уздымаюцца ў паветра з пэўнай колькасцю пустых крэслаў. І калі састарэлы тавар — напрыклад, учорашні нумар газеты — можна яшчэ хоць неяк прадаць (ды хоць бы здаць у макулатуру), дык пустыя месцы азначаюць незваротна страчаныя магчымасці. Няўжо гатэльеры і перавозчыкі нешта згубяць, калі тыя месцы запоўняць замежныя тураператары альбо журналісты? Ды ніякім чынам! Тут гутарка можа ісці хіба пра смешныя выдаткі — скажам, на мыццё бялізны і зборы аэрапортаў. Але ж знойдзем спосаб іх кампенсаваць.

— А ці ёсць такое разуменне ў саміх суб’ектаў бізнесу? Ці гатовы яны ісці насустрач?

— Пакуль адэкватнага адказу на свае прапановы мы не атрымалі: максімум, нам абяцаюць невялікія зніжкі. Але я перакананы, што ўрэшце мы знойдзем тых партнёраў, якія разумеюць сэнс сінергіі — сумесных высілкаў у агульным кірунку.

— Але ж у любым бізнесе дзейнічае закон канкурэнцыі, і кожны рупіцца пра ўласную выгаду...

— Прывяду прыклад. Не так даўно некалькі аграсядзіб Валожыншчыны аб’ядналіся ў свайго кшталту кластар — яны літаральна перадаюць кліентаў з рук у рукі, прапаноўваючы не толькі ўласныя паслугі, але і суседавы. Сёння турыст катаецца на конях, заўтра знаёміцца са светам пчол, паслязаўтра — танчыць пад дуду... Яму цікава, ён задаволены, у яго больш матывацый затрымацца ў гэтым рэгіёне, ды і сам ягоны імідж становіцца больш прывабным. Трэба разумець, што дзякуючы сінергіі, аб’яднанню высілкаў, адзін плюс адзін будзе не два, а... скажам, адзінаццаць. Вядома, згаданыя аграсядзібы застаюцца паміж сабой канкурэнтамі, але, у той самы час, гэта не перашкаджае іх супрацоўніцтву.

/i/content/pi/cult/558/12206/8-2.jpg— Адзін з патэнцыйных турыстычных брэндаў Беларусі — гэта нематэрыяльная культурная спадчына, якая захавалася ў сваіх аўтэнтычных праявах куды лепш, чым у многіх іншых краінах Еўропы. Але тут адразу ўзнікае пытанне: як выкарыстоўваць у турызме тыя ж народныя абрады, не пераўтвараючы іх пры гэтым у пастановачныя шоу?

 — Прывяду прыклад, як падобная праблема была вырашана ў Рызе. Як і нашы “Калядныя Цары”, латышскія дайны таксама ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, чым жыхары краіны вельмі ганарацца. Раз на пяць гадоў у рыжскім “Межа-парку” ладзіцца фестываль, дзе збіраецца самы вялікі ў свеце хор. Месца там, здавалася б, вельмі шмат, але білетаў туды ўсё адно не купіць — на што пастаянна скардзіліся турысты. І вось, каб пазіцыянаваць горад праз гэты фестываль і не расчароўваць гасцей, Рыга ў рамках свята пачала ладзіць міні-фэсты на ўсіх цэнтральных плошчах. Адпаведна, ты можаш адчуць смак песенных традыцый проста падчас шпацыру. Для многіх турыстаў гэта нават і больш цікава.

Адпаведна, адно з магчымых рашэнняў праблемы — гэта мультыпліфікаваць падзею, распаўсюдзіць яе па прасторы, стварыўшы вакол цэнтральнай пляцоўкі мноства іншых, на розны густ. Скажам, адна з іх можа быць прызначана адмыслова для дзетак, каб яны маглі не толькі паглядзець, але і паўдзельнічаць, чамусьці навучыцца. Мяркую, нейкія прымальныя варыянты можна знайсці ці не ў кожным канкрэтным выпадку.

— Паколькі аўтэнтыка ды мінуўшчына сапраўды ўспрымаюцца як моцныя брэнды, апошнім часам у іх з’яўляецца мноства падробак. Гэта і псеўдаэтнаграфічныя вёскі са шклопакетамі, і псеўдашляхецкія сядзібы, і партызанскія зямлянкі з ацыліндраванага бярвення…

— Вядома, у прафанацыі нічога добрага няма. З іншага боку, спалучэнне этна і мадэрна практыкуецца сёння ці не ва ўсім свеце. Галоўнае, як гэта робіцца, якім функцыяналам напоўнена. Той самы “Лідо” ў Латвіі — сучасны рэстаран, дзе афіцыянты апрануты ў нацыянальныя касцюмы, дзе прапануюцца нацыянальныя стравы, пануе адпаведная атмасфера… Не так даўно на Украіне бачыў сучасную з выгляду прыдарожную кавярню, інтэр’ер якой дэкарыраваны старадаўнімі прадметамі побыту, сабранымі гаспадарамі з навакольных вёсак. Што ў гэтым дрэннага? Думаю, любыя ініцыятывы добрыя, калі гэта зроблена з густам. І ўрэшце, толькі само жыццё тут можа выносіць прысуды: што запатрабавана, а што не.

Іншая справа — наш скансен у Азярцы, дзе сабраны аўтэнтычныя артэфакты, дзе наведвальнікі могуць параўнаць, як жылі некалі людзі, скажам, на Палессі і на Браслаўшчыне. Але такі важны і прыбытковы складнік культуры, як рэгіянальная кухня, там чамусьці амаль не прадстаўлены. Хаця шлях да сэрца, як вядома, вядзе праз страўнік… Увогуле, для турызма важна задзейнічаць усе пяць пачуццяў — не толькі зрок ды слых, але таксама і смак ды нюх.

— Пакуль “этнаграфічныя вёскі” растуць бы грыбы, тыя ж знакамітыя Кудрычы на Палессі спакваля паміраюць, і ніхто не ведае, што з імі рабіць. Адсюль і пытанне: ці запатрабавана ў турызме аўтэнтыка?

— Вядома! Калі ты прыходзіш у музей і бачыш пад кожным экспанатам подпіс “копія”, у цябе адразу з’яўляецца расчараванне. Таму няма сумневу ў тым, што вёскі, дзе яшчэ жывая традыцыйная народная культура, трэба ашчадна і эфектыўна выкарыстоўваць у турыстычнай індустрыі. І перадусім гэты рух, вядома ж, павінен ісці ад людзей “на месцах”, ад рэгіянальных уладаў.

 — Аднак праблема ў тым, што яны не заўсёды самі ўспрымаюць такія мясціны як каштоўнасць і не бачаць іх перспектыву ў якасці прыцягальных тураб’ектаў. Ці можа Нацыянальнае агенцтва тым ці іншым спосабам паўплываць на гэтыя працэсы, альбо гэта па-за межамі яго кампетэнцыі?

— Безумоўна, па меры сіл мы на гэта ўплываць павінны — як і на многія іншыя з’явы. Прыкладам, не так даўно на мяне выходзілі патэнцыйныя інвестары аднаўлення сядзібы роду Талстых у Грудзінаўцы, што на Быхаўшчыне, якая даўно стаіць закінутай, і нічога там не адбываецца. Можа, гэта і не ўваходзіць у сферу нашых непасрэдных абавязкаў, але ж мы, вядома, падказалі бізнесменам кантакты ўласніка аб’екта, з якім ім неабходна весці перамовы, а таксама паабяцалі, што калі ўзнікнуць праблемы з паразуменнем, будзем прыкладаць намаганні для іх вырашэння.

— Сёння многія сумняваюцца ў тым, што падобныя аб’екты маюць будучыню. У тым ліку і праз пасіўнасць іх намінальных уласнікаў у справе пошуку інвестараў.

— У Латвіі часта можна сустрэць старадаўнія дамы ў вельмі дрэнным стане. І зусім не таму, што яны нікому не патрэбны. Проста, нерухомасць належыць аднаму, зямля — іншаму, і з-за гэтых калізій спадчына руйнуецца. Дамовіцца ўласнікі паміж сабой не могуць, а дзяржава не можа ўмяшацца. У нас жа падобныя аб’екты належаць пераважна дзяржструктурам, і, прыклаўшы пэўныя намаганні, вырашыць іх лёс можна прасцей.

— Пра інфраструктуру ў нас гаворыцца вельмі шмат, а вось пра ролю ў турызме культурнага складніка — куды менш. Наколькі ён увогуле важны?

— Ведаеце, гэта як у камп’ютары, дзе ёсць “хард” і “софт”. Першае — інфраструктура, а другое — напаўненне. Інфраструктура сама па сабе не мае сэнсу, і сведчаннем таму — хаця б тыя ж напаўпустыя мінскія гатэлі. “Эканоміка ўражанняў”, якая сёння вядзе рэй у турыстычнай індустрыі, патрабуе арыгінальных і разнастайных падзей: фестываляў, кірмашоў... Патрабуе яна таксама і разнастайных музеяў. Прыкладам, прыязджаючы ў Санкт-Пецярбург, многія турысты рэзервуюць цэлы дзень для наведвання Эрмітажа. А гэта карысна для ўсіх, бо ў тыя суткі ім трэба недзе начаваць і нешта есці. Вельмі станоўчы ўнёсак у развіццё турызму ў Мінску мае адыграць адкрыццё Музейнага квартала — тым больш, Нацыянальнаму мастацкаму ёсць што выстаўляць. Спадзяюся, там не толькі з’явяцца новыя экспазіцыйныя плошчы, але і будзе створана адмысловая творчая атмасфера.

— Многія гарады пазіцыянуюць сябе праз імёны сусветна вядомых жыхароў. У нас таксама ёсць такая магчымасць, дзякуючы слынным выхадцам з Беларусі. Ці напоўніцу яна сёння выкарыстоўваецца тым жа Віцебскам?

— Не думаю. Многія лічаць, быццам Шагал належыць да элітарнай культуры і цікавы хіба вузкаму колу прыхільнікаў. А таму яго імя не можа прыцягваць багата турыстаў.

— Наўрад ці Шагал больш элітарны за Кафку, чыё імя Прага эксплуатуе па поўнай праграме...

— Я з вамі згодны. А тым, хто сумняваецца, варта параіць наведаць музей Шагала ў Ніцы і на свае вочы пабачыць, якія натоўпы турыстаў ён прыцягвае. Зразумела, што яго імя — гэта вельмі моцны брэнд, і прывабны ён не толькі для тых, хто цікавіцца жывапісам. Тым больш, ён здатны звязваць краіны, і, пабываўшы ў Ніцы, турыст, верагодна, захоча наведаць і Віцебск, які праз усё жыццё натхняў мастака. Вядома, калі мы папрацуем над стварэннем гэтага ланцуга.

— Асноўным бар’ерам для развіцця ўязнога турызму зазвычай называюць візавы рэжым. Ці справядлівае такое меркаванне?

— Сапраўды, гэты фактар моцна адштурхоўвае турыстаў. У сучасным свеце, дзе людзі прызвычаіліся падарожнічаць лёгка і нязмушана, сама неабходнасць атрымання візы (не кажучы ўжо пра дадатковыя выдаткі) можа стаць прычынай выбраць іншы напрамак. Тым больш, візы ўносяць у твае планы нейкі элемент няпэўнасці. Ты распрацоўваеш маршрут, купляеш па акцыі танны авіяквіток, загадзя браніруеш гатэль... Але ўсё можа пайсці дымам, калі ў патрэбны тэрмін не атрымаеш пашпарт з пасольства.

Пэўныя зрухі ў гэтым кірунку ўжо навідавоку. Прыкладам, нядаўна заходнія турысты займелі магчымасць без візаў правесці трое сутак у Белавежскай пушчы, і гэта, без сумневу, паспрыяла яе наведвальнасці. На маю думку, ёсць сэнс распаўсюдзіць такую практыку і па-за межы нацыянальнага парку.

— Мабыць, тут варта браць у разлік і тых турыстаў, якія адмыслова ў Беларусь не збіраюцца, але не адмовіліся б яе наведаць “па дарозе”...

— Сапраўды, Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні авіяцыйных шляхоў, і наша неба перасякае мноства самалётаў. Чаму б не скарыстаць гэтую “цягу ў трубе” ды не заахвоціць тых, хто рушыць, скажам, з Берліна ў Астану, спыніцца на некалькі дзён у Мінску? Прыцягненне транзітных турыстаў адразу забяспечыла б новымі кліентамі і турагенцтвы, якія маглі б распрацоўваць спецыяльныя маршруты, і транспартныя кампаніі, патрэбныя, каб дастаўляць гасцей з аэрапорта ў горад, і гатэлі, і рэстараны...

— Але як гэта зрабіць?

— Уявіце, быццам вы замежнік, якому патрэбна зрабіць перасадку ў Мінску. Вы сядаеце ў самалёт, дзе вас сустракаюць ветлыя сцюардэсы ў нацыянальных строях, гартаеце па дарозе бартавы часопіс, у якім маляўніча распісаны ўсе вабноты нашага краю, трапляеце ў аэрапорт, дзе прадаюцца цікавыя сувеніры... Цалкам верагодна, што наступным разам у вас з’явіцца жаданне так спланаваць свой маршрут, каб хоць на суткі-другія затрымацца ў транзітнай краіне.

Некалі мы прыклалі шмат намаганняў, каб пераканаць расіян у тым, што іх лепшы шлях у Заходнюю Еўропу ляжыць менавіта праз Рыгу, і без яе наведвання адпачынак не будзе паўнавартасным. Мы прыводзілі самыя розныя аргументы: і павольная адаптацыя да замежжа, і настальгія, і “дзецям паказаць”... Беларусь, у сваю чаргу, можа пазіцыянаваць сябе як своесаблівую браму ў вялізную поставецкую прастору. Трэба, каб з’явілася новая “фішка”: рушыўшы на Усход, абавязкова завітай у Мінск. Безумоўна, калі для гэтага не будзе патрэбна віза.

— Цяжка не заўважыць, што падарожжы з году ў год становяцца ўсё больш даступнымі: перавозчыкі часам прапануюць свае паслугі па зусім смешных цэнах. Праўда, Беларусі гэта пакуль не тычыцца...

— У 2003 годзе міністр транспарту Латвіі сустрэўся з прэзідэнтам аднаго з самых буйных “лаўкостаў” і запрасіў яго зрабіць базу ў Рыжскім авіяпорце. Здавалася б, абсурдная сітуацыя: акцыянер нацыянальнага перавозчыка “Air Baltic” сам запрашае ў краіну наймагутнага канкурэнта. Але ж для нас гэта паслужыла штуршком, прымусіўшы варушыцца і “скідаць тлушч”.

На Беларусі авіярынак пакуль даволі кансерватыўны, але... трэба разумець, што ад гэтага церпяць многія ўдзельнікі турыстычнага ланцугу. Таму важна пралічыць, ці не губляе ў выніку цяперашняй палітыкі дзяржава ў цэлым — і знайсці здаровы баланс паміж інтарэсамі розных суб’ектаў. Тым больш, за мяжой мы ўжо ўспрымаемся як дарагая краіна, і гэта трывожны званок — асабліва калі ўлічыць нашу не надта дасканалую пакуль інфраструктуру.

— Дзякуючы спантаннаму брэндзіраванню, на Захадзе і асабліва ў Расіі наша краіна чамусьці ўспрымаецца як нейкі “запаведнік камунізму”. Ці варта змагацца з такімі стэрэатыпамі?

— Лічу, з імі трэба не столькі змагацца, колькі выкарыстоўваць іх на сваю карысць. Пазіцыянаваць сябе праз ужо раскручаныя брэнды, але ў выніку складаць з гэтай мазаікі пазітыўны вобраз. Калі я працаваў у Сібіры, мы ўжо мелі падобны досвед. Як сведчыла выбарка, гэты край спараджаў у замежнікаў устойлівы набор асацыяцый: мароз, тайга, мядзведзі... Аднак, калі ўдумацца, мароз — гэта нават прыемна, тайга можа азначаць не толькі глушэчу, але і прыгожую дзікую прыроду, мядзведзі таксама выклікаюць збольшага пазітыўныя эмоцыі. Адпаведна, стэрэатыпы можна трохі перайначыць ды прымусіць працаваць на сябе.

Між іншым, савецкая тэматыка вельмі цікавіць турыстаў — як тых, хто нарадзіўся ў СССР, гэтак і замежнікаў. Прыкладам, у юрмальскім санаторыі “Бурштынавы бераг”, дзе раней адпачывала партыйная наменклатура, ужо пры капталізме быў створаны музей Брэжнева, і на брак наведвальнікаў там не скардзяцца.

— Але ў нашым турбізнесе такі напрамак пакуль распрацоўваецца вельмі нясмела...

— Хаця не будзем забываць, што менавіта на Беларусі знаходзіцца тое месца, дзе была пастаўлена кропка ў гісторыі вялізнай дзяржавы СССР. Чаму б не пераўтварыць гэтае месца ў турыстычны аб’ект? Упэўнены, ад наведвальнікаў проста не было б адбою! Тым больш, як мы ўжо сёння бачым, замежніку не заўсёды ёсць чым заняцца ў той самай Белавежскай пушчы ажно тры дні. Зубры і Дзед Мароз — гэта, вядома, добра, але чым больш там акажацца разнастайных аб’ектаў паказу, тым даўжэй затрымаюцца турысты.

— Беларуссю цікавяцца найперш жыхары тых краін, з якімі мы маем агульную гісторыю. Але ж часта погляды на яе вельмі розныя — што выяўляецца нават у назвах экскурсій па “крэсах усходніх”...

— Думаю, тут няма чаго баяцца. З тым, што нехта мае адрозны ад нашага погляд на мінуўшчыну (як і ўсё на свеце, складаную і неадназначную), мы нічога зрабіць не здатны. Наша задача — годна паказаць замежным турыстам свае адметнасці, дбайна ўсё прадумаць і арганізаваць. Балазе любыя погляды маюць схільнасць мяняцца.

— Здавалася б, лагічныя трансмежныя маршруты напрошваюцца самі сабой — скажам, замкі часоў ВКЛ у Крэве, Медзінінкаі, Вільнюсе і Тракаі знаходзяцца на адной асі. Але ў нашай ментальнасці выяздны турызм чамусьці адасоблены ад унутранага...

— Вы маеце рацыю — справа тут, напэўна, менавіта ў псіхалогіі, бо мяжа стала фактарам не толькі геаграфічным, але таксама і ментальным. Аднойчы мне гэтае адчуванне — калі ўсё побач, але недаступна, — давялося прапусціць праз сябе. Падарожнічаючы з сям’ёй, мы заехалі ў Друю — прыгожае мястэчка на Браслаўшчыне. Аглядзелі кляштар, старасвецкую забудову на плошчы... На іншым беразе Дзвіны я заўважыў вежы яшчэ аднаго касцёла і стаў шукаць мост, каб туды пераправіцца. А не знайшоўшы, запытаў мясцовага жыхара. “Ды гэта ж Латвія!” — выгукнуў ён у адказ, і гэтыя словы для яго азначалі адно: патрапіць туды ніяк немагчыма, нават пры наяўнасці візы. Але варта прыгадаць, што так было не заўсёды, і пра гэта сведчаць шматлікія гістарычныя повязі паміж суседнімі рэгіёнамі

— Быў час, калі падзеленыя ракой дзве часткі Друі спалучаў паром. І калі б яго аднавіць сёння як трансмежную атракцыю...

— Варыянтаў такіх атракцый можа быць процьма. Увогуле, узаемадзеянне ў галіне турызму з балтыйскім партнёрамі я лічу вельмі перспектыўным для нашай краіны напрамкам: гэта як быццам прычапіць да цягніка яшчэ адзін вагон. У Прыбалтыку ўжо сёння едзе багата турыстаў, дабрацца туды з Заходняй Еўропы можна вельмі танна, і нам застаецца толькі скарыстацца сваім суседствам. Думаю, многія замежнікі паехалі б паглядзець, што там за краіна пачынаецца ў 30 кіламетрах ад Вільнюса. Мы ж таксама калі падарожнічаем па Еўропе, дзе межаў няма, зазвычай наведваем не адну дзяржаву, а некалькі. Заўсёды цікава параўнаць — што паміж імі агульнае, а што адрозніваецца.

Гэта тым больш актуальна для прасоўвання на далёкія рынкі. У Прыбалтыцы даўно зразумелі, што завабіць турыста з Кітая, скажам, выключна ў Латвію амаль нерэальна. Іншая справа — усе тры краіны адразу. Адсюль і неабходнасць працаваць як адзіны кластар.

— У той жа Друі, як і ў іншых невялічкіх гарадках, няма музея альбо турбюро. Але ў краіне функцыянуе сетка ўстаноў культуры — клубаў і бібліятэк, дзе часта працуюць людзі зацікаўленыя...

— Ахвотна веру ў тое, што такія краязнаўцы могуць распавесці турыстам і болей і цікавей, чым звычайны гід. Іх погляд на рэчы не павярхоўны, ды і самі асобы выклікаюць цікавасць і сімпатыю гасцей.

— Але ж тут узнікае праблема: праводзіць экскурсіі без ліцэнзіі яны не могуць.

— Атэстацыя гідаў нашым агенцтвам праводзіцца бясплатна, і крытэрыі дастаткова простыя і празрыстыя — скажам, наяўнасць вышэйшай адукацыі. Прайшоў курсы, здаў экзамен — і можаш працаваць па любой тэматыцы. Тут, я думаю, усё нават занадта ліберальна: бо хто можа паручыцца, што гід, абазнаны ў адной тэме, здатны праводзіць добрыя экскурсіі па іншых?

— Аднак для вясковых работнікаў культуры складаныя нават такія бар’еры: трэба ехаць у Мінск, праходзіць курсы…

— Я магу пагадзіцца з тым, што чалавек без вышэйшай адукацыі, але надзелены харызмай і прасякнуты духам сваёй зямлі, можа даць фору нават кваліфікаванаму гіду. Шчыра прызнаюся: да слова “рэгуляванне” я стаўлюся крыху насцярожана. Мой погляд такі: хай растуць усе кветкі. А далей ужо ўключыцца натуральны адбор… Таму прыватныя ініцыятывы трэба не столькі рэгуляваць, колькі стымуляваць.

— Інфармацыйнае забеспячэнне ў рэгіёнах часам выклікае пэўнае... недаўменне. Відавочна, што людзі, якія ім займаюцца, не заўсёды разумеюць, на чым трэба акцэнтаваць увагу ў прызначанай для турыстаў рэкламнай прадукцыі. Можа, варта ўвесці нейкі шаблон, якім маглі бы карыстацца “на месцах”?

— Згодны. Трэба стварыць нейкі эталон, рабочую мадэль. Вядома ж, пакінуўшы кожнаму карыстальніку магчымасць для экперыментаў, але ж далёка ён адступацца не павінен. Навошта вынаходзіць веласіпед, калі ўсё ўжо даўно прыдумана?

— Нацыянальнае агенцтва выпускае разнастайныя тэматычныя буклеты на розных мовах. Больш за ўсё здзіўляе іх наклад: прадукцыя, якая павінна быць на кожнай запраўцы, становіцца ледзь не бібліяграфічнай рэдкасцю...

— З гэтым цяжка не пагадзіцца. Нядаўна вось быў у Кіеве і бясплатна набраў там у інфацэнтры цэлы стос разнайстайных карт, буклетаў… Але наша праблема — у абмежаванасці бюджэтных сродкаў, якіх не хапае на сістэмны прарыў. Тым больш, усе такія буклеты — гэты падуліковы матэрыял, і, па ідэі, мы мусім трымаць справаздачу за кожны асобнік. А выйсце з дадзенай сітуацыі я бачу толькі адзінае — прыцягваць пазабюджэтныя сродкі. Суб’екты турбізнесу маюць патрэбу ў рэкламе, а наша задача — выступаць у ролі каардынатара. Урэшце, не толькі мы зацікаўлены, каб у кожнай прыдарожнай кавярні з’явіліся яркія буклеты пра беларускія адметнасці.

— Напярэдадні летняга фестывальнага сезона мы хацелі скласці анонс на некалькі месяцаў наперад, але не далі сабе рады, бо не знайшлі патрэбную інфармацыю. Можа, менавіта праз брак планавання многія фэсты супадаюць па датах.

— Праблема мне вядомая: мы і самі нярэдка даведваемся пра той ці іншы цікавы фэст ужо постфактум, з публікацый у СМІ. Безумоўна, каляндар культурных падзей павінен рыхтавацца нават не на пару месяцаў, а прынамсі на палову года наперад. У дадатак, чаму б не выкарыстоўваць тут крос-маркетынг? Турыст прыязджае на “Славянскі базар…” і даведваецца там, што на Віцебшчыне ці не ў кожным райцэнтры ладзіцца свая арыгінальная імпрэза — “Вішнёвы фэст” у Глыбокім, “Журавінавы…” — у Мёрах, “Яблычны Спас” у Шаркаўшчыне…

— А ці ёсць сэнс запрашаць турыстаў на “местачковыя”, здавалася б, фестывалі?

— Статус тут не мае асаблівага значэння, а “местачковы фэст” — гэта, калі ўдумацца, даволі прывабны брэнд. Прыкладам, вядомы дзякуючы анекдотам Урупінск сёння раскручвае сябе менавіта як “сталіца расійскай правінцыі”. А гарадок Дабранка абвясціў сябе “Сусветнай сталіцай дабрыні”. Як сведчаць апытанні, абсалютная большасць жыхароў ухваляюць гэты імідж і актыўна на яго працуюць, падштурховаючы адзін аднаго быць дабрэйшымі. Там нават крывая алкагалізму і розных злачынстваў уніз пайшла… Адпаведна, трэба не саромецца таго, што ў цябе ёсць, але ўмела гэта абыгрываць і выкарыстоўваць.

— Рэгіянальныя фестывалі як ніколі востра ставяць праблему інфраструктуры. Скажам, у Паставах, дзе праводзіцца форум “Звіняць цымбалы і гармонік”, спальных месцаў ледзь хапае для запрошаных артыстаў, а для публікі ўжо нічога не застаецца…

— І тут адразу ўзнікае філасофскае пытанне: што першае, курыца альбо яйка? Турыстычная плынь альбо патрэбная інфраструктура? Прамы адказ мы наўрад ці знойдзем, і таму трэба вынаходзіць прымальныя варыянты вырашэння праблемы. Галоўны з іх — працаваць у звязцы. Калі гатэль у тых самых Паставах бітма забіты, можна ж падкінуць турысту ідэю заначаваць у Глыбокім, Докшыцах, Браславе… Выпраўляючыся на тую ці іншую канферэнцыю, я зазвычай бранірую начлег не ў тым горадзе, дзе яна праходзіць, а недзе па суседстве, за пару дзясяткаў кіламетраў. Бо калі ўсё будзе побач, ты мала што здолееш убачыць. А калі фэст праходзіць у цёплую пару, можна і наогул арганізаваць для турыстаў намётавы летнік дзесьці на прыгожым возеры. Я ўпэўнены ў тым, што знайсці прымальныя варыянты зазвычай магчыма, трэба проста думаць і дзейнічаць у гэтым кірунку.

— Сёння агучваецца надзвычай шмат ідэй розных спецыяльных праектаў: і на конях, і па вадзе, і з пераўвасабленнем у людзей мінулага. Аднак у нас самымі папулярнымі відамі атракцый па-ранейшаму застаюцца банальныя пікнікі…

— Пасядзець на возеры, пакупацца, пасмажыць шашлыкі… Але ігнаруючы той жа культурны аспект, ты шмат у чым сябе абядняеш. Натуральна, святы ва ўсе часы не абыходзіліся без “чаркі і шкваркі”, але ж яны павінны быць нейкім спадарожным атрыбутам, а ні ў якім разе не самамэтай.

Як прыклад, магу прыгадаць карпаратыў у гарадку Роскільдэ — старадаўняй сталіцы Дацкага каралеўства. Турыстаў з розных краін падвозяць па ф’ёрдах да берага, дзе іх сустракаюць вікінгі, выдаюць шкуры і шлемы, робяць “абрад ініцыяцыі”… Патанчылі, разбіліся на каманды, селі ў ладдзі, гадзіну грабем, ставім парус... Тут жа і пікнік на вадзе. На беразе нас вучаць старадаўнім танцам вікінгаў, частуюць традыцыйнымі стравамі і напоямі. Затым нападаем на старажытную крэпасць са зборояй. А ўжо толькі пасля гэтага святкуем сваю перамогу ў рэстаране. Агулам праграма займае палову дня, і, упэўнены, яна запомніцца ўдзельнікам на ўсё жыццё. Можна рабіць такія маршруты і на некалькі дзён.

Калі турыст непатрабавальны, яму можна прапанаваць нешта простае і банальнае, бо нічога іншага ён і не каштаваў. Але такі падыход беларусам усё больш і больш нецікавы. Многія бываюць за мяжой і бачаць, што там робіцца. Адпаведна, пара мяняць нашы завёдзёнкі. Таму попыт на арыгінальныя праекты трэба фарміраваць, каб усім было цікава і выгадна — і спажыўцам, і вытворцам. І краіне ў цэлым.

— Чаго вы чакаеце ад работнікаў культуры “на месцах”? Ці магчыма больш эфектыўна выкарыстоўваць іх патэнцыял у турызме?

— Перадусім усведамлення таго, што іх шчырая і самаадданая праца можа быць цікавай і патрэбнай не толькі для жыхароў іх родных мясцінаў — яна мае турыстычны патэнцыял. І не трэба думаць, што ў вашай вёсцы ўсё надта сумна і нецікава. Таксама заклікаю больш актыўна ўключаць тэхналогіі крос-маркетынгу, аб'ядноўваць свае намаганні з суб’ектамі туріндустрыі: гатэлямі, аграсядзібамі, тураператарамі, — каб у выніку можна было працаваць як адзіны кластар. Але для гэтага неабходна разумець праблемы, мэты, метады адзін аднаго, умець як бы ўваходзіць у вобраз партнёра. У такім выпадку мы і сапраўды здолеем максімальна эфектыўна раскрыць свой патэнцыял з карысцю як для кожнага суб’екта, так і для краіны ў цэлым.

У сустрэчы прымалі ўдзел Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, Алег КЛІМАЎ, Таццяна МАТУСЕВІЧ (фота), Вольга НАВІЦКАЯ, Ілья СВІРЫН