Арыгіналы з самага пекла

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

“Камбат”, “Стаяць насмерць!”, “Гэта не забываецца. Лагер смерці “Штутгаф”, “Палонныя немцы. Сталінград”, “Дабрыдзень, тата!”… Гісторыю Вялікай Айчыннай вайны не адно пакаленне спасцігала, уяўляла па гэтых слынных кадрах. Ваенная фатаграфія як дакумент і як сведка часу, як тое, што дазволена зафіксіраваць, і як тое, што прамоўлена “між радкоў”. Яна і пра саміх ваенкараў, пра час, пра мужнасць, смерць, пакуты. “Паспець паказаць…” (Класіка ваеннай фатаграфіі. 1941 — 1945)” — выстаўка-праект з калекцыі Льва і Аляксандра Барадуліных, што экспануецца зараз у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — гэта 170 рарытэтаў фотахронікі СССР, што фарміравалі і фарміруюць наша прадстаўленне пра вайну. У тым ліку пра след вогненнага ліхалецця на Беларусі.

/i/content/pi/cult/557/12179/9-3.jpgМакс Альперт, Эмануіл Еўзярыхін, Марк Маркаў-Грынберг, Аляксандр Фрыдляндскі, Сямён Караткоў… Гэта і ёсць імёны аўтараў фатаграфій, згаданых вышэй. А яшчэ свет ведае Яўгена Халдзея, Анатоля Марозава, Дзмітрыя Бальтэрманца, рэпрадукцыі чыіх фота друкавалі не толькі ў газетах ці кнігах, а і на паштоўках, марках ды нават манетах. З імі, знакамітымі ваенкарамі, і сябраваў, збіраючы іх работы франтавік і фатограф Леў Барадулін. Поўная калекцыя ўключае паслярэвалюцыйны перыяд, даваенны, ваенны і пасляваенны, завяршаючыся на мяжы 1960 — 1970-х.

— Асноўны пласт ваеннай фатаграфіі збіраўся намі пасля вайны, — кажа Аляксандр Барадулін. — Мой бацька сам прайшоў яе: тату забралі з Маскоўскага паліграфічнага інстытута ў 1941 годзе, а ў 1945 ён браў Берлін. Пасля вайны тату трэба было зарабляць, і ў руках яго апынулася "Leica". Ён здымаў, у асноўным, салдатаў, якія вярталіся з фронту, і захапіўся тэмай. Кіраўніцтва ваеннай часткі папрасіла бацьку сабраць летапіс палка. І ён пачаў хадзіць па масцітых фатографах, і, фактычна, атрымліваў ад іх кадры ў якасці падарунка. Калекцыю лічу вельмі асабістай. Справа яшчэ ў тым, што ў вайну загінула амаль уся наша калісьці вялікая сям’я. Калі я нарадзіўся, у мяне амаль не было сваякоў. Выжылі толькі тыя, хто, як ні парадаксальна, сышоў на фронт: бацька, дзядзька…

Мяркую, асабістае стаўленне да фатографаў-франтавікоў і робіць калекцыю такой жывой і моцнай. Але, вядома, збор быў бы няпоўным без удзелу сына Льва Барадуліна — Аляксандра.

— Напрыканцы 1980-х бацька завяршае фотакар’еру і цалкам прысвячае сябе збору, — зазначыў ён. — Я падтрымаў яго, сказаўшы, што гэтым трэба займацца сур’ёзна. Чаму так вырашыў? Па-першае, я сам фатограф, люблю гэта рамяство, і мне захацелася захаваць тое, што ў той момант выкідвалася, вынішчалася: архівы, фоталетапісы, негатывы. Другая прычына, па якой мы ўзяліся за гэта, — камерцыйная.

Зараз калекцыя Барадуліных ужо ацэнена на сусветных аўкцыёнах, але самае галоўнае — унікальныя адбіткі, зробленыя ваеннымі фатографамі ХХ стагоддзя, выратаваны ад забыцця. Ці даводзілася вам бачыць слынныя кадры ў арыгінале? Іх уздзеянне, сапраўды, наймагутнае — і гэта першае ўражанне, якое атрымліваеш, патрапіўшы на выстаўку ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Перад табой арыгіналы — і арыгіналы адтуль, з самага пекла.

Што ж прадстаўлена ў экспазіцыі са 170 здымкаў? Асобныя тэматычныя блокі, на якія ўмоўна можна падзяліць выстаўку, распавядаюць пра розныя бакі вайны. У ёй — і хроніка са знакавых сустрэч кіраўнікоў дзяржаў, фатаграфіі святкавання Перамогі, вяртанне ў вызваленыя і зруйнаваныя гарады, дакументаванне партызанскіх будняў, партрэты байцоў, пераможаны вораг, здымкі вязняў канцэнтрацыйных лагераў, моманты бою… Боль, зніштажэнне, пакуты, змаганне, мужнасць… Перамога! У аб’ектывы ваенных карэспандэнтаў трапляюць сцэны невыносныя і духаўздымныя, пастановачныя і злоўленыя хіба цудам…

Нават ва ўмовах праславутай савецкай цэнзуры ваенныя фатографы стваралі шэдэўры. Вядома, гэта эпас пэўнай эпохі, але і праз яго бачныя жах і бездань страшэннай катастрофы. Асабліва яны заўважныя ў будзённых здымках: “На могілкі” Міхаіла Трахмана, дзе маці і дачка ў блакадным Ленінградзе кудысьці туды, у перспектыву, цягнуць па лёдзе цела памерлага блізкага; “Брацкая магіла” Георгія Зэльмы, дзе чатырохвугольнік-абеліск з зоркай на месцы пахавання воінаў агароджаны па вялікім перыметры спінкамі ад металічных ложкаў; “Неўскі пятачок” Усевалада Тарасевіча, дзе на першым плане ў акопе нібыта спіць (ці ўжо заснуў навечна) салдат, а атака ў той жа час не спыняецца... Невыносныя фатаграфіі вязняў Асвенцыма і Бухенвальда — фота Уладзіміра Юдзіна і Маргарэт Бурк-Уайт; фота мірных жыхароў — “Пад абстрэлам, пад бамбёжкай” Анатоля Гараніна; “Гора. Крым” Дзмітрыя Бальтэрманца; вядомы здымак старой, што страціла слых і мову ў ліхалецце — “У разбуранай хаце” аўтарства Аляксандра Дзітлава… Усе гэтыя кадры — пра безабароннасць чалавека перад абліччам вайны…

У калекцыю сям’і Барадуліных увайшлі і фатаграфіі беларускіх фотакараў: Васіля Аркашова, Уладзіміра Лупейкі, Аляксандра Дзітлава… Адной з першых у экспазіцыі прадстаўлены і слынны здымак Міхаіла Ананьіна “Праклён вайне”, дзе ў скрусе схіліўся над мурамі Брэсцкай крэпасці аднаногі ветэран.

/i/content/pi/cult/557/12179/9-2.jpg

Прызнацца, Беларусь на здымках беларускіх ды савецкіх фотакараў наогул глядзіцца, у першую чаргу, як зямля зруйнаваная, пацярпелая, абяздоленая. Асабліва ўразаюцца ў памяць фатаграфіі Барыса Удавенкі (пусты зруйнаваны Віцебск у дзень вызвалення), Васіля Аркашова (Мінск у чорным дыме і за калючым дротам 3 ліпеня 1944-га), Вячаслава Шароўскага (“Немцы адступілі. Дзеці вайны. Магілёў” — у разбітым горадзе хлопчык гуляе ў кінутай гармаце, а побач  сочыць за яго гульнёй дзяўчынка)… Ды і адна з ікон мужнасці часоў Вялікай Айчыннай — фатаграфія “Стаяць насмерць!” Эмануіла Еўзярыхіна, — аказваецца, была зроблена пад час баёў у Беларусі ўлетку таго ж 1944-га. Выстаўка і тут робіць неацэнную справу, нібы вяртаючы аўтарства знакамітым фатаграфіям, пазначаючы геаграфію канкрэтнага здымка. Праект нібыта “зазямляе” слынныя выявы, якія, у той жа час, не губляюць сілы свайго ўздзеяння.

— Калі глядзіш здымкі Беларусі і Мінска — ваеннага перыяду, валасы дыбарам становяцца ад таго, што тут адбывалася, — дадае Аляксандр Барадулін. — Магчыма, здымкі Беларусі ў гэтай калекцыі з’яўляюцца не самымі моцнымі з пункту гледжання фотамастацтва, затое яны паказваюць гледачу ваенную рэальнасць на вашай зямлі.

У экспазіцыі гэтаксама прысутнічаюць і фатаграфіі пераможанага Берліна. Зруйнаваны горад, яго жыхары… Савецкія фатографы фіксуюць паражэнне ворага нават не без спагады берлінцам: Аркадзь Шайхет “Тут была вайна”, Георгій Ліпскераў “Ісці няма куды”, Яўген Халдзей “Берлін. 1945”… Але ў гэтым хаосе для воінаў-вызваліцеляў самы галоўны голас — яе — Перамогі. І яе “трыумфальнае шэсце”, вядома, захавана на здымках ваенкараў: ад Берліна — да Масквы. Праз узняцце сцяга Перамогі над Рэйхстагам разведчыкамі 756-га стралковага палка (аўтар здымка — Анатоль Марозаў) — да кветак пераможцам на Беларускім вакзале ў Маскве (фота Георгія Пятрусава). Усё ж такі — гэта была і іх, ваенных фатографаў, Перамога.

Фота з калекцыі Льва і Аляксандра Барадуліных

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст