Культ-поле і… гародзік

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Ганна ЧЫСТАСЕРДАВА, арт-дырэктар Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”
Пра тое, як прайшлі шэсць гадоў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў”, лепш за мяне засведчаць праекты, партнёры, гледачы, новыя імёны, адкрытыя і дзякуючы нашай дзейнасці. Гэта не толькі мастакі, фатографы, скульптары, але і куратары, даследчыкі. Заўсёды падкрэсліваю: развіццё немагчымае без кансалідацыі, узаемадапамогі, цікавасці адзін да аднаго.

/i/content/pi/cult/557/12186/5-2.jpgНаколькі галерэю можна лічыць культавым месцам — лепш спытаць у мінчан, якія цікавяцца культурным жыццём. Урэшце, часцяком заўважаю людзей, што прыйшлі не адно з прафесійнай цікавасці, але і турыстаў. Прыемна чуць ухвалу ад іх. Значыць, ёсць момант упісанасці не толькі ў кантэкст сучаснага, актуальнага беларускага мастацтва, але і датычнасці да развіцця арт-сферы Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

У сваёй працы калектыў імкнецца знаёміць з надзённымі тэмамі. Натуральна, існуюць праблемы, у большасці сваёй звязаныя з недахопам фінансаў. Аднак поспех у тым, што асноўная маса праектаў, айчынных і замежных, ажыццяўляецца ўласнымі сіламі. Пазіцыя галерэі ў гэтым сэнсе выразная: сутыкаючыся з выклікамі, ты абавязаны знаходзіць новыя шляхі, быць больш актыўным, гнуткім.

У большасці выпадкаў мы будуем стасункі на супрацы, на абмеркаванні пытанняў, таму з боку галерэі няма дыктату адносна экспанентаў. Мы запрашаем велізарную колькасць куратараў для нашых праектаў і заўсёды скарыстоўваем магчымасць уцягнуць у працэс чалавека, які нават з кароткатэрміновым візітам прыязджае ў Мінск, каб ён падзяліўся сваім вопытам. Пажадана нават не з вузкім колам. Адсюль і такія фарматы, як семінары, лекцыі, майстар-класы.

Апошнім часам нам падаўся цікавым кірунак узаемасувязі паміж мастацтвам і прыродай. Напэўна, вы чулі і пра наш самы сапраўдны гародзік: абсалютна трэндавую з’яву для краін еўрапейскіх, але для нас — толькі першыя крокі ў гэтай галіне.

Мы не знаходзімся ў той сітуацыі, калі можна казаць пра канкурэнцыю. Змены прыйдуць, калі ў горадзе будзе, як мінімум, чатыры галерэі сучаснага мастацтва ў правільным разуменні — галерэі, якія маюць сваю палітыку, стратэгію, якія займаюцца не толькі прэзентацыяй і арганізацыяй выставак, але і працай па ўмацаванні культурнага поля. Таксама варта займець і прафесійныя дзяржаўныя інстытуцыі ў галіне сучаснага мастацтва, якія адпавядаюць патрабаванням, даўно і не намі прапісаным.

Прыемна, што за апошнія два гады колькасць пляцовак для дэманстрацыі і рэалізацыі культурных праектаў у Беларусі ўзрасла. Спадзяюся, гэтая тэндэнцыя не спыніцца. Сапраўды знойдуцца людзі, гатовыя інвеставаць у адпаведныя ўстановы, дзяржаўныя ці прыватныя.

Фота аўтара

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог