Тыпавы сімулякр

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Днямі Сеціва ўскалыхнулі весткі пра чарговы этап пераўвасаблення царквы святога Георгія ў вёсцы Валавель, што на Драгічышчыне. Нагадаем, што цягам папярэдняга рамонту ці не самы прыгожы помнік драўлянага “народнага” барока страціў свае найважнейшыя мастацкія асаблівасці: шатровыя завяршэнні вежаў ператварыліся ў тыповыя залатыя “цыбулінкі”. А пасля сёлетняй ашалёўкі храм з 250-гадовай гісторыяй стаў выглядаць ну зусім як новенькі. І падобныя выпадкі, на жаль, — тэндэнцыя.

/i/content/pi/cult/557/12181/4-11.jpgУ гісторыі праваслаўнага дойлідства на нашых землях ёсць адзін на дзіва ўплывовы факт. Неўзабаве па здушэнні паўстання 1863 года Свяшчэнны Сінод Расійскай імперыі выдаў адмысловыя правілы будаўніцтва цэркваў у “Северо-Западном крае”. Зразумела ж, прапанаваныя праектныя варыянты радыкальна адрозніваліся ад мясцовых беларускіх традыцый.

Сотні збудаваных і перабудаваных паводле тых правілаў храмаў сёння называюць “мураўёўкамі” (у памяць пра губернатара-русіфікатара, які фармальна не меў дачынення да з’яўлення згаданага дакумента, але ж актыўна яго выконваў), прычым многія з “тыпавых аб’ектаў” падобныя бы браты-блізнюкі. Няма ніякага сумневу ў тым, што сёння іх неабходна дбайна захоўваць у гістарычным выглядзе — як культурныя помнікі і сведчанне сваёй эпохі. Але… я тут трохі пра іншае.

Здавалася б, тыя “мураўёўскія” правілы даўно і незваротна сталі часткай гісторыі. Аднак уяўленне пра тое, як павінен выглядаць праваслаўны храм, сфармаванае згаданым дакументам, чамусьці пагэтуль засталося без зменаў.

У іншай палескай вёсцы — Моладава — ужо больш за два стагоддзі стаіць прыгожая драўляная царкоўка. Прыхаджанам яна падалася ці то замалай, ці то… не дужа прэзентабельнай, і колькі гадоў таму побач з’явіўся новы храм, мураваны і аздоблены сусальным золатам. Ну добра — вырашылі і збудавалі. Галоўнае, каб і старая царква не засталася без належнай апекі — што, на жаль, цалкам можа здарыцца.

Пытанне ў іншым: ну патлумачце мне, чаму той узор дойлідства ўжо ХХІ стагоддзя пабудаваны па лякалах ХІХ стагоддзя? Прычым заўважым: гаворка вядзецца менавіта пра Палессе, дзе самабытныя традыцыі народнай сакральнай архітэктуры праявіліліся настолькі яскрава, што найвыбітныя яе ўзоры нават прэтэндуюць на ўключэнне ў Спіс спадчыны UNESCO. Чаму б не чэрпаць з гэтай скарбонкі продкаў ужо ў наш век?

Але навабуды — гэта, вядома, толькі палова бяды. Куды горш, калі распачаты за Мураўёвым працэс працягваецца ўжо ў наш, зусім іншы час. Прычым я, па шчырасці, не заўсёды разумею, навошта. Ну вось навошта вешаць тую самую “цыбулінку” на колішні барочны касцёл? Вы думаеце, ён стане выглядаць трохі больш кананічна? Ды не, гэта будзе проста ўзор безгустоўнай эклектыкі.

Пэўна, менавіта таму літоўскія рыма-каталікі і не чапаюць цэрквы часоў Расійскай імперыі, якія потым сталі касцёламі. Найвядомы прыклад — былая гарнізонная царква крэпасці Каўнаса. Ніхто і не здагадаецца, што гэта — каталіцкі храм. А ўявіце, як “прыгожа” выглядала б на візантыйскім купале, скажам, барочная сігнатурка!

Дарэчы, пра “кананічнасць”… Само ўвядзенне “мураўёўскіх” правілаў тлумачылася шмат у чым барацьбой з “іншаслаўнымі ўплывамі”. Прыблізна такім чынам і сёння негалосна апраўдваецца іх актуальнасць. Зважаючы на гэта, можна сабе ўявіць, быццам ва ўсёй тагачаснай Расійскай імперыі, з яе амаль аднароднай (прынамсі, у еўрапейскай частцы) канфесійнай гісторыяй, толькі падобныя храмы заўсёды і будаваліся.

А вось і не! Нават беглае знаёмства з сакральным дойлідствам “метраполіі” сведчыць, што ўсё далёка не так проста. Апрача рэтраспектыўнага стылю, там было яшчэ шмат чаго іншага: і рэгіянальныя школы, і еўрапейскія ўплывы, і нават зусім шакавальныя, здавалася б, праекты. У 1844 годзе ў Севастопалі будуецца сабор, які вельмі нагадвае язычніцкі Парфенон, а праз два з паловай дзесяцігоддзі на Брацкіх могілках з’яўляецца царква ў выглядзе… егіпецкай піраміды. І будавалі іх, адзначым, людзі рускія ды праваслаўныя.

Адпаведна, “мураўёўка” — свайго кшталту сімулякр, копія, якая не мае арыгінала ў рэчаіснасці. Не, канкрэтныя правобразы, вядома, існуюць — недзе пад Яраслаўлем. Але казаць пра паўнавартасную мадэль уніфікаванай праваслаўнай архітэктуры (маўляў, павінна быць так, бо так трэба), якая была перанесеная на нашы землі, у дадзеным выпадку не выпадае.

Але ж менавіта гэтая мадэль засела ў галовах сучаснікаў. Адсюль і знявечаныя рамонтам помнікі.