Касцюковіччына, Маладзечаншчына, Іўеўшчына, Ганцавіччына...

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г


/i/content/pi/cult/557/12195/10-1.jpgКасцюковіччына / У тузіне намінацый

Традыцыйна ў кастрычніку, калі работнікі культуры адзначаюць прафесійнае свята, праходзіць Раённы фестываль народнай творчасці сярод сельскіх устаноў культуры “Крыніца душы”.

Два дні доўжыўся дзявяты па ліку фестываль, у якім удзельнічалі 17 сельскіх клубных устаноў. Падрыхтоўка да фэсту вялася цягам года. У выніку адбылося мерапрыемства, якое прадэманстравала якасць работы і прафесійны ўзровень сельскіх культработнікаў. А яшчэ праз яго можна было падзяліцца вопытам і майстэрствам, убачыць збоку свае памылкі, зрабіць высновы. Гледачам жа заставалася парадавацца багаццю раённых талентаў.

Самадзейныя артысты ўсіх узростаў (ад трох гадоў і больш як васьмідзесяці) змагаліся за права называцца лепшымі ў намінацыях: “Сатыра і гумар”, “Тэатральнае мастацтва”, “Выканаўцы беларускага твора”, “Рэжысура”, “Індывідуальныя выканаўцы”, “Дуэты”, “Вядучыя”, “Мастацкае чытанне”, “Аўтарскі твор”, “Вакальна-харавыя калектывы”, “Дзіцячыя ансамблі”, “Харэаграфічныя калектывы”.

Аматары паэзіі прадставілі на суд журы і гледачоў свае творы. Майстэрствам прамоўцаў у ролі вядучых парадавалі самыя маладыя ўдзельнікі конкурсу.

Наталля ДРОБЫШАВА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна

 

Маладзечаншчына / Эпоха на фота

13 кастрычніка 2015 года ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне адкрылася выстаўка “Эпоха Агінскага: аднаўленне памяці…” Гэта творчы фотапраект, прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння славутага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Чаму аўтар праекта Міхаіл Крыжаноўскі вырашыў выставіць свае фотаработы ў Маладзечне? Таму, што тут у свой час жыў і тварыў родзіч кампазітара граф Францішак Ксаферы Агінскі, які і падараваў яму свой маёнтак у Залессі.

На фатаграфіях — не толькі хараство беларускай прыроды, але і выявы таленавітых, шчырых людзей гэтага краю. У экспазіцыі прадстаўлены работы ў жанрах фотарэпартаж, мастацкае фота, кам’ютарная графіка…

Мадэратарам выстаўкі была дырэктар дабрачыннага фонду “Спадчына М.К. Агінскага” Аляксандра Ляшковіч. Перад прысутнымі выступілі дырэктар аграсядзібы і мастак Аляксандр Рашэтнікаў, маладыя музыканты Алена Кавалевіч і Іван Кабылчанка, якія выканалі творы славутага кампазітара.

Васіль ЕРМАЛОВІЧ


Іўеўшчына / Пра што пісала “Ніва”…

20 кастрычніка ў Іўеўскай дзіцячай бібліятэцы адкрылася выстаўка “Вялікая забытая вайна”, прымеркаваная да стагоддзя пачатку Першай сусветнай.

Канцэпцыя праекта — адлюстраванне вайны як катастрофы і трагедыі планетарнага маштабу.

Арганізавалі выстаўку загадчык бібліятэкі Таісія Грыкень і краязнаўца Іван Буйко. У стварэнні экспазіцыі прынялі ўдзел Андрэй Волчак і Аляксей Гушча, якія не пашкадавалі матэрыяламі з уласных калекцый. Усе яны ўпэўнены, што выстаўка разгортвае забытыя старонкі нашай гісторыі.

Выстаўка займае адну залу і распавядае пра ваенныя падзеі, пра побыт афіцэраў і салдат, пра жыццё насельніцтва акупаванай кайзераўскімі войскамі Іўеўшчыны. Сярод экспанатаў — больш за сто артэфактаў: фотаздымкі, лісты, паштоўкі, дакументы, газета “Ніва” 1916 года, часопіс “Агеньчык” 1914-га, тагачасныя грашовыя знакі і каляндар рэлігійных святаў, штыкі, сапёрны рыштунак, вайсковы посуд і многае іншае.

З уласных фондаў бібліятэка прэзентавала навукова-папулярную, мастацкую літаратуру, што распавядае пра падзеі Першай сусветнай вайны.

Святлана МІРОНЧЫК, дырэктар Іўеўскай дзіцячай бібліятэкі


Ганцавіччына /Пра БССР

Не намі прыдумана, што рэклама з’яўляецца рухавіком прагрэсу. Як кажуць, рэкламуй — і цябе пачуюць. Для гэтага аддзел бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай РЦБС рэалізаваў шматлікія бібліятэчныя праекты, скіраваныя на папулярызацыю літаратуры, прыцягненне чытачоў у бібліятэку. Пра адзін з іх і пойдзе гаворка.

Калі пяць гадоў таму сельская бібліятэка аграгарадка “Востраў” перабралася ў шыкоўнае памяшканне былога дзіцячага садка, адразу ўзнікла ідэя стварэння ў адным з пакояў музея. Але якой тэматыкі? Этнаграфічнымі пакоямі нікога ўжо не здзівіш, а вось гісторыя Савецкай Беларусі засталася за заслонай часу і раскрыта не так дасканала як хацелася б. А гэта немалы адрэзак часу — з 1939-га, калі Ганцавіччына ўвайшла ў склад БССР разам з тэрыторыяй усёй колішняй Заходняй Беларусі, па 1991 год.

Цяпер моладзь можа прыйсці ў бібліятэку і зазірнуць у гісторыка-краязнаўчы пакой “Мы — з БССР” і на адным з фотаздымкаў пазнаць свайго прадзеда, які ваяваў супраць фашыстаў, патрымаць у руках невядомыя ей грашовыя адзінкі з выявай Леніна, пачуць звон капеек, сыграць на піянерскім горне — усё гэта падаецца моладзі нейкім цудам. Для старэйшага пакалення завітаць у пакой з атрыбутыкай савецкіх часоў — усё-роўна, што адкруціць стужку жыцця назад.

Як усё было? Мы стварылі праспект-праграму “Контуры”, у рамках якой і пачалася праца па ўладкаванні гісторыка-краязнаўчага пакоя “Мы — з БССР”. Актыўна падключылася ў работу па рэалізацыі праекта бібліятэкар Вольга Клявец. Чытачам і жыхарам Вострава было прапанавана прыняць удзел у акцыі “Гісторыю ствараем самі”. У сціслы тэрмін сабралі ўнікальныя матэрыялы, якія патрэбна было сістэматызаваць і прадставіць для чытачоў. Падчас бібліятэчнага семінара “Сучасная бібліятэка — інфармацыйны цэнтр гісторыка-культурнага турызму” адбылася прэзентацыя музейнага пакоя.

Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавічскай РЦБС