“Як акцёр хачу заўсёды працаваць…”

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Амаль забыты народны артыст: наш зямляк Іларыён Пяўцоў
Сёння "К" працягвае апавядаць пра лёс і творчасць знакамітага акцёра Іларыёна Пяўцова, ураджэнца Беларусі. І адным з кульбітаў ягонага творчага шляху стала тое, як з юнака, які пакутваў на заіканне, ён стаў масцітым майстрам сцэны.

/i/content/pi/cult/557/12180/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у "К" №№ 40, 42.)

Дарэчы, на падобную загану пакутаваў і іншы выдатны акцёр — Анатоль Ктораў. Памятаеце яго яскравыя ролі ў нямым кіно на пару з Ігарам Ільінскім — “Закройшчык з Таржка”, “Працэс аб трох мільёнах”, “Свята святога Ёргена”, а таксама ў ролях Сяргея Паратава ў фільме 1930-х “Беспасажніца” і Мікалая Балконскага ў бандарчукоўскай стужцы “Вайна і мір”? Дык вось, у канцы 1916-га за “прафесійную непрыдатнасць” яго хацелі адлічыць са студыі пры тэатры Веры Камісаржэўскай. І дакладна адлічылі б, каб не ўмяшаўся новы настаўнік Іларыён Пяўцоў, які паручыўся за таленавітага вучня. На другім курсе ён папрасіў кіраўніцтва студыі даць апошні шанс Ктораву — даручыць яму ролі князя Мышкіна ў “Ідыёце” і Арнольда ў п’есе Гаўптмана “Мікаэль Крамер”. І сам асабіста праводзіў рэпетыцыі, у якіх Пяўцоў амаль цалкам “вызваліў” Анатоля Пятровіча ад заікання!

Выдатная актрыса Фаіна Ранеўская (і яна ў дзяцінстве заікалася!) таксама лічыла “непаўторнага трагічнага акцёра” Пяўцова сваім адзіным настаўнікам. Гэта адбылося летам 1916 года ў падмаскоўным Малахаўскім тэатры, калі там гастралявалі ў антрэпрызе сам Пяўцоў, Вольга Садоўская, Алёна Шатрова, Марыус Пеціпа, а дэкарацыі пісаў Канстанцін Каровін (а пазней — і Марк Шагал).

Вось як згадвала тыя часы Фаіна Георгіеўна: “Пяўцоў любіў нас, маладых. Пасля спектакля звычайна клікаў з сабой пагуляць. Вярталіся мы на світанку, натхнёныя ўсім тым, што ён у нас укладваў. Мы, маладыя, жылі ягонымі ўрокамі. Ён уклаў у нас паняцце, што такое сапраўдны артыст. Ён унушаў нам, што акцёр павінен быць інтэлігентным чалавекам, ведаць жывапіс, музыку, чытаць лепшыя кнігі сусветнай літаратуры. Ён у зародку знішчаў у сваіх маладых сябрах усё мяшчанскае, пошлае, абывацельскае. І яго запаветы так глыбока ўвайшлі ў маю свядомасць, што я пражыла доўгае жыццё, кіруючыся гэтымі запаветамі… У гастрольным спектаклі Пяўцова я была занята ў масоўцы. Ішла п’еса Леаніда Андрэева “Тот, які атрымлівае аплявухі”. Набраўшыся храбрасці і вельмі хвалюючыся, я спытала ў Пяўцова: “Што ж мне рабіць у спектаклі, калі ў мяне няма слоў?” На што ён мне адказаў: “А ты мяне любі, і ўсё, што са мной адбываецца, павінна цябе кранаць і хваляваць”. Увесь вечар я жыла жыццём героя п’есы, пакутвала за яго, а напрыканцы спектакля, калі ўжо апусцілася заслона, працягвала гучна плакаць. Ніякія спачуванні маіх сябровак мне не дапамагалі. Тады пабеглі да Пяўцова сказаць яму, што адной статыстцы стала млосна. Добры Пяўцоў прыйшоў у грымёрную і спытаў мяне: “Што з табой?” Я, рыдаючы, выдыхнула: “Я вас так любіла, так любіла, увесь вечар…” Ён стаў мяне супакойваць, а потым сказаў маім сяброўкам: “Любыя паненкі, успомніце потым мяне, вось яна — будзе вялікай актрысай…” Гэтыя яго словы сталі для мяне нібы блаславеннем…”

“Набыў права быць артыстам…”

Але вернемся назад. У 1905 годзе ў Маскве — ужо без Меерхольда, што вярнуўся ў Херсон, — з’явілася студыя на вуліцы Паварской, у дзейнасці якой актыўную ролю адыгрываў Іларыён Пяўцоў. Уласна студыя як стацыянарны тэатр праіснавала нядоўга, усяго з мая па кастрычнік, але потым жыццё Пяўцова на доўгі тэрмін перайшло “на калёсы” — у антрэпрызы. Гэтая “пяўцоўская” трупа “новай драмы” з поспехам вандравала па шматлікіх гарадах Расіі з пастаноўкамі класічнага і сучаснага рэпертуару.

Аднойчы трупа надоўга спынілася ў Кастраме. І тут Іларыён Мікалаевіч сустрэў сваё першае каханне. Лізавета Цімафееўна Жыхарава — таленавітая руская актрыса, чалавек вельмі складанага лёсу і цяжкага характару, — стала яго першай жонкай. Імя гэтай “другой Ярмолавай” трывала ўвайшло ў рускі тэатральны летапіс як актрысы вялікага драматычнага тэмпераменту. Сваю кар’еру яна пачынала ў Маскоўскім Малым тэатры. Пазней працавала разам з мужам у прыватных тэатрах выдатных антрэпрэнёраў Фёдара Корша (яго сын — беларускі кінарэжысёр Уладзімір Корш-Саблін) і Канстанціна Нязлобіна, і зноў у Малым тэатры. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўжо з другім мужам — нейкім Страхавым — і маленькай дачкой Таняй Пяўцовай эмігравала. Бадзялася Жыхарава па Турцыі, Югаславіі, Балгарыі, краінах Балтыі, дзе ў тэатрах Рыгі і Таліна ў пачатку 1920-х паспяхова выконвала рускую і замежную класіку. У 1927-м, без мужа, які застаўся ў эміграцыі, вярнулася ў Савецкі Саюз і некаторы час працавала ў тэатры Мінска, потым — у Тыфлісе. Дарэчы, у некаторых матэрыялах прэсы і сёння гаворыцца, што Лізавета Жыхарава ў 1917 годзе эмігравала разам з Пяўцовым: хлусня. Па-першае, яны ўжо былі разведзеныя, але ў шлюбе паспелі нарадзіцца дзве дачкі; па-другое, у Іларыёна Мікалаевіча ніколі не з’яўлялася жадання пакідаць радзіму ні пры якіх абставінах. З пачатку 1930-х актрыса звязала сваё жыццё з Ленінградам, з Драматычным тэатрам імя Аляксандра Пушкіна. За наравісты, капрызлівы і дзёрзкі характар калегі яе не любілі, за талент — прабачалі. Але сама яна нават найменшых крыўд у свой адрас нікому не даравала. Такая была кабета… Аднак з Іларыёнам Мікалаевічам, які ўжо быў жанаты, знайшла добрае ўзаемаразуменне. Яна пайшла з жыцця ў 1973 годзе, паспеўшы напісаць мемуары на 500 старонак, але яны да сённяшняга дня не апублікаваныя...

Спіс роляў, сыграных Пяўцовым на сцэнах розных тэатраў Расійскай імперыі і Савецкай Расіі, у тым ліку ў трупе Мікалая Сінельнікава, Маскоўскім мастацкім тэатры і Ленінградскім тэатры драмы імя Пушкіна, вельмі вялікі, і каб пералічыць іх, спатрэбіцца не адна старонка. Тым больш нам цяжка ўявіць яго акцёрскую ігру: да фільмаў-спектакляў было яшчэ вельмі далёка. Тэатр, у адрозненне ад кінематографа, у гэтым сэнсе вельмі шмат страціў. І мы сёння не можам атрымаць асалоду ад мастацтва вялікіх акцёраў старой школы, якія працавалі яшчэ да росквіту кінематографа ці на яго досвітку.

Так і з Пяўцовым. Мы толькі можам на словах паверыць успамінам сучаснікаў пра такія выдатныя пяўцоўскія ролі, як Невядомы ў “Маскарадзе” Міхаіла Лермантава, клоун Тот у цырку Брыке (паводле п’есы Леаніда Андрэева “Тот, які атрымлівае аплявухі”), Павел I, Іван Карамазаў, князь Мышкін, Карандышаў з “Беспасажніцы” Аляксандра Астроўскага, Фёдар Пратасаў у п’есе Льва Талстога “Жывы труп”, Тарэлкін са “Смерці Тарэлкіна” Аляксандра Сухава-Кабыліна, Незяласаў у спектаклі “Браняпоезд 14-69” Усевалада Іванава...

Незадоўга да рэвалюцыі маскоўская “Театральная газета” так пісала пра героя матэрыялу: “Пяўцоў варты ўвагі і павагі не толькі за таленавіта сыграныя ім ролі. Толькі людзі апантаныя прызваннем, могуць прадставіць, якім шляхам неймаверных намаганняў волі і характару Пяўцоў займеў права быць артыстам”. Аўтар артыкула, вядомы тэатральны журналіст і акцёр Мікалай Росаў, ведаў пра тое, пра што шырокая публіка і не здагадвалася: ён сам пакутваў на заіканне…

Народны артыст РСФСР, рэжысёр і акцёр Мікалай Пятроў, называючы творчасць Пяўцова “магутнасцю праўды”, расказваў, як у Ленінградзе пры паступленні ў Акадэмічны тэатр драмы артыст высунуў умову: калі прыйдзе час ставіць “Атэла”, ён атрымае права першым сыграць галоўную ролю, бо гэта яго мара цягам 25 гадоў. Праз нейкі час тэатр сапраўды абвясціў аб пастаноўцы шэкспіраўскай трагедыі — да юбілею свайго мастацкага кіраўніка Юрыя Юр’ева. Пяўцоў тут жа нагадаў пра сябе, але сказаў Юр'еву: “Ну добра, на прэм’еру не прэтэндую — гэта ваш, а не мой юбілей. Але на трэці ці чацвёрты спектакль разлічваю катэгарычна”. 7 мая 1927 года Іларыён Мікалаевіч выйшаў на сцэну ў ролі венецыянскага маўра. Але ўжо праз некалькі дзён прызнаўся, што роля Атэла яму не ўдалася, таму ён адмаўляецца ад далейшага ўдзелу ў спектаклі. “Гэты эпізод, — адзначаў Пятроў, — ярка характарызуе творчую сумленнасць мастака”.

Аднак тагачасная прэса захоплена адгукнулася на ігру Пяўцова. Крытык Аляксандр Слонімскі ў часопісе “Жизнь искусства” сцвярджаў: “Пяўцоў быў пераканаўчым. Увесь шлях Атэла — ад салодкага захаплення сваім шчасцем да фінальнага адчаю пасля забойства — перададзены ім праўдзіва, сардэчна, з заразлівай эмацыйнасцю. Ён здолеў звесці Атэла з халодных вяршынь дэкламацыі і напоўніў вобраз жывой, цёплай крывёй”.

Чамусьці мне згадаўся афарызм Пяўцова: “Бяздарныя акцёры — гэта тыя, якія ніколі нічога не правальваюць”. Пётр Мяркур’еў, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, акцёр і музычны журналіст, сын вядомага артыста Васілія Мяркур’ева і дачкі Меерхольда — Ірыны Усеваладаўны, прыгадваў: “Многа пачуў я расповедаў ад бацькоў пра артыстаў Александрынкі. І больш за ўсё запомніўся расказ пра Іларыёна Мікалаевіча Пяўцова... Адна дэталь з апавядання таты і мамы ўрэзалася ў памяць асабліва — гэта аб выкананні Пяўцовым ролі прафесара Барадзіна ў п’есе Афінагенава “Страх”. Калі Барадзін — Пяўцоў застаецца адзін на сцэне (пасля бурнага дыялогу, дзе ён церпіць маральную паразу), ён доўга сядзіць, не кажучы ні слова. (Бацькі казалі, што па даўжыні гэта паўза была такая вялікая, што наўрад ці гэты рэкорд хто-небудзь можа пабіць). Потым здымае пенснэ, і з яго вока выкатваюцца дзве слязінкі. На кожным спектаклі — дзве слязы! І ўся зала бачыць гэтыя дзве слязы — і ў партэры яны бачны, і на галёрцы. Гэтая сцэна заўсёды ўражвала, агаломшвала. Дарэчы, менавіта Пяўцову належыць фраза: “Калі ты можаш не быць акцёрам, значыць, ты ім не павінен быць”.

Перадрэвалюцыйныя і 1920-я гады — перыяд інтэнсіўнай работы Іларыёна Мікалаевіча не толькі ў тэатрах Расіі і на ніве педагогікі. Так, ён “прысутнічаў” і пры нараджэнні эры “вялікага нямога” кіно і нават паклаў у яго станаўленне сваю маленькую цаглінку. Тут ужо не трэба было баяцца праславутага заікання! Ён зняўся ў дзевяці такіх стужках. Толькі ў адным 1916 годзе сыграў у шасці (!) фільмах — “Не убій”, “Прададзеная слава”, “Старасць Лекока”, “Жыццё, якое перамагае смерць”, “Тот, які атрымлівае аплявухі” і “Смерць багоў”, у канцы 1920-х — пачатку 1930-х, незадоўга да гукавога “Чапаева”, — у фільмах “Смяротны нумар”, “Шторм”, “Пераможцы ночы” і “Цуд”. На жаль, іх сёння ніхто не памятае, а большасць — наогул знікла. Кажуць, захаваўся фільм “Цуд”, але я яго, каб паглядзець, нідзе не знайшоў.

Канешне, было ўсё: і прыватныя праблемы, і няўдалыя ролі ў тэатры ды кіно, і ўсялякія іншыя падобныя рэчы — выратоўвала настаўніцкая дзейнасць. Ён па праве ўвайшоў у гісторыю рускай і савецкай тэатральнай педагогікі, выхаваўшы цэлую пляяду знакамітых рускіх акцёраў, сярод якіх той жа Анатоль Ктораў, а таксама Барыс Бабачкін, Рына Зялёная, Віталь Даронін, грузінка Верыко Анджапарыдзэ, латышка Людміла Шпілберга, Уладзімір Белакураў — той самы Белакураў, незабыўны кіношны Валерый Чкалаў, які на “Беларусьфільме” сыграў аж у сямі карцінах рэжысёраў Віктара Турава, Уладзіміра Корш-Сабліна, Барыса Сцяпанава...

Працяг артыкула — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"