Майстры настрою і... гендар

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Даўно мы пра метадыстаў не згадвалі. А працы ў іх — горы няскораныя. Але ж скараюць з упартасцю альпіністаў. Нават нягледзячы на тое, што апрача творчай справы займацца даводзіцца і зборам інфармацыі для шматлікіх справаздач. Вось іх, сапраўды, горы. Хоць бы раз глянуць, адчуць ды зразумець, якую канкрэтную карысць і каму прыносіць тая абагульненая справаздачнасць. Але не будзем пра кепскае.

Звярнуцца ў Хоцімскі метадычны аддзел, што дзейнічае пры мясцовым РЦК, параілі ў Магілёўскім абласным метадцэнтры. Маўляў, малады калектыў, усяго толькі тры жанчыны, але для зладжанай дзейнасці Цэнтралізаванай клубнай сістэмы зрабілі ўжо шмат.

Знаёмцеся: кіраўнік аддзела Наталля Рамянькова, метадысты Наталля Федчанка і Таццяна Кучанкова. Дапамагаюць наладжваць работу клубных фарміраванняў, гурткоў, пішуць сцэнарыі, распрацоўваюць методыку клубных паслуг, займаюцца выдавецкай дзейнасцю, не толькі адсочваюць развіццё мастацкай самадзейнасці, але і самі бяруць у ёй ўдзел: спяваюць у народных ансамблях “Пацеха”, “Адраджэнне”, “Дабрадзея”. Але не гэта галоўнае і нават не тое, што ў Хоцімскім раёне — дванаццаць народных калектываў.

Самым важным падаецца тое, што метадысты не стамляюцца нараджаць ідэі. З пачатку года, да прыкладу, вядуць наступ на шкодныя звычкі. Для гэтага моладзь прыцягваецца да ўдзелу ў анкетаваннях, тэатралізацыях, канцэртах, маштабных грамадскіх акцыях. Хоцімшчына паступова становіцца тэрыторыяй здароўя. Прынамсі, гэтага вельмі прагнуць супрацоўнікі аддзела.

Чатыры гады як дзейнічае карпаратыўны конкурс “Майстры настрою”. Палажэнне і назву распрацавалі-прыдумалі зноў яны. Штогод вылучаецца лепшы работнік культуры раёна. Крытэрый адбору адзіны: спецыяліст павінен не шкадаваць сябе дзеля добрага настрою іншых.

Што такое квілінг? Метадысты ведаюць: стварэнне рэчаў з палосак паперы. Справа ў тым, што Трасцінскі СДК стаў базай для правядзення выязнога абласнога семінара па навучанні кіраўнікоў раённых цэнтраў культуры. Трасціно — нават не аграгарадок. Але менавіта сюды прыехалі павучыцца з усёй Магілёўшчыны. А ўсё таму, што кіруе тут клубнай установай Ніна Хількевіч, у нядаўнім мінулым настаўніца з вышэйшай адукацыяй. Крыху падвучылася ў калег ды на курсах і пачала праяўляць ініцыятыву, самастойнасць. У Трасцінскім СДК з творчым штатам у чатыры чалавекі — аж трынаццаць клубных фарміраванняў, шэсць з іх — дзіцячыя, у тым ліку і па квілінгу.

Лічба — унушальная. І гэта пры тым, што кіраўніцтва гурткамі не аплочваецца. Проста ахвотных штодня наведваць СДК (днём і ўвечары) вельмі шмат: амаль 130 чалавек. Хто ж ім адмовіць? Таму і фарміраванняў столькі. Вось іх работа і стала падставай для вучобы кіраўнікоў РЦК. Поспех Трасціно метадысты лічаць і сваім поспехам. На сёння Ніну Хількевіч не варта вучыць — яна сама вучыць іншых. Здатная кабета і на аўтарскія праекты. Адно з аматарскіх аб’яднанняў, да прыкладу, мэтанакіравана займаецца вывучэннем мясцовай фалькларыстыкі. У выніку, народнаму ансамблю “Быліна” няма патрэбы ламаць галаву над рэпертуарам.

Навучальныя раённыя семінары метадысты ладзяць штомесяц. Вучаць сельскіх калег думаць на перспектыву. Адна з нерэалізаваных ідэй патрабуе асаблівых намаганняў. Справа ў тым, што жаночых клубных фарміраванняў у вёсках раёна процьма, а вось мужчынскіх — аніводнага. Метадысткі паабяцалі, што і гэтую гендэрную праблему пастараюцца вырашыць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"