“Мара” і “Буф”

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

У Шаркаўшчыне і Шуміліне падобныя па памерах раённыя цэнтры культуры. Але на гэтым падабенства тыповых РЦК заканчваецца. І не толькі таму, што першым кіруе Аксана Сініца, а другім — Марына Прохарава. Самае галоўнае адрозненне ў тым, што славу Шаркаўшчыны мацуе “Мара”, а папулярнасць Шуміліна прасоўвае “Буф”.

Пра такую “Мару” — толькі марыць. Гэты доўгатэрміновы праект па цыркавым, так бы мовіць, выхаванні дзяцей узнік пры клубнай установе тры дзясяткі гадоў таму. І нічога не атрымалася б, каб не муж і жонка Віталь ды Інна Дарашчонкі, якія з’яўляюцца нязменнымі кіраўнікамі ўзорнага цыркавога калектыву пад назовам “Мара”.

А цяпер — невялічкае адступленне дзеля высвятлення пэўных тэрміналагічных момантаў. У асобных чытачоў можа ўзнікнуць пытанне: “А з якога-такога часу мы называем калектыў праектам?” Адказ такі: “З таго часу, калі калектыў гэты засведчыў сваю брэндавасць”. За адзін дзень, пагадзіцеся, брэндам не станеш. “Мара” дабілася гэтага за трыццаць гадоў існавання. І не толькі ў знакамітасці справа. Галоўнае тое, што тут збываюцца дзіцячыя мары. І сотні выхаванцаў нясуць у душы гонар, зухаватасць і высакароднасць цыркавога артыста, няхай сабе і самадзейнага. Істотна і тое, што фраза “Вы ў праекце” гучыць пастаянна і для першакласнікаў. За год набіраецца да 15 цыркачоў.

Аксана Сініца пераканана, што менавіта прыклад “Мары” стаў прычынай ўзнікнення аналагічных студый у Оршы і Наваполацку. А ў Паставах цыркавы калектыў арганізаваў Валянцін Дзіль з жонкай Аленай — колішнія выхаванцы шаркаўшчынскай “Мары”. Так што праект не толькі доўгатэрміновы, але і бязмежны з пункту гледжання геаграфіі… Усе кропкі над “і”, падаецца, расставілі. Цяпер — далей.

Колькі слоў пра “Буф”. Гэта — народны тэатр гумару, што існуе з 1993 года. Паспрабую даказаць і ягоную брэндавасць. Кіраўнік калектыву, гукарэжысёр Шумілінскага РЦК Юрый Раманаў, у трупу бярэ ў асноўным прадстаўнікоў моцнага полу. Сярод іх час ад часу трапляюцца і цяжкія падлеткі. Раманаў іх называе асабліва таленавітымі. Буфанада (гіпербалізавана-камічная дзея), па яго меркаванні, надзвычай эфектыўна выхоўвае. А праз “Буф”, як і праз “Мару”, прайшлі сотні…

Яшчэ адзін доказ знакавасці калектыву ў тым, што менавіта ў Шуміліне з 1990-х пачаў праходзіць абласны фестываль гумару “Смяяцца — не грэх”. Напэўна, лішне казаць, што львіная доля Гран-пры застаецца ў “Буфа”. А ў фэсце бяруць удзел 15-20 тэатральных калектываў.

Набор у “Буф” заўжды адкрыты. Апрача падлеткаў тут смяюцца і смешаць рабочыя ды служачыя ўсіх узростаў. Юрый Раманаў распавядае, што пачынаў тэатр з пантамімы. Цяпер да яе далучыўся і размоўны жанр. Сцэнарыі для рэпрыз і спектакляў пішуць самі буфаўцы. Штосьці падглядаюць з жыцця, штосьці пераймаюць у прафесіяналаў. У выніку атрымліваецца іранічна-гумарыстычны летапіс Шуміліншчыны. Смех ды гумар ніколі не шкодзілі самай сур’ёзнай справе, наадварот, нязменна рабілі яе светлай і жыццесцвярджальнай.

І караценькая выснова. Ці шмат такіх калектываў-праектаў у раёнах іншых абласцей? Ёсць пры СДК і РДК аўтэнтычныя бабульчыны гурты, старэнькіх салістак якіх мы беззваротна і штогод губляем. Замены ўнікальным носьбітам няма, бо няма сапраўдных, нефальшывых (за вельмі рэдкім выключэннем) спадарожнікавых дзіцячых калектываў. Ёсць шматлікія эстрадныя студыі, якія множацца бы клоны і застаюцца гэткімі ж безаблічнымі. Іх назваць доўгатэрміновымі і агульнакарыснымі творчымі праектамі язык не павернецца. Значыць, такія, як “Буф” і “Мара” — на пералік. Але чаму “К” пра іх не ведае?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"