Шукаюць спонсара

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Ганна Дзякун, намеснік дырэктара Гродзенскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2, кажа, што эстрадна-сімфанічны аркестр установы “Nota Band” — ужо доўгі час меў статус "народны". А зусім нядаўна Міністэрства культуры пастанавіла прысвоіць найменне “ўзорны” і ансамблю скрыпачоў “Чароўныя струны”. “Спадзяемся, гэткага ж гонару неўзабаве дасягне і хор старэйшых класаў “Крынічка”, — дадае суразмоўца.

/i/content/pi/cult/557/12200/6-2.jpg

Аркестр "Nota Band".

Школе крыху больш за тры дзясяткі гадоў. Але асаблівую дынаміку яе развіццё набыло пасля таго, як установу ўзначаліла Юлія Амельчанка. Дарэчы, яна кіруе школьным эстрадна-сімфанічным аркестрам і здолела сабраць аднадумцаў.

Па тым, як калектывы "прырастаюць" званнямі можна пераканацца, што асноўная мэта школы — стварыць максімум умоў для самарэалізацыі як дзяцей (а гэта 640 чалавек), так і педагогаў. Прыклад таму — “Nota Band”, у складзе якога пачалі выступаць і школьнікі. А гастралюе аркестр не толькі па Беларусі, але і за мяжой, атрымліваючы пры гэтым самыя станоўчыя водгукі. “За апошні навучальны год, да прыкладу, сем нашых выхаванцаў сталі лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных конкурсаў”, — кажа Ганна Дзякун.

Выезды за мяжу, вядома, патрабуюць немалых капітальных укладанняў. “Шукаем спонсараў. Асноўнымі пакуль з’яўляюцца бацькі навучэнцаў. Апякунскі савет школы клапоціцца не толькі пра стан матэрыяльнай базы, але і пра ўзровень канцэртнай, конкурснай дзейнасці ўстановы”, — заўважае візаві. Так, апошняя дапамога савета паспрыяла выезду харавога калектыву на абласны конкурс у Ліду.

Больш за дзесяць працэнтаў настаўніцкаў — былыя вучні нашай школы. І сёлета таксама вярнулася двое. А чатыры выпускніка паступілі ў профільныя ўстановы. Інакш кажучы, аўтарытэт школы мацуецца на канкрэтных і досыць пераканаўчых здзяйсненнях.

Аднак аўтарытэту гэтаму іншым разам цяжка адпавядаць. “Музычныя інструменты абнаўляліся апошні раз у 2011 годзе, калі мы атрымалі грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Грант быў прызначаны для падмацавання матэрыяльнай базы і школы, і сімфанічнага аркестра”, — кажа Ганна Дзякун.

У школе ёсць клас для групавых дысцыплін, які абсталяваны камп’ютарам. Яшчэ адна мара — набыццё мультымедыйнай сістэмы для рознага роду прэзентацый. “Вельмі хацелася б, каб яна ажыццявілася”, — адзначыла візаві.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"