Бібліятэкі без… карыстальнікаў

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Лілія ГАРБУНОВА, загадчык бібліятэкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта
Па запрашэнні беластоцкай універсітэцкай бібліятэкі імя Ежы Гедройца брала ўдзел у V Агульнапольскай навуковай канферэнцыі “Бібліятэкі без карыстальнікаў?.. Дыягназ праблемы”. Такія мерапрыемствы з 2007 года ладзяцца тут раз на два гады. Удзел стаў магчымым дзякуючы супрацоўніцтву бібліятэк у рамках Дамовы аб стварэнні сеткі ўніверсітэтаў памежжа.

/i/content/pi/cult/557/12185/5-1.jpgУ канферэнцыі 2015 прынялі ўдзел больш за 100 чалавек — кіраўнікі і спецыялісты бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў і інфармацыйных цэнтраў, вытворцы навуковай інфармацыі. Кіраўнікі бібліятэк ВНУ Беларусі сталі першымі прадстаўнікамі замежжа на канферэнцыі.

Тэма форуму “Бібліятэкі без карыстальнікаў?.. Дыягназ праблемы” мяне вельмі зацікавіла. Хацелася даведацца, што прапануюць польскія калегі для тых, хто выкарыстоўвае бібліятэчныя рэсурсы ў традыцыйным рэчышчы, якія новыя формы супрацоўніцтва з карыстальнікамі бібліятэк яны прапануюць. У той жа час я была зацікаўлена ў тым, каб і самой падзяліцца вопытам работы бібліятэкі нашага ўніверсітэта.

Ва ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі прыняў удзел мэр горада Супрасль, дзе, дарэчы, і ладзілася імпрэза. Натхнёныя і шчырыя словы мэра аб значэнні бібліятэкі ў жыцці грамадства задалі асаблівы тон усёй канферэнцыі. Шчыра прызнаюся: даўно ўжо мне не даводзілася чуць такой ацэнкі дзейнасці бібліятэк з вуснаў чыноўніка.

У сваіх выступленнях кіраўнікі бібліятэк адзначалі, што ўзровень тэхнічнага забеспячэння бібліятэк і аналіз паслуг, што аказваюцца бібліятэкай, патрабуе пераасэнсавання не толькі паняцця “чытач”, але і паняцця “карыстальнік”. Магчыма, гэта будзе паняцце “кліент”?

Прагучала і такая інфармацыя: выкарыстанне электронных рэсурсаў з 2008 па 2013 год павялічылася на 353 %. У той жа час лозунг “Свет навукі чакае дома”, як аказалася, не заўседы сябе апраўдвае. Студэнту патрэбна вучэбная кніга, яму патрэбны жывыя зносіны. Усе гэта дае бібліятэка, якая ў сваёй працы захавала літаратурныя вечары, сустрэчы з цікавымі людзьмі, кніжныя агляды, дадаўшы да гэтага сайты бібліятэк, зносіны ў сацыяльных сетках, мабільнае прыкладанне (меню ў студэнцкім кафэ, расклад руху аўтобусаў, тэатральныя афішы і іншае) як паслугу бібліятэкі, паўнатэкставыя базы даных сусветных вытворцаў і поўную аўтаматызацыю бібліятэчных працэсаў.

Быў цікавы фармат абмеркаванняў. Я назвала б гэта дыялогам на пляцоўцы свабодных дыскусій. Названы дыялог даваў магчымасць прымерыць чужы вопыт да ўласных умоў працы. Напрыклад, адкрытае прызнанне Хелены Альшэўскай, што ў бібліятэцы ўніверсітэта ў Познані наведванняў усё менш і менш. Такая тэндэнцыя захоўваецца ўжо некалькі гадоў, але гэта мясцовых бібліятэкараў асабліва не турбуе: яны ўвогуле лічаць такую сітуацыю правільнай! Справа ў тым, што сёння карыстальнік можа звяртацца да рэсурсаў бібліятэкі, не выходзячы з дома 24 гадзіны на суткі. Прычым, доступ да электронных крыніц пастаянна павялічваецца… Зразумела, усё гэта не выклікае росту наведвальнікаў у будынку бібліятэкі… Тым не менш, спецыялісты ў Познані разумеюць, што калі паслугі і рэсурсы бібліятэк могуць быць і віртуальныя, дык сустрэчы з людзьмі павінны быць рэальнымі. Менавіта таму бібліятэка ўніверсітэта прапануе сваім карыстальнікам ўдзел у розных праектах.

Я таксама распавяла аб практыцы сумеснай працы бібліятэкі БарДУ з кафедрамі ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Студэнт-даследчык” і “На паклон да класіка”, прааналізавала эфектыўнасць гэтай працы. Сапраўды, што мы, бібліятэкары, атрымліваем, арганізаваўшы столькі розных праектаў? З Хеленай Альшэўскай мы былі адзіныя ў тым, што працуючы ў кірунку прасоўвання такіх праектаў, будуем сабе шырокую чытацкую аўдыторыю. Я думаю, і для ўсіх бібліятэк нашай краіны гэта таксама актуальна, асабліва сёння...