І ўсё ж “пракаціла”

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Танцы ў пасёлку: ініцыятыва аматара ды ўдзел клуба
Я люблю народныя танцы. Ды хто іх не любіць? У добрай кампаніі, ды пад добры гармонік, а калі пашанцуе, то і са скрыпкай, ды не адной, з бубнам ды іншымі інструментамі. Апошнім часам у Мінску мы, аматары патанцаваць, мелі нямала магчымасцей сябе паказаць і на людзей паглядзець.

/i/content/pi/cult/557/12204/7-2.jpgАле зараз я жыву ў пасёлку Крупскі Крупскага ж раёна. І сюды яшчэ не прыйшла мода ладзіць вечарыны народнага танца. А танцаваць — вельмі ж хочацца! Раз на тыдзень прыязджаю ў Мінск на заняткі да Міколы Козенкі (гэта не магу прапусціць!), а часцей — не атрымліваецца. І вось пасля чарговай гастрольнай паездкі, гэтым разам у Рыгу, запрасіла сяброў да сябе ў пасёлак на выхадны пабыць разам, пачаставацца вясковымі прысмакамі, патанцаваць ды паспяваць. Запрасіла нашага гарманіста Уладзіміра, які ўжо шмат разоў граў нам на розных мерапрыемствах у Беларусі, а таксама ў Польшчы і краінах Балтыі. “Нельга адмовіць”, — сказаў Уладзімір. Ён сам з Крупскага раёна, і ўжо меў думку, каб неяк наладзіць танцы на сваей малой радзіме. Трэба ж! Калі так, то чаму ў хаце? Звярнуся ў мясцовы сельскі клуб. Ёсць пры клубе і творчы калектыў “Крупчанка”. Знаёмства будзе на карысць абодвум гуртам.

Не ведаю, ці парадавала, але, відавочна, здзівіла яго супрацоўнікаў. “Не пракаціць!” — сказала наймаладзейшая з кабет. “А ці любіце вы самі танцаваць?” — пытаюся. Жанчыны крыху разгубіліся, але сказалі: так, любяць. “То запрашаю да мяне ў хату патанцаваць разам з маімі сябрамі! Будзеце гасцямі”. Тым часам вырашылі ўсе ж такі паспрабаваць зладзіць сустрэчу ў клубе.

І вось у нядзелю, пры цудоўным надвор’і — бабіна лета! — прыехалі мае госці з Мінска. У клубе нас сустрэлі з гарбатай ды пірагамі. Было шмат пытанняў, у асноўным — да нас. Спачатку жанчыны былі вельмі стрыманымі, але калі наш цудоўны гарманіст сыпануў мелодыі танцаў, знаёмыя ім з маладосці, а хлопцы і дзяўчаты ў прыгожых вышываных кашулях так цудоўна іх танцавалі, то жанчыны ўсё больш разнявольваліся. Хутка яны ўжо таксама спрабавалі з намі, хоць і скардзіліся, што забыліся, як танцаваць. І не толькі танцавалі — усё больш ахвотна спявалі па чарзе з нашымі спевакамі, ці разам — песні сваёй маладосці, знаёмыя і нам. І самым прыемным было, калі жанчыны не ўтрымаліся, сталі згадваць гарэзлівыя прыпеўкі.

Наша вечарына зацягнулася амаль на тры гадзіны, і разыходзіліся мы ўжо добрымі сябрамі, шчаслівымі, прыемна стомленымі. Гулялі яшчэ ў мяне на падворку амаль да першых зорак.

А ў мяне наступным днём суседзі пыталіся: “Ці не юбілей у вас святкавалі? Так хораша гармошка грала, людзі спявалі”. Выгаворвалі, што не запрасіла: “Да мяне ж і дзеці на выхадны прыехалі, яны тут у школе вучыліся, тады іх яшчэ вучылі народнаму танцу. Яны з радасцю таксама прыйшлі б”.

Мода на вечарыны беларускага народнага танца прыйшла ўжо ў многія беларускія гарады ды вёскі (дакладней будзе сказаць — вярнулася). Спадзяемся, прыйдзе яна і ў пасёлак Крупскі, а спеўна-танцавальныя сустрэчы тут зробяцца звычайная з’яваю, і не давядзецца гойсаць у горад на дыскатэкі. Пачатак ўжо ёсць!

Антаніна МАЛАМА, удзельніца Школы традыцыйнага мастацтва гурта “GUDA”