Планы Старога Замка

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Навінамі пра рэстаўрацыю Старога Замка, фінансаванне праектна-каштарыснай дакументацыі і планамі на будучы год з “К” падзяліўся дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый КІТУРКА.

— Навіны з нагоды аднаўленчых работ наступныя: на сённяшні дзень працягваецца стварэнне будаўнічага праекта па рэстаўрацыі Старога Замка, першай яе чаргі, — адразу зазначае спадар Юрый. — Гэтай справай займаюцца спецыялісты “Гроднаграмадзянпраекта”. Дарэчы, яны мне абяцалі, што называецца, кроў з носу, пакласці гэты, такі доўгачаканы дакумент, на стол ужо ў снежні бягучага года.

Што ж, пачакаем. Балазе, грошы пад названыя мэты былі выдаткаваны з абласнога бюджэту, і справа цяпер паступова рухаецца. І гэта вельмі добра, бо рэстаўрацыі старажытных замкавых муроў у Гродне, як вы ведаеце, мы чакаем не першы год. А тое, што Стары Замак даўно выпрацаваў свой рэсурс, — гэта абсалютна зразумела і нам, і абласному галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Таксама сёння ў нас адбываюцца раскопкі ў тых месцах, дзе з цягам часу распачнецца рэстаўрацыя. Бо, як вядома, згодна з планам, па перыметры Замкавай гары ў будучым будуць узведзены сцены, вежы і каменныя будынкі, а двор мяркуецца вызваліць ад пабудоў мінулага стагоддзя, дзе цяпер размяшчаюцца майстэрні і складскія памяшканні музея. Так што працы ў нас яшчэ хапае…

Чаму ўзяліся за раскопкі менавіта сёння? Як на маю думку, археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся тут у ранейшыя гады, відавочна не хапае. Не стае іх для таго, каб з упэўненасцю ствараць праект рэканструкцыі замка, максімальна блізкі да арыгіналу. Таму і “шчыруюць” зараз у Старым Замку археолагі, каб потым як мага больш поўна і як мага больш дакладна аднавіць страчанае.

Таксама я вельмі рады, што фінансаванне работ па стварэнні праектна-каштарыснай дакументацыі ідзе згодна з графікам. Грошы з упраўлення капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама паступаюць своечасова. Таму, вядома ж, і справа рухаецца. Што будзе з фінансаваннем у наступным годзе — пакуль сказаць цяжка: абласны бюджэт сёння толькі фарміруецца...

Але, наколькі мне вядома, гарадскія ды абласныя ўлады Гродна вельмі зацікаўлены ў тым, каб работы ў Старым Замку працягваліся. Таму яны прыкладаюць усе намаганні, каб фінансаванне рэстаўрацыі ішло згодна з планам і ў наступным годзе… Таму будзем, што называецца, спадзявацца на лепшае…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"