Пераможны “Шчаўкунок”

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

19 сакавіка 2008 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і мастацкай культуры Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне членаў журы для падвядзення вынікаў VІІІ Рэспубліканскага конкурсу мастакоў тэатраў на атрыманне Прэміі імя заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь І.М. Ушакова за лепшую сцэнаграфію.

Гэты конкурс, які праводзіцца з 2000 года з мэтай падтрымкі і заахвочвання маладых тэатральных мастакоў Беларусі, адбываецца па ініцыятыве Зоі Ушаковай, удавы мастака, чыё імя носіць творчае спаборніцтва, і Беларускага фонду культуры. Сёлета заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі тры тэатры. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага вылучыў на разгляд журы дэкарацыі да спектакля “Валянцінаў дзень” (мастак — А.Касцючэнка), Брэсцкі тэатр драмы і музыкі прапанаваў мастацкае афармленне “Вечара”, (мастак — В.Лесін), Рэспубліканскі тэатр юнага гледача — дэкарацыі да “Шчаўкунка” А.Снапок-Сарокінай. Апошняя праца і стала пераможнай.

Апроч таго, журы было адзначана афармленне “Валянцінавага дня” Аляксандрам Касцючэнкам, якому было прапанавана правесці персанальную выстаўку ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

26 сакавіка, акурат перад Міжнародным днём тэатра, пераможца конкурсу Алеся Снапок-Сарокіна атрымала прэмію з рук членаў журы, а прадстаўленыя на конкурс мастачкай макет і эскізы папоўнілі фонды музея. Далучылася да святкавання і ЮНЕСКО — па ініцыятыве гэтай міжнароднай арганізацыі і адзначаецца свята тэатральнага мастацтва. На цырымоніі ўзнагароджання былі ўручаны дыпломы за асвятленне тэмы тэатра ў СМІ заслужанаму артысту Беларусі Андрэю Душачкіну і пісьменніцы, крытыку, Таццяне Мушынскай.

 

Павел АМЯЛЬКОВІЧ,
старшы навуковы супрацоўнік
Дзяржаўнага
музея тэатральнай
і мастацкай культуры