Што мастак “ліквідам” лічыць?

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Магія лічбаў: шпацыр па “…Салоне” з прыкідкай на ўласную кішэню
У сталічным Палацы мастацтва праходзіць выстаўка “Восеньскі салон з “Белгазпрамбанкам”. “Восеньскі салон…” — выстаўка-продаж. У ёй бяруць удзел 90 маладых мастакоў, якіх эксперты банка вылучылі як найлепшых, як самых перспектыўных у сваёй узроставай групе. На інфармацыйных шыльдачках, што побач з карцінамі, скульптурамі, графічнымі аркушамі, іншымі ўзорамі творчасці, акрамя імя творцы, назвы работы і матэрыялу, у якім яна выканана, прысутнічае яшчэ і лічба ў беларускіх рублях, у якую аўтар ацаніў сваю працу. Гэтыя шыльдачкі наведвальнікі выстаўкі разглядаюць не менш, а мо і больш пільна, чым самі творы.

/i/content/pi/cult/557/12182/4-1.jpg

Фота з віртуальнай экскурсіі па "Восеньскім салоне з "Белгазпрамбанкам".

Яно і зразумела: грошы ў чужой кішэні (нават, калі яны туды яшчэ не пакладзены) — тэма, што заўжды кагосьці хвалюе. Мяркую, шмат хто, пабачыўшы сямі-васьмі-дзевяцізначныя лічбы на цэнніках, упэўніцца: няўцямныя чуткі пра фантастычныя заробкі людзей мастацтва і не чуткі зусім, не легенда (мастакі, праўда, пачуўшы яе звычайна сумна ўсміхаюцца), а самая што ні ёсць брутальная рэчаіснасць.

І насамрэч гэтыя цэны, трапіўшы на непадрыхтаванае вока і зачапіўшы кволы розум, могуць выклікаць шокавы эфект. Нават у параўнанні з коштам на мастацкую прадукцыю, прадстаўленую ў двух профільных салонах на сталічным праспекце Незалежнасці ці ў якой прыватнай галерэі, яны глядзяцца як карабель іншапланецян на калгасным полі: 92 мільёны, 155 мільёнаў, 170, 180, 198, 237, 270, 320, 422, 528 мільёнаў беларускіх рублёў. Я называю верхнюю планку. Гэта цэны на жывапіс і скульптуру. Але можна адносна танна, паводле салоннага кантэксту, прыдбаць аркуш лічбавай графікі (прыблізна за 12 000 000), лінарыт (прыблізна за 9 000 000), акварэль (за 7 000 000) альбо літаграфію (за два з паловай мільёны). Карацей, глядзіш і хочацца працытаваць іранічнае: “Гэта цэннікі альбо тэлефонныя нумары?”. Ну, а калі без жартаў, дык для мяне заўжды было і застаецца зараз таямніцай, як утвараецца цана твора мастацтва. Агульны рынкавы механізм збольшага зразумелы, а вось калі гаворка ідзе пра каштоўнасць і цану канкрэтных рэчаў, дык звыклая логіка не заўжды спрацоўвае.

Вось на гэтай выстаўцы прадстаўлена разам з творамі сучасных беларускіх мастакоў частка карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”. (Увогуле, праз "...Салон" фінансавая ўстанова адзначае свой юбілей і сцвярджае сябе ў якасці мецэната.) Вонкава някідкі партрэт работы Хаіма Суціна, побач з якім увесь час знаходзіцца міліцыянер-ахоўнік, каштуе мільён васемсот тысяч долараў. Праўда, я не ўпэўнены, што за яго заплацілі б такія грошы, каб пад тым партрэтам стаяў подпіс нікому невядомага альбо малавядомага мастака… Я гэта кажу пры ўсёй вялікай павазе да асобы Суціна і да ягонай творчасці. Але нават у геніяў не ўсё геніяльна.

Калі ж згаданыя вышэй сямі-дзевяцізначныя сумы перавесці з беларускіх рублёў у долары ці еўра і суаднесці з цэнамі на творы мастацтва ў замежжы, з грунтоўна ўсталяванымі трэндамі мастацкага рынку — дык атрымаецца, што лічбы, “намаляваныя” маладымі айчыннымі творцамі, не такія ўжо і вар’яцкія. Проста, як мне падаецца, маладыя беларускія мастакі зыходна не бачаць сябе ў айчынным кантэксце і соцыуме. Прынамсі, у яго паспалітым сегменце. І нават робячы выстаўку на радзіме, чакаюць, што на работы пакладзе вока замежнік, для якога некалькі тысяч долараў — не грошы. Альбо, прынамсі, суайчыннік з заробкам, нашмат вышэйшым за сярэднестатыстычны.

З іншага боку, прыспеў, відаць, час скарэктаваць на рэчаіснасць вядомую тэзу пра мастацтва, якое нібыта “належыць народу”. Мастацтва, што ні кажы, раскоша. Прынамсі, яно не з’яўляецца для насельніцтва прадметам першай неабходнасці. Вось прыклад. Мой знаёмы мастак-авангардыст пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў на некаторы час атабарыўся ў Віцебску. Ён здолеў арганізаваць там мастацкую галерэю, якую з гордасцю паказваў сябрам. Дарэчы, цэны на творы там былі зусім не дэмакратычныя. Я, памятаю, звярнуў на гэта ўвагу і запытаў знаёмца, навошта ставіць непад’ёмную для патэнцыйнага пакупніка суму? На што той адказаў: попыту на беларускі авангард ўсё адно няма, і галерэя рабілася не для таго, каб на ёй зарабляць. Цэны, маўляў, стаяць такія, каб прывучыць людзей да думкі, што мастацтва ўвогуле дорага каштуе. Дапускаю, што і зараз маладыя мастакі, не надта спадзеючыся на камерцыйны поспех, проста наладзілі свайго роду асветніцкую акцыю, каб давесці грамадзе, колькі, калі на добры лад, мусіць каштаваць мастацтва. Аднак, сёе-тое з выстаўкі і прадаецца. Знайшліся спачатку пакупнікі на некалькі твораў па цане недзе каля 3 мільёнаў. А хтосьці на дадзены момант нават набыў жывапіснае палатно за 17 мільёнаў. Увогуле, цяпер паведамляюць аб продажы кожнага пятага экспаната.

На фарміраванне цаны твора ўплываюць шмат якія чыннікі. Найперш гэта, канешне ж, імя аўтара. Яно мусіць быць на слыху. Па-другое, якасць твора. Сапраўднае майстэрства і арыгінальнае мысленне відаць адразу, у якой абгортцы яно ні прадстаўлялася б, у якой стылістыцы ні працаваў бы мастак. Трэцяе — адпаведнасць эстэтычным стэрэатыпам, што пануюць, або, як сёння гавораць, трэнду. Гэта калі набываюць работу мастака не каб самому на яе глядзець, а каб іншым паказваць, дэманструючы ўласную “прасунутасць”. Гэта чыннікі асноўныя. А ёсць і другасныя.

У дзвюх мастацкіх галерэях Мінска, пра якія я згадаў на пачатку, аднатыпныя рэчы маюць розны кошт. Рэнтабельнасць салона, што побач з плошчай Якуба Коласа, ніжэйшая, чым у таго, што побач з плошчай Незалежнасці. Бо адна справа, калі крама стаіць на людным месцы, і іншая — калі на ціхім, на прасторы, якую звычайна пралятаюць на транспарце, а не шпацыруюць ля яе пехам. Згадаю для прыкладу, што ў адной галерэі вельмі прыстойны краявід работы вядомага ў Беларусі мастака правісеў некалькі гадоў і быў нарэшце прададзены за тры мільёны, а у другой такі ж твор таго ж аўтара зляцеў, як кажуць, са свістам за дзесяць, як толькі карціну выставілі на продаж. Не дзіва, што мастакі нясуць свае творы ў той салон, дзе больш народу тусуецца, і дзе цэны ўдвая-ўтрая вышэйшыя. Дзе, зрэшты, “вісець” больш 
прэстыжна.

Мастак, які жыве з уласнай творчасці, мае ў барацьбе за ўвагу гледача/пакупніка канкурэнтам не толькі свайго такога ж калегу, але і прадпрымальніка, які гандлюе копіямі знакавых і проста папулярных твораў. Даволі якасная фотарэпрадукцыя, надрукаваная на палатне, каштуе ў залежнасці ад памеру недзе ад 270 тысяч да крыху больш за паўтара мільёна. Юрыдычныя падставы падобнага бізнесу мне не зусім зразумелыя. Адна справа, калі распаўсюджваюць рэпрадукцыі Айвазоўскага ці Ван-Гога, якія не могуць падаць у суд за парушэнне аўтарскіх правоў. А калі друкуюць работы моднага сучаснага аўтара? Так ці інакш, законна альбо ў пірацкім фармаце, але гэткі бізнес ёсць. А значыць, і попыт у наяўнасці. Мяркую, да гэтага сегмента мастацкага рынку трэба ставіцца вельмі сур’ёзна. У любым выпадку, без пагарды. Бо ўплывае ён на густы грамады не менш, чым разрэкламаваныя мастацкія імпрэзы.

На “…Салоне”, пра які ідзе гаворка, лічбы на цэнніках маюць нейкую магічную прыцягальную сілу. Спачатку глядзішь на іх, а потым на твор, да якога яны прыкладзены. Тады і суадносіш кошт ды якасць. Як у краме. А між тым і самі творы вартыя зацікаўленай гаворкі і аб’ектыўнага аналізу. Салон цікавы тым, што мастакам не трэба рабіць выгляд, што яны дбаюць выключна пра вечнае, шчыруюць дзеля ідэі, а не за хлеб надзённы. Тут няма патрэбы адпавядаць камсамольскаму дэвізу “Раньше думай о Родине, а потом о себе”, бо ўсё паводле Маркса: “Тавар — грошы — тавар”. І праз гэты прагматызм відаць, што самі творцы насамрэч лічаць “ліквідным” таварам, якія творы насамрэч могуць быць канвертаванымі ў грошы. І яшчэ: да якой ступені мастак гатовы ісці за не заўжды дастаткова выхаванымі глядацкімі 
густамі.

У 1980-х, калі пахіснулася стабільнасць савецкай дзяржавы, а з ёю і мой уласны дабрабыт, мне давялося паездзіць у Польшчу “чаўнаком” — наконт купіць-прадаць, дадатковую капейчыну ў сямейны бюджэт прыдбаць. Дык, ведаеце, рынак даў мне больш праўдзівае ўяўленне пра суседнюю краіну і яе народ, чым наведванне музеяў… І дадзеная выстаўка-продаж шмат што можа сказаць пра рэальны стан нашай культуры. І грамадства.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"