Уолт Дыснэй быў у сваёй справе геніяльнай асобай. Ён як мастак-аніматар адаптаваў для Амерыкі значны пласт еўрапейскай міфалогіі, ды так удала, што Еўропа і астатні свет прынялі дыснэеўскае бачанне ў якасці канона. Да таго ж, ён стваральнік уласна амерыканскіх казачных герояў, якія сталі ўлюбёнымі для дзяцей з усяго свету. Такім чынам, “Дыснэйлэнду” — праекту, паводле якога ў адным месцы сабралі і эфектна прадставілі ўсе шэдэўры Дыснэя, — быў наканаваны поспех. А тое, што Францыя, Японія і Кітай — краіны з моцным культурным патэнцыялам і выразным нацыянальным менталітэтам — скапіравалі ў асноўных рысах “класічны” “Дыснэйлэнд”, крыху дадаўшы нацыянальнага каларыту, сведчыць: творчая спадчына маэстра цалкам адаптаваная ў адпаведную прастору гэтых краёў. Аднак ва Усходняй Еўропе, да якой належыць і наша краіна, сітуацыя іншая.
Праект, натхнёны “Дыснэйлэндам”, здзейснены ў Расіі. Але ўсе ж такі гэта тэматычны забаўляльны парк з ухілам у рускую казку. Пабудаваны ён у Сочы і ўжо лічыцца гарадской цікавосткай. Гэты праект можна лічыць пробным, пілотным. Бо зараз грунтоўна распрацоўваецца ідэя пабудовы аналага “Дыснэйлэнда” ў Маскве. Мяркуючы па змешчаных у Сеціве здымках, аўтары праекта паспрабуюць увасобіць у яго абліччы вобраз быліннай Русі ў спалучэнні з элементамі сталінскага ампіру. Каб выглядала “па-багатаму”. Ну а галоўнымі тут будуць героі мультфільмаў савецкай і расійскай вытворчасці.
Наўрад ці здолеем зрабіць свой забаўляльны парк такім жа шыкоўным, як класічны "Дыснэйлэнд" ці ягоны маскоўскі аналаг: не тыя матэрыяльныя магчымасці. Але мы можам вылучыцца, прычым у сусветным кантэксце, за кошт арыгінальнай канцэпцыі. Яшчэ напярэдадні мінскага Чэмпіяната свету па хакеі планавалася пабудаваць забаўляльны компекс побач з “Чыжоўка-Арэнай”, дзе былі б і заапарк, і атракцыёны, і, што найбольш важна, этнакультурны комплекс “Спадчына Беларусі” — своеасаблівая дэкарацыя, на фоне якой можна ладзіць тэатралізаваныя дзеі этнаграфічнага ці гістарычнага зместу. З пэўных прычын праект застаўся нерэалізаваным. На сёння ёсць цікавы праект парка “Беларусь” для Мінска, дзе ў міні-фармаце мусіць быць прадстаўлена ўся наша краіна праз найзнакамітыя помнікі дойлідства і прыроды. Падобныя экспазіцыі пад адкрытым небам ёсць шмат у якіх краінах, і яны карыстаюцца нязменным попытам у турыстаў.
Летась ідея стварэння пад Мінскам аналага “Дыснэйлэнда” была агучана тураператарамі, зацікаўленымі ў тым, каб знаходжанне турыста ў нас было больш змястоўным, а для нашага бюджэта больш прыбытковым. Чаму менавіта пад Мінскам? Ды з той прычыны, што замежнікі не надта настроены выпраўляцца па цікавосткі ў рэгіёны і адхіляцца далёка ўбок ад галоўнай магістралі, што пачынаецца ад Брэста і ідзе праз Мінск на Маскву. Каб такі "дыснэйлэнд" стаў прывабным, турыст павінен тут пабачыць нешта такое, чаго ў іншых краінах няма. А значыць, трэба пачынаць не з тэхнічнага задання, а з вобразнай канцэпцыі.
Найлепшым варыянтам мне падаецца “дыснэйлэнд” па матывах касмагоніі Язэпа Драздовіча. Уяўляеце, як ягоныя касмічныя фантазіі могуць глядзецца у фармаце лазернага шоу! А вандроўка па планетах Сонечнай сістэмы, якімі іх уяўляў сабе дзядька Язэп, — ці ж гэта не свята для дзяцей і для дарослых, якія не згубілі здольнасці здзіўляцца? І каб у цэнтры гэтага Сусвета — Беларусь. Дакладней — прастора паміж рачулкамі Аутай і Мнютай, якая фактычна і з’яўлялася Космасам нашага Вечнага вандроўніка. А чаму не? Праз малое, калі правільна глядзець, можна пабачыць вялікае, неабсяжнае.