Ад дэндзізму да мадэрна

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Думаю, кожны пагодзіцца з тым, што адзін з найбольш актуальных аспектаў дзейнасці любога музея Беларусі — міжнароднае супрацоўніцтва. Што ні кажы, а прэзентацыі артэфактаў за мяжой спрыяюць таму, каб пра беларускую культуру даведвалася ўсё больш і больш людзей з розных краін свету.

/i/content/pi/cult/557/12202/6-3.jpg

Топ-10 экспанатаў Музея гісторыі рэлігіі па версіі самой установы.

Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі ў гэтым плане — не выключэнне. Яшчэ ў 2014 годзе ім было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з двума літоўскімі музеямі — Тракайскім гістарычным і шаўляйскім музеем “Аушра”. Згодна з дакументам, напрыканцы 2014 года літоўцы прывезлі выстаўку “Как денди лондонский одет…”, прысвечаную мужчынскай модзе канца XVIII — пачатку XX стагоддзя. Гродзенцам былі прадстаўлены прадметы адзення і аксесуары, без якіх не мог абысціся джэнтльмен ХІХ стагоддзя, патлумачыла “К” дырэктар музея гісторыіі рэлігіі Рыта Янчалоўская. У вітрынах — капелюшы, курыцельныя люлькі, табакеркі, партсігары, дарожныя камплекты і іншыя атрыбуты эпохі дэндзізму. У адказ сёлета супрацоўнікі музея з Гродна прывезлі ў Тракайскі гістарычны выстаўку “Боскія адкрыцці зямных вобразаў”, якая дэманстравалася там да 15 ліпеня. А з 3 снежня яна будзе прадстаўлена ўжо ў “Аушры”.

Таксама вельмі плённа супрацоўнічаюць гродзенцы з пасольствамі, акрэдытаванымі ў Беларусі. Так, да прыкладу, у чэрвені бягучага года ў музеі адкрылася выстаўка “Падарожжа па Палесціне”, арганізаваная Пасольствам Дзяржавы Палесціна, дзе прадставілі традыцыйныя народныя рамёствы гэтага краю: вышыўка, кераміка, разьба па перламутры і па аліўкавым дрэве.

Узаемадзейнічаюць музейшчыкі горада над Нёманам і з украінскімі калегамі. Так, з 24 лістапада ў Гродне, у сценах музея гісторыі рэлігіі адкрыецца выстаўка з Музея гісторыі моды Марыны Івановай (Кіеў, Украіна), на якой будзе прадстаўлена жаночае адзенне XIX — пачатку XX стагоддзяў. Па словах Рыты Янчалоўскай, праект з Украіны пад назвай “Мадэрн — эпоха жаноцкасці” адкрые перад гродзенцамі свет моды 1890 — 1930 гадоў. “Свет сапраўды неверагодны, — кажа дырэктар музея, — бо мода гэтага перыяду адзначаецца эклектычнасцю, перапляценнем паміж сабой розных стыляў, выкарыстаннем лёгкіх тканін у сукенках тагачасных модніц…"

А ўжо налета свае экспанаты на суд кіеўлян прадставяць і беларусы. Да ўсяго, як кажа Рыта Янчалоўская, зараз яны працуюць над сумеснымі праектамі з Музеем гісторыі рэлігіі Санкт-Пецярбурга. Планы па ўзаемадзеянні з расіянамі распісаны ажно да 2017 года.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"