Праекты ў працы

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Аляксандр ВЯРСОЦКІ, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ІРКіСМ Гродзенскага аблвыканкама
На першым месцы — захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, інакш кажучы — рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”. Зроблена апошнім часам шмат. На Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне адчыніў дзверы палац Друцкіх-Лябецкіх. Ён не нам прыналежыць, але рашэнне аб аднаўленні палаца прыняў у свой час аблвыканкам.

/i/content/pi/cult/557/12199/6-1.jpgУ маёнтку Міхала Клефаса Агінскага на Смаргоншчыне з’явілася музейная экспазіцыя. У Жамыслаўлі (Іўеўскі раён) палац Умястоўскіх урэшце выстаўлены на продаж: вельмі важная справа зрушылася з мёртвай кропкі. Для аднаўлення Любчанскага замка на Навагрудчыне дзяржаўныя грошы не выдаткоўваюцца. Тым не менш, мы актыўна працуем з мясцовым фондам па рэалізацыі дадзенага праекта. І работы там, нягледзячы на неспрыяльны ў эканоміцы час, таксама не спыняюцца.

Паўтаруся, дадзены вектар развіцця абласной культуры — прыярытэтны. З ім звязаны наўпрост і творчыя высілкі раённых аддзелаў. І хачу падкрэсліць, што актыўнасць тут — надзвычайная. Мяркуйце самі, на сённяшні дзень каля трынаццаці трансгранічных праектў знаходзяцца ў працы. Задача найбліжэйшага часу — наладзіць трансгранічнае супрацоўніцтва ў кожным раёне Гродзеншчыны. “Беспраектных” раёнаў засталося няшмат. Неабходна вучыцца быць адносна незалежнымі ў фінансавым плане. Урэшце, гэта таксама адзін з відаў творчасці.

І менавіта ў выніку такога творчага падыходу і цесных стасункаў з польскімі Сувалкамі ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага рэалізаваны праект на суму ледзь не ў паўмільёна еўра. Так што ў лістападзе ў названай установе адкрыецца Інтэрактыўны цэнтр па творчай і ўсебаковай самарэалізацыі чытачоў. Аналагаў такому новаўтварэнню ў Беларусі пакуль няма… Будзем і надалей працаваць у кірунку эфектыўнай праектнай дзейнасці.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"