Шэры камень апавёў Сірыну…

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

У мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” доўжыцца выстаўка “Кераміка ночы”. У экспазіцыі прадстаўлены творчыя вынікі бабруйскага ХІІІ Міжнароднага пленэра па кераміцы “Арт-Жыжаль". Пра канцэпцыю плэнера яго лідар Валерый Калтыгін распавядаў у мінулым нумары. Сёння ж — агляд мастацкага даробку яго мінскай прэзентацыі.

/i/content/pi/cult/557/12177/8-2.jpgУ пленэры “Арт-Жыжаль” узялі ўдзел прафесійныя мастакі-керамісты з Беларусі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Японіі. Пленэр праходзіў пад дэвізам “Ад традыцый да сучаснасці праз вопыт майстэрства”. У гэтым годзе ўдзельнікам пленэра была прапанавана тэма “Чалавек у асяроддзі пражывання”, якая ўздымае пытанні сацыяльнай экалогіі.

Экспанаты, прадстаўленыя на выстаўцы “Кераміка ночы”, з’яўляюцца асноўнай часткай работ, створаных яго ўдзельнікамі за час працы на пленэры. Творы вельмі разнастайныя, як па пластычна-вобразным рашэнні, так і па тэхніцы выканання. Удзельнікі выстаўкі выкарысталі шырокі спектр спосабаў дэкаравання вырабаў: напрыклад, дымленне, абвара, паліва, солі, аксіды, ангобы. Былі ўжыты і досыць новыя для беларускага мастацтва керамікі тэхналогіі тэрасігілата, некет-раку, пітфаер. Наватарскай з’явай стала і правядзенне абпалу ў “бутэлькавай печы”. Асноўным матэрыялам для стварэння мастацкіх твораў выступіў шамот, пластычныя якасці якога далі ўдзельнікам пленэра магчымасці для самых розных эксперыментаў з формай вырабаў. У працэсе работы кожны з аўтараў вырашаў задачы стварэння выразнага пластычнага і кампазіцыйнага рашэння, дасягнення адметнасці колеравага і дэкаратыўнага аздаблення, пошуку новых шляхоў раскрыцця магчымасцей звычайнай гліны ў перадачы творчай ідэі.

Работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, умоўна можна падзяліць на дзве катэгорыі: гэта “плоскасныя” кампазіцыі, накшталт пано, і “аб’ёмна-прасторавыя”, якія ўзыходзяць да круглай скульптуры. Па сваім мастацка-вобразным змесце экспанаты дэманструюць шырокі дыяпазон трактовак ад падкрэслена дэкаратыўных рашэнняў да сапраўдных філасофскіх медытацый. У насценных пано “Дзіва-юда-рыба-кіт” Максіма Калтыгіна (Мінск), “Наўтылус” Уладзіміра Валаскова (Брэст), “У садзе” Ганны Амбросавай (Мінск), “Агнявая кабета” Ірыны Ракавай (Венсэн, Францыя) адчуваецца імкненне аўтараў да эксперыменту, як з мастацкай формай, так і з матэрыяламі. Акцэнт у гэтых творах робіцца перш за ўсё на дэкаратыўны бок, што часам спалучаецца з арганічным ужываннем у работах тонкага гумару (напрыклад, аб’яднанне ў пано Уладзіміра Валаскова вобраза рыбы і падводнай лодкі “Наўтылус”). Дарэчы, вобраз рыбы стаў, бадай, самым распаўсюджаным у прадстаўленых экспанатах.

Іншы падыход да ўвасаблення мастацкай ідэі прадэманстраваны ў такіх работах, як, напрыклад, “Геаморфнасць дыялогу” Арцёма Максімава (Мінск), “Пазл” Андруса Янулайціса (Вілкавішкіс, Літва), “Сувязь” Антона Ціханаўца (Магілёў). Зыходным пунктам для гэтых аўтараў стала задача перадаць у творы пэўны філасофскі змест сродкамі скульптурнай пластыкі. Так, той жа “Пазл” можна разглядаць як спробу мастака адлюстраваць характар працякання працэсаў мыслення ў кірунку ад асобнага да цэлага, а групавую кампазіцыю “Сувязь” як даследаванне заканамернасцей структурнай гармоніі.

Адметным стаў зварот удзельнікаў выстаўкі да архаічных і міфалагічных вобразаў. Менавіта ад архаічнай трактоўкі формы ідзе ў сваёй рабоце “Аповед шэрага каменя” Дыяна Вернера (Огрэ, Латвія). У дэкаратыўным аздабленні мастачка выкарыстоўвае прыёмы, якія нагадваюць тыя, што ўжываліся старажытнымі майстрамі ў арнаментальным упрыгожванні керамічнага посуду. Да архаічнага вобраза Сусветнага дрэва звяртаецца ў “Ягадзе” Магдалена Забароўска (Варшава, Польшча). Захоўваючы ягоную структурную будову, мастачка падкрэслівае перш за ўсё дэкаратыўны бок, засяроджваючы ўвагу гледача на ажурным сілуэце кроны, рытмічнай “гульні” пладоў дрэва.

Міфалагічная тэма стала асновай твора “Птушка Сірын” мастачкі Ірыны Ракавай, што прыехала з Францыі. Яе вобразы, дзе відавочны зварот да фальклорнай стылістыкі, вылучаюцца мяккай іроніяй, ствараючы своеасаблівы “гульнявы” кантэкст. Іншы характар мае прачытанне міфалагічнай тэматыкі ў рабоце “Сімург” Алега Ткачова (Бабруйск). Выява Сімурга, фантастычнай істоты з іранскай міфалогіі, цара ўсіх птушак, аб’яднана ў адным вобразе з выявай жанчыны. Такое сінтэзнае спалучэнне жывёльнага і чалавечага свету можа разглядацца як пошук аўтарам адпаведнага мастацкага выражэння ідэі арганічнага адзінства быцця прыроды і людзей. Цікавым прыкладам вобразнай поліфаніі з’яўляецца работа “Тры вертыкальныя вазы” Анатоля Концуба (Бабруйск). Мастак змог арганічна аб’яднаць утылітарную функцыю прадметаў з антропаморфнымі і архітэктурнымі вобразамі, па-свойму даючы трактоўку тэме “Чалавек у асяроддзі пражывання”.

Цэнтральным экспанатам на выстаўцы з’яўляецца так званая “вогненая скульптура”, якая стала вынікам калектыўнай працы ўсіх удзельнікаў пленэра. Абпал “вогненай скульптуры” ўяўляе з сябе масавае відовішчнае шоу, якое традыцыйна праводзіцца ў апошнія дні пленэра. Амаль двухметровая керамічная скульптура з’яўляецца аўтапартрэтам Валерыя Калтыгіна і была выканана па ягоным эскізе.

Створаныя на пленэры работы сведчаць пра высокі мастацкі густ аўтараў, здольнасць іх да няспыннага развіцця і эксперыментаў, засваення новых прынцыпаў і спосабаў работы з матэрыяламі. Цесныя творчыя стасункі з замежнымі калегамі садзейнічаюць узаемнаму ўзбагачэнню мастакоў-керамістаў, абмену вопытам паміж імі, што стварае ўмовы для руху беларускага мастацтва наперад у сучаснай культурнай прасторы, становіцца адметнай рысай культурнай ідэнтычнасці.

Аляксандр СЯЛІЦКІ, культуролаг, выкладчык кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка