Пленэр у дэталях

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Занатоўкі мастака: калі цябе нехта "лайкне"...
Мастак і літаратар Адам Глобус распавядае на старонках "К" пра тое, як адбываюцца мастацкія пленэры ў сталіцы суседняй краіны — Вільнюсе.

/i/content/pi/cult/557/12190/13-2.jpg

Адам Глобус. "Ад касцёла да касцёла".

Мастак Раймандас Савіцкас запрасіў мяне ў Літву на пленэр. Добра, што тэма блізкая і зразумелая — краявіды Вільні. Тыдзень буду маляваць і пісаць, а мне пад гэтую справу адкрылі ліміт на 100 еўра ў прыстойнай рэстарацыі і дазволілі набраць у краме палатна ды фарбы з пэндзлямі на цэлых 80 еўра. Яшчэ прапаноўвалі месца ў гатэлі, але я вырашыў жыць і працаваць у студыі.

З-за сквапнасці, відаць, прынёс з крамы ажно тры падрамнікі. Фарбу браў у вялікіх слоіках. Трэба было і пэндзлі выбіраць большыя, але я набраў невялікіх, такіх, якімі звычайна і працую. Прыйшоў з крамы і адразу ж парастаўляў палотны ля сцяны, параскладаў пэндзлі і фарбы на падваконнях. Паклаў на стале загадзя зробленыя малюнкі тамтэйшых краявідаў... Здавалася б — бяры і пачынай працу. Не! Сядзеў і глядзеў на новыя пэндзі, чыстыя палотны, поўныя слоікі фарбы. Было шкада іх псаваць. Шкада самым натуральным чынам! Ведаю, што сапсую ўсё, а потым давядзецца доўга выбірацца з сапсаванага, і не факт што выберуся ў пераможцы. Таму пачатак працы адклаў на раніцу. Дарэчы, з замежнікаў на сімпозіўм (так імпрэзу назвалі афіцыйна) — не, лепей буду казаць па-мастакоўску: “пленэр” — прыехала пара ізраільцянаў і адзін беларус. Абмежаваны інтэрнацыяналізм шчодра кампенсаваўся дзясяткам выдатных літоўскіх мастакоў і мастачак…

У адну з раніц было запланавана маляванне на вуліцы, названай у гонар дыпламата Савіцкаса... Некалі, пабачыўшы дзесяць акварэлістаў на адной з вуліц Барселоны, яны падаліся мне смешнымі. Сівыя дзядзькі і старыя цёткі сядзяць на маленечкіх крэселках за невялічкімі эцюднікамі і ўсе пішуць тоненькімі пэндзлікамі адну вуліцу. Цяпер давялося самому сыграць ролю смешнага дзядзькі, які разам з калегамі маляваў адну вуліцу. Большасць мастакоў — з палотнамі на эцюдніках. Шмат на кім былі нават халаты. Таму мерапрыемства выглядала звыш сур’ёзна. Я таксама выглядаў сур’ёзна і небяспечна, бо да мяне двойчы падыходзілі незнаёмцы і пыталіся, што я тут — у іх двары раблю. Я тлумачыў, што ў нас мастакоўскі пленэр, мы малюем вуліцу Савіцкаса, а не турму “Лукішкі”, у якую тая вуліца ўпіраецца. Незнаёмцы спакайнелі, пасля маіх тлумачэнняў, але недавер да мяне ў іх вачах не згасаў. Спярша я быў падумаў, што ў сваіх чорных акулярах нагадваю шпіёна. Але больш страшны для сённяшніх вільнюсцаў тутэйшы архітэктар. Гэты паходзіць кругамі, памалюе, пафатаграфуе, а потым людзей высяляюць. А дамы перабудуюць ці нават пабураць. Мусіць, я нагадваў архітэктара ўсё ж больш…

Гэтым разам я пісаў і маляваў тут з захапленнем. Напісаў адно палатно з анёлам, які ідзе па паветры. Напісаў, а радасці няма. Напісаў другое палатно з чырвоным вечарам у старым горадзе. Радасці ніякай. Кожнае палатно перапісваў неаднойчы. Маркота ахапіла мяне. Седзячы за сталом піў гарбату і выпадкова зірнуў у люстэрка. Там пабачыў палатно з чырвоным вечарам. У люстэрку карціна мела скончаны выгляд і цалкам мяне задаволіла. Пасля гэтага я больш не чапаў палотны, а толькі маляваў і пісаў акрылам на паперы. З паперай у мяне даўнія добрыя адносіны, таму малюнкі рабіліся хутка, і я заставаўся ў гуморы ўсе выходныя. Нават панядзелак пачаўся з малявання ў старым горадзе побач з нашай святой Вострай брамай.

Нарэшце я здаў у галерэю Савіцкаса напрацаванае цягам пленэра: палотны “Раніца ў Вільні” і “Вечар у Вільні”. Акрамя іх, якія пяройдуць ва ўласнасць галерэі, здаў на выстаўку восем новых малюнкаў. Яшчэ восем мінулагодніх, з краявідамі горада, таксама прынёс у галерэю. Цяпер у Савіцкасаў будзе ажно пятнаццаць маіх малюнкаў на продаж. Добра, калі нехта пагаджаецца рэкламаваць і прадаваць тваю творчасць.

Пленэр скончыўся, як і мусіў скончыцца: адкрылася выстаўка. Мае палотны павесілі ў светлым месцы. Маім творам не шкодзіць вялікае колькасць святла, наадварот — чым больш на іх сонца, тым для іх лепш. Пад палотнамі на стале расклалі мае малюнкі. Я быў вельмі задаволены сваёй часткай экспазіцыі. Калі мастак задаволены ўласным прадстаўленнем, дык і ўсё астатняе на выставе яму выглядае добрым і выдатным. Я хадзіў і хваліў усіх каго ведаў. Мне зусім не шкада кампліментаў. Чаго іх шкадаваць? Ты некага лайкнуў, глядзіш — і цябе нехта лайкне. Я хваліў чужое і слухаў ухвалы ў свой бок. Галерэя мне падарыла альбомы Аўгусцінаса Савіцкаса. Мне больш падабаецца яго суворы стыль шасцідзесятых, калі ён ішоў у адной звязцы са Шважасам, Джаўкштасам, Чыпонісам і Вейверытэ.

Пасля доўгіх і ўсмешлівых развітанняў я зноў пайшоў маляваць. У мяне ўсё яшчэ заставалася пару гадзін у сонечным горадзе.

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар