Гэты конкурс, які праводзіцца з 2000 года з мэтай падтрымкі і заахвочвання маладых тэатральных мастакоў Беларусі, адбываецца па ініцыятыве Зоі Ушаковай, удавы мастака, чыё імя носіць творчае спаборніцтва, і Беларускага фонду культуры. Сёлета заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі тры тэатры. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага вылучыў на разгляд журы дэкарацыі да спектакля “Валянцінаў дзень” (мастак — А.Касцючэнка), Брэсцкі тэатр драмы і музыкі прапанаваў мастацкае афармленне “Вечара”, (мастак — В.Лесін), Рэспубліканскі тэатр юнага гледача — дэкарацыі да “Шчаўкунка” А.Снапок-Сарокінай. Апошняя праца і стала пераможнай.
Апроч таго, журы было адзначана афармленне “Валянцінавага дня” Аляксандрам Касцючэнкам, якому было прапанавана правесці персанальную выстаўку ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.
26 сакавіка, акурат перад Міжнародным днём тэатра, пераможца конкурсу Алеся Снапок-Сарокіна атрымала прэмію з рук членаў журы, а прадстаўленыя на конкурс мастачкай макет і эскізы папоўнілі фонды музея. Далучылася да святкавання і ЮНЕСКО — па ініцыятыве гэтай міжнароднай арганізацыі і адзначаецца свята тэатральнага мастацтва. На цырымоніі ўзнагароджання былі ўручаны дыпломы за асвятленне тэмы тэатра ў СМІ заслужанаму артысту Беларусі Андрэю Душачкіну і пісьменніцы, крытыку, Таццяне Мушынскай.
Павел АМЯЛЬКОВІЧ,
старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага
музея тэатральнай і мастацкай культуры