Ад вялікіх “мінусаў” да прафесійнага нон-cтоп

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Кангрэс бібліятэк: захаваць старадрукі і скласці канкурэнцыю клубнай сістэме
Трэці год запар знакавай падзеяй для бібліятэчных работнікаў з Беларусі і шэрагу краін замежжа з’яўляецца мінскі Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”, на якім узнімаюцца найбольш актуальныя пытанні сферы. Скажам, праблема трансфармацыі прасторы бібліятэкі ў новым інфармацыйным і сацыякультурным асяроддзі, адкрыты доступ да інфармацыі і аўтарскае права, праблемы чытання і інфармацыйная пісьменнасць. Клопаты гэтыя, вядома ж, не новыя. Затое ўдзельнікі Кангрэса прадставілі новыя падыходы да іх вырашэння. Да пачатку прадстаўнічага форуму некаторыя яго ўдзельнікі ў кулуарах падзяліліся з карэспандэнтамі “К” сваімі дасягненнямі і клопатамі, а таксама бачаннем развіцця бібліятэчнай сферы.

/i/content/pi/cult/557/12196/2-1.jpgІгін АЛЕК, прадстаўнік выдавецтва “Emerald Group Publishing”, Вялікабрытанія:

— Калі казаць пра актуальныя тэндэнцыі ў сферы кнігавыдання і бібліятэчнай справы, то ў Еўропе апошнія гады рэй вядзе трэнд на пераход друкаваных выданняў у лічбавы фармат. Для бібліятэк, з аднаго боку, гэта новыя магчымасці: сёння кніжны асартымент можна павялічваць нягледзячы на памер бібліятэчных памяшканняў і фінансавых магчымасцей. З іншага боку, і новыя выклікі нельга не ўлічваць: праблемай прыцягнення чытача сёння заклапочаны, у тым ліку, і ўсе вядучыя бібліятэкі Злучанага Каралеўства.

Наша выдавецтва практычна цалкам адмаўляецца ад выпуску друкаваных кніг. Гэта цалкам лагічна, улічваючы выдаткі на паперу і друк. Тым больш, наш асартымент — пераважна акадэмічныя часопісы і кнігі ў лічбавым фармаце. Яшчэ адна прычына такога пераходу: навукоўцы ці не першымі прызвычаіліся да электронных выданняў, якія ў спалучэнні з Інтэрнэтам адкрываюць неверагодныя магчымасці. А ўлічваючы, што навука будзе заўсёды актуальнай, на нашым выдавецтве сусветная тэндэнцыя зніжэння інтарэсу да чытання пакуль мала адбіваецца.

Таццяна БАРКО, дацэнт кафедры Мікалаеўскага філіяла Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— Навучальную ўстанову, у першую чаргу, хвалюе прафесійная кампетэнтнасць будучага бібліятэкара. Для нас актуальнае наступнае пытанне: ці любяць самі бібліятэкары чытаць? Не ведаю, як наладжаны вучэбны працэс у Беларусі, а ва Украіне некалькі гадоў таму змяніліся праграмы, і цяпер адчуваецца вялікі недахоп гадзін на вывучэнне мастацкай літаратуры. Гэта з’яўляецца вялікім “мінусам”. Сваім клопатам я абавязкова падзялюся з беларускімі калегамі на Кангрэсе і агульнымі намаганнямі паспрабуем знайсці шляхі вырашэння нашай праблемы.

Хачу зазначыць, што наш універсітэт рыхтуе бібліятэкараў не толькі для гарадскіх бібліятэк, але і для сельскіх. Перад апошнімі таксама пастаўлена высокая планка. І важная задача для іх — пашырэнне новых інфармацыйных тэхналогій. Моладзь і дзеці, якія жывуць у гарадах і ў сельскай мясцовасці маюць падобныя інтарэсы, жадаюць развівацца. А дзе, як ні ў бібліятэках яны будуць гэта рабіць? І важна, каб юнакі і дзяўчаты не толькі самастойна знаходзілі ў Інтэрнэце інфармацыю. Неабходна скіроўваць іх у правільным напрамку, дапамагаць арыентавацца ў мастацкай, навукова-папулярнай літаратуры.

Лічу, немалаважна для прафесіяналізму бібліятэкара і пастаяннае павышэнне кваліфікацыі. Праца ў гэтым кірунку ў нас вядзецца бесперапынна. Прыкладна раз на тры гады кожны бібліятэкар знаёміцца з найноўшымі тэхналогіямі сферы і новымі падыходамі да працы з чытачамі.

Ірына ЦІКУНОВА, начальнік упраўлення навуковай і метадычнай дзейнасці — загадчык Цэнтра даследавання праблем развіцця бібліятэк у інфармацыйным грамадстве Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі:

— Я прыехала падзяліцца досведам па пытаннях рэгістрацыі кніжных помнікаў, што існуюць у адзіным экзэмпляры. Добра, што ў вас з’явіўся закон па стварэнні адпаведнага Дзяржаўнага рэестра. У Расіі гэта дзейнасць ідзе больш за 5 гадоў, ужо пройдзены першы этап: праведзена рэгістрацыя, падрыхтоўка і збор інфармацыі пра больш за 40 тысяч кніжных помнікаў з розных бібліятэк і музеяў краіны.

Вельмі сур’ёзнае пытанне, з якім вам давядзецца сутыкнуцца, — аб’ектыўнасць крытэрыя аднясення дакумента да кніжнага помніка. У прыватнасці, у Расіі першапачаткова лічылася, што гэтай праблемай будзе займацца фондатрымальнік. Калі ж рэгістрацыя пераходзіць на ўзровень дзяржавы, ізноў паўстае пытанне параметраў для вызначення, каму можна надаваць гэты статус. Напрыклад, храналагічны крытэрый, якім у нас карыстаюцца, дастаткова дакладна вызначаны. Здаецца, і першае кола вельмі лёгка акрэсліваецца: прызнаныя класікі, тыя, хто ўнесены ў адукацыйную праграму. Але колькі разоў з тых жа ідэалагічных прычын змяняліся імёны “прызнаных”? Яшчэ цяжэй з прыжыццёвымі выданнямі пісьменнікаў, дзяржаўных дзеячаў. Каго з іх лічыць выбітным, а каго не?

Усё гэта патрабуе сур’ёзнага абмеркавання, бо мы бярэм на сябе гістарычную адказнасць перад будучымі пакаленнямі. Магчыма, выйсце з пастаўленных праблем ў стварэнні экспертнай камісіі на дзяржаўным узроўні. А можа лепш замацаваць адмысловыя палажэнні ў пэўным дакуменце, каб хаця б на першых этапах весці сістэматызаванне ў суадноснінах з гэтым спісам?

Лілія ТАРАСЕВІЧ, загадчык аддзела навуковай апрацоўкі дакументаў бібліятэкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (Горкі):

— Сёння ва ўсіх бібліятэк ёсць праблемы, бо электронная кніга выцясняе друкаваную. Бібліятэкары спрабуюць дабіцца таго, каб розныя формы выданняў існавалі паралельна, а не выцяснялі адна адну. Мы, захоўваючы тое, што маем, імкнёмся адпавядаць новым патрабаванням аўдыторыі. Наша ўстанова з’яўляецца вядучай сельскагаспадарчай бібліятэкай краіны. У нас шыкоўны фонд рэдкай кнігі: некаторыя навуковыя выданні датуюцца ХVIІ стагоддзем. Але колькасць наведвальнікаў памяншаецца, многія пераходзяць у віртуальную прастору. Для іх мы ствараем электронны каталог, каб падзяліцца нашым багаццем з большай колькасцю карыстальнікаў. Моладзь таксама наведвае нашы старонкі, не выходзячы з дому карыстаецца паўнатэкставымі анлайн-падручнікамі, электроннымі версіямі лекцый, метадычнымі ўказаннямі.

За мяжой вельмі папулярны кірунак, калі бібліятэка са сховішча кніг ператвараецца ў шматпрофільны цэнтр, у тым ліку — месца для адпачынку. Асабліва мне імпануе, калі ладзяцца забавы для дзяцей, такім чынам ахопліваючы ўсю сям’ю: дарослыя могуць пачытаць, вырашыць свае справы ў інфармацыйнай прасторы і пры гэтым быць спакойнымі, што дзеці занятыя. Хочацца, каб у Беларусі напрамак на рэкрыацыйную дзейнасць таксама ўзмацніўся.

Надзея НАВАЖЫЛАВА, дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наваполацка:

— Сістэма наваполацкіх бібліятэк мае, як мне падаецца, тыя самыя праблемы, што і іншыя публічныя бібліятэкі краіны. Гэта, найперш, клопат, звязаны з наведвальнасцю чытальных залаў, праблема аўтаматызацыі бібліятэк. Справа ў тым, што адпаведныя праграмы створаны ўжо даўно, але, на жаль, з-за недахопу фінансавання цалкам аўтаматызаваць нашы ўстановы на належным узроўні пакуль не атрымліваецца. Хочацца, каб кожная бібліятэка мела магчымасць, скажам, карыстацца электроннымі фармулярамі. У час росквіту інфармацыйных тэхналогій важна, каб любы філіял мог прадастаўляць сучасныя паслугі. Для нас надзвычай актуальная і кадравая праблема. Маленькія заробкі спецыялістаў на фоне суседства з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі не спрыяюць прыцягненню кадраў. Не хапае работнікаў найперш з прафесійнай адукацыяй: сітуацыю спрабуем выправіць, уладкоўваючы ў бібліятэкі тых жа настаўнікаў. Што да камплектавання — каля дзесяці гадоў таму гэтае пытанне было вырашана на дзяржаўным узроўні. Хочацца, каб тыя 15 працэнтаў, што выдаткоўваюцца на камплектаванне бібліятэк новай літаратурай, захоўваліся і надалей.

Мы ўжо даўно адышлі ад таго, каб працаваць толькі ў сцянах бібліятэкі. З’яўляючыся сацыякультурнай пляцоўкай, мы выходзім на вуліцы і плошчы. У нас працуюць летнія чытальныя залы, ніводнае вялікае гарадское свята не абыходзіцца без нашага ўдзелу. Прыкладам, атрымала станоўчы розгалас акцыя “Бібліятэчны марафон”. Словам, максімальна выкарыстоўваем сучасныя формы прыцягнення чытача ў бібліятэку. У сваім арсенале маем больш за 60 відаў платных паслуг. Усё, што можна было прыдумаць, мы прыдумалі. Мяркую, у нас яшчэ засталася адна ніша — скласці канкурэнцыю клубным установам. Ужо сёння ў трох нашых бібліятэках працуюць выставачныя залы, а бібліятэчныя пляцоўкі выкарыстоўваюцца для разнастайных тэатралізаваных мерапрыемстваў.

Галіна СЛЕСАРЭНКА, дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева:

— Зараз многія мае калегі кажуць пра неабходнасць прыцягнення чытача праз новыя інфармацыйныя тэхналогіі. З аднаго боку, мы згодны з такой пастаноўкай пытанння і актыўна выкарыстоўваем новыя магчымасці. У нас вельмі шмат віртуальных выставак, мы прадастаўляем чытачам доступ у Інтэрнет, многія бібліятэкі маюць на ўзбраенні Wі-Fі-інтэрнэт. Над стварэннем буктрэйлераў працуюць не толькі гарадскія бібліятэкі, але і невялікія сельскія. З гэтай нагоды неаднаразова на бібліятэчных форумах адзначалася наша бібліятэка ў вёсцы Вялікая Ухалода, якая мае свой блог, цікавы інтэрактыўны праект па падтрымцы цікавасці да чытання.

З іншага боку, мы актыўна працуем на разнастайных пляцоўках. Адбываецца абслугоўванне аздараўленчых летнікаў, з поспехам ажыццяўляецца праект для дзяцей “Бібліятэка пад парасонам” — магчымасць па-за бібліятэчнай прасторай пазнаёміцца з кнігай, цікава правесці час.

Яшчэ адзін важны момант — дзейнасць бібліятэкі як сацыякультурнага цэнтра. Сёння на базе нашых бібліятэк працуе краязнаўчы цэнтр, некалькі музейных экспазіцый. Так, маем музейна-выставачны комплекс “Партнёры, сябры, пабрацімы” — праект прысвечаны 23 гарадам-пабрацімам горада Барысава. Актыўна ажыццяўляем галерэйна-выставачную дзейнасць. Зараз маем тры вялікія пляцоўкі. А неўзабаве дзякуючы падтрымцы спонсараў адкрываем новую — персанальную галерэю вядомага мастака Валерыя Шкарубы. Маем таксама праект, у якім паказваем, як любяць кнігу вядомыя жыхары Барысава, у тым ліку футбалісты клуба “БАТЭ”. Дарэчы, спартсмены дапамагаюць і нашаму духоўна-асветніцкаму цэнтру, пры якім працуе дзіцячае культурна-спартыўнае аб’яднанне “Гарызонт”.

Надзея КАЛУЖОНАК, галоўны бібліограф інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела Цэнтральнай бібліятэкі імя Францыска Скарыны горада Полацка:

— Зараз шмат гавораць пра замацаванне ў якасці аднаго з асноўных прынцыпаў дзейнасці бібліятэк распаўсюджванне прававых ведаў. Полацкай ЦБ не давядзецца перастройвацца: з 2001 года ў нас існуе Публічны цэнтр прававой інфармацыі. Ён закранае ўсе пласты насельніцтва. Напрыклад, чацвёрты год запар праводзім дэкаду прававых ведаў, калі на працягу амаль двух тыдняў у рэжыме нон-стоп адбываецца больш за 30 мерапрыемстваў, якімі ахопліваем усе школы горада і Полацкага раёна.

Сумесна з жаночай кансультацыяй здзяйсняем праект “Прававая мама”: знаёмім цяжарных жанчын з гарантыямі працоўнага заканадаўства, правамі на адпаведныя віды дзяржаўнай дапамогі. Таксама займаемся з людзьмі сталага ўзросту, праводзім для іх трэнінг па рабоце з інфармацыйна-пошукавай сістэмай “Эталон”, іншымі рэсурсамі, каб яны адчувалі сябе больш упэўненымі ў вялікай плыні інфармацыі і патрэбнымі ў грамадстве. У нас ёсць старонкі амаль ва ўсіх сацыяльных сетках, куды я скіроўваю інфармацыю як па Прававым цэнтры, так і па ўсёй бібліятэцы. Нашы чытачы актыўна выкарыстоўваюць тыя звесткі для зваротнай сувязі.

Мяне засмучае толькі адно: выканкам перастаў зацвярджаць план нашых юрыдычных кансультацый. Калі раней за кожнай з іх замацоўваўся адпаведны спецыяліст, то зараз даводзіцца самім на дабрачынных пачатках дамаўляцца аб правядзенні такіх мерапрыемстваў. Хочацца, каб на высокім узроўні нас зноў сталі падтрымліваць, бо гэтыя сустрэчы надзвычай запатрабаваны насельніцтвам.

Тамара ЖБАНКОВА, загадчык адзела навуковай апрацоўкі дакументаў бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта:

— Нават пры адсутнасці вялікага фінсавання бібліятэкары застаюцца аптымістамі і працягваюць прасоўваць ідэі, укараняць у сваёй справе лепшае і прапаноўваць найноўшае. Тэндэнцыя такая, што колькасць рэальных чытачоў падае, моладзь больш скіравана да электронных рэсурсаў. Работа павінна пераналаджвацца ў гэтым напрамку больш актыўна, але не заўсёды хапае сродкаў. Прынамсі, у нас не так даўно была праблема з абсталяваннем. Установе бракуе фінансавання з боку ўніверсітэта, верагодна, наша роля ім крыху недаацэньваецца. І ўсё ж мы змаглі распачаць рэканструкцыю студэнцкай чытальнай залы — як самога памяшкання, так і яе начыння. Актыўна стала стварацца электронная бібліятэка. Апошнім часам яе наяўнасць улічваецца пры складанні рэйтынга ВНУ і з гонарам скажу, што мы ў гэты рэйтынг трапілі.

Вельмі хочацца, каб у Беларусі на новы ўзровень выйшла тэма зводных каталогаў. Шмат аб гэтым распавядаюць, але пакуль да праекта далучыліся толькі чатыры кніжніцы… Асабліва мне шкада, што ў дадзеную праграму чамусьці не ўключаны бібліятэкі ВНУ…

Фота Кастуся АНТАНОВІЧА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"