Акцэнт пераносіцца

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

“У маленькай сядзібе” бы ў космасе думак
Каго сёння здзівіш прывідамі? А вось галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюс Варнас здзівіў: у рамках Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “ТэАРТ” была паказана яго нядаўняя прэм’ера — “У маленькай сядзібе” Станіслава Віткевіча, польскага пісьменніка, філосафа, мастака першай паловы ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/cult/557/12178/9-1.jpg

Сцэна са спектакля "У маленькай сядзібе". / Фота Аляксандра БАБІНЕЦКАГА прадастаўлена дырэкцыяй Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва "ТэАРТ"

Праўда, прывіды тут ні пры чым. Бо здзіўляліся мы не спецэфектам, а новай “аўтарскай” эстэтыцы, якую са спектакля ў спектакль развівае гэты творца на нашай нацыянальнай глебе. Калі ў ранейшай яго працы — “Фрэкен Жулі”, адзначанай на ІІІ Нацыянальнай прэміі за лепшую рэжысуру, — пераважваў экспрэсіянізм, эмацыйнае напружанне дасягала мяжы, дык тут акцэнт канчаткова пераносіцца з сюжэтнага разгорту на ўласна тэатральна-выразныя сродкі. Іншымі словамі, са зместа на форму, даказваючы, што форма ў мастацтве часта і ёсць яго галоўны змест. Сёння, калі тэатр зноў паварочваецца да адкрытай публіцыстыкі, прапаноўваючы дакументалістыку і жанр вербацім як чарговае ноу-хау, рэжысёр Саўлюс Варнас дазваляе сабе заставацца самім сабой, шукаючы ў мастацтве ўласны шлях — найперш менавіта мастацкі.

Вядома, знойдуцца гледачы, якія ўвогуле не прымуць такога падыходу, бо шукаюць у тэатры іншай асалоды — падзівіцца на прыгожае “гламурнае” жыццё, якога няма ў рэчаіснасці, але якое ўсё ж за яго выдаецца. А гэты спектакль нельга ўспрымаць на ўзроўні “жыццёвай” гісторыі пра тое, як няверная жонка пасля сваёй смерці (“Вось-вось, з-за таго і памерла!” — скажа хтосьці з найбольш апантаных ахоўнікаў маралі) “забірае з сабой” сваіх дзвюх дачок і мужа. Дзяўчат яна вымушае выпіць прыхаваную ў шафе атруту, а бацька з-за іх гібелі застрэльваецца. Чым не старажытнагрэчаская трагедыя пра каварны лёс?

Але пры ўсіх прыцемках на сцэне (Варнас увогуле любіць “начную” сцэнаграфію, дзе штосьці бачыцца, а штосьці ледзь прасочваецца, угадваецца скрозь няўцямныя абрысы) агульнае ўражанне застаецца зусім не “чорным”, трагедыйным, а ўзнёсла ачышчальным, з вялізнай духоўна-эстэтычнай асалодай. Душа пачынае трымцець, бы тое срэбранае лісце на сцэне (мастак — Юратэ Рачынскайтэ). Бо п’еса з яе “няправільнай”, нязвыклай сюжэтнай канвой разгледжана скрозь прызму філасофскіх роздумаў Віткевіча. А той у верасні 1939-га скончыў жыццё самагубствам, успрымаючы гэта за лепшае выйсце ў іншае, сапраўднае жыццё — духоўнае вымярэнне. Так, пэўна, і трэба ўспрымаць спектакль, дзе тэкст п’есы захаваны практычна цалкам, без модных купюр ці наўмысных паўтораў “апорных словазлучэнняў”. Замест жыцця і смерці перад намі паўстае падзел на побытавае, намаляванае парадыйнымі фарбамі, з-за чаго ператвараецца ў абсурд, і пазапобытавае, духоўнае, якое і ўспрымаецца тым сапраўдным, дзеля якога трэба жыць.

Невыпадкова скразной лініяй праходзяць словы пра тое, што прывіды не хлусяць. Тое ж сцвярджаецца сцэнічнай манерай і гаворкай артыстаў. “Жывыя” (лічы, побытавыя) персанажы — найперш Бацька (Васіль Галец), Анэта Васевіч (Наталля Калакустава), Ігнацый Цюцень (Дзмітрый Дудкевіч) увесь час “працуюць на гледача”, падкрэсліваючы найгранасць сваіх паводзін, ненатуральнасць маўлення. “Прывід” жа памерлай жонкі і маці (Галіна Лабанок) настолькі “жыццёвы”, натуральны, а не падкрэслена тэатральны, што міжволі ўзнікае думка: вось яно, сапраўднае! Звярніце ўвагу: гнуткія, спрытныя, ва ўсіх сэнсах палётныя “хлопцы ў чорным” пазначаны ў праграмцы не як, да прыкладу, таямнічыя “веснікі смерці” ці “чорныя анёлы”, а ўсяго толькі як акрабаты. Цікава, што на іх ролю запрасілі сноўбардыстаў “з вуліцы”, падрыхтаваўшы да сцэнічнага існавання (кансультант па пластыцы — Дзмітрый Мураўёў). І тым самым, дададзім, заахвоцілі наведаць тэатр іх шматлікіх сяброў усё з той жа праславутай “вуліцы”.

Такой жа невыпадковай становіцца і парнасць жаночых вобразаў — як дарослых жанчын, так і дзяўчынак. Амелька (Марына Лефтар) апранута, як узорная школьніца 1950-х: на галаве банцікі, на нагах шкарпэткі. Зоська ж (Настасся Грэкава) — бы тая рокерша. Такі стылёвы “вінегрэт” зусім не ператвараецца ў атамную сумесь — наадварот, не толькі сцэнаграфія і касцюмы, але і ўвесь спектакль зроблены надзвычай стыльна, вытрымана, прадумана да найдрабнейшых дэталяў. Шмат усяго — і нічога залішняга, неабавязковага, а тым больш выпадковага.

У “…Сядзібе” адметная сама атмасфера. А якая фонасфера! Ад ледзь чутнага шоргату-шэпту лісця, развешанага па сцэне гэткімі дзівоснымі “званочкамі”, да крыкаў у мікрафон. Такая ж багатая, разнастайная, нязвыклая светлавая партытура — своеасаблівая “светласфера”. І гэта пры тым, што рэжысёр скардзіўся на недахоп часу, каб прыстасаваць святло да гастрольнай сцэны сталічнага Маладзёжнага тэатра, а тыя, хто бачыў спектакль на яго “роднай” магілёўскай пляцоўцы, сцвярджалі, што там “гульня са светам” была на парадак вышэйшай.

Нельга не адзначыць і артыстаў. Яны не безасабовыя “вінцікі” ў механізме рэжысёрскай канцэпцыі. Наадварот, сам той “механізм” працуе менавіта на іх індывідуальнасці і раскрыццё патэнцыйных магчымасцяў. Кожны — на сваім месцы. І ў кожнай наступнай ролі — бы на новай прыступцы акцёрскай кар’еры. Дастаткова паглядзець, як узрастае майстэрства таго ж Аляксандра Куляшова, які ў “Фрэкен Жулі” быў Жанам.

Таму “кодавым” азначэннем усяго спектакля “У маленькай сядзібе” (і рэжысуры Саўлюса Варнаса ўвогуле) я назвала б слова “сфера” — як сімвал завершанасці, самадастатковасці, глыбінь і вяршынь “у адным флаконе”. Спектакль хочацца глядзець не адзін раз, заўважаючы ўсё новыя “невыпадковыя дробязі” і раскрываючы ў ім усё больш далёкія глыбіні, вяршыні, а галоўнае — прыгажосць. Не “прыгожанькасць”, а новую прыгажосць пачатку ХХІ стагоддзя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"