Навігацыя па СДР

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Чаму перашкодзіць РДР могуць самі майстры?
Калі прыехала ў толькі-толькі адрамантаваны Гарадоцкі дом рамёстваў і фальклору ў адзін з летніх дзён, памяшканні яго нагадвалі пра асвячэнне ўстановы мясцовым бацюшкам. Такі падыход — не выпадковы: за савецкім часам разам з храмамі ўсіх канфесій фактычна знікла і рамяство, часам — разам з узорамі працы майстроў і самімі носьбітамі традыцый. У 1990-я страту адчулі, а сёння, скажам, у Віцебскай вобласці — найшырэйшая сетка дамоў рамёстваў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі. Прычым ёсць тут і СДР — сучасныя дамы рамёстваў (ужо даруйце за вольнае абыходжанне з тэрміналогіяй).

/i/content/pi/cult/555/12141/6-4.jpgПа “праграме” продкаў

Першае, аб чым пайшла гаворка ў сцянах Дома рамёстваў і фальклору ў Гарадку, — генетычная памяць. Па прызнанні майстра па выцінанцы, саломкапляценні і спіральным лозапляценні Людмілы Гаравой, такую памяць яна ўсвядоміла сама, калі праз гады сваёй працы высветліла: яе прапрадзед быў рамеснікам. Тое ж адбываецца, відаць, і з многімі навучэнцамі РДР: рукі хутка пачынаюць упэўнена рабіць справу па “праграме”, закладзенай, бадай, самімі продкамі. Разам з тым, нельга выносіць за дужкі і сучасную “падкаванасць” носьбітаў традыцый: некаторыя з выкладчыкаў Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору з’яўляюцца выпускнікамі мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Пятра Машэрава, абсалютна ўсе — атэставаныя спецыялісты. Чаму я кажу менавіта “выкладчыкі”? Бо асноўнай задачай установы з’яўляецца навучэнне, перадача традыцыі, раскрыццё сакрэтаў рамяства і магчымасць працягнуць яму жыццё.

Экскурсія па СДР

Узначальвае ўстанову Марына Гушча, якая на пасадзе нядаўна, але ў прафесіі — з часоў рэнесансу народнай творчасці. Марына Леанідаўна і правяла для мяне экскурсію па абноўленай установе. Сучасны дом рамёстваў з пункту гледжання ўладкавання — асобны будынак, які налічвае некалькі пакояў пад кабінеты і майстэрні, абсталяванне і выстаўкі, пад захоўванне прадметаў. Гэта камфортная тэмпература ўнутры, добрае асвятленне, рукамыйнікі з гарачай і халоднай вадой пад бокам у майстра, нармальны санвузел, надзейная столь над галавой. А яшчэ — кабінет дырэктара, тэхнічныя памяшканні, наяўнасць крамкі, дзе можна гандляваць вырабамі майстроў свайго ж СДР. А яшчэ — мэбля, матэрыялы. А найперш — людзі, якія вучаць і якія вучацца.

Гарадок у гэтым сэнсе шчаслівы: установа займела ўсё гэта. Урэшце, і не магло быць інакш. Праўда, не ў адзін момант тое адбылося. Калі шпацыравала па тутэйшым сучасным доме рамёстваў, мне прыйшла думка, што такія ўмовы працы наогул не павінны падавацца казачнымі! Так і мае быць. І абнаўленне Гарадоцкага ДРФ — доказ таго, што маштабныя дзяржаўныя праграмы па матэрыяльнай падтрымцы культурных аб’ектаў працуюць.

План на год

Спадарыня Гушча на момант майго візіту складала план на год. Пералічу некаторыя прыярытэты ўстановы. Як мне цярпліва некалі тлумачыў арыенцір “цэху” , старшыня Саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, сапраўдная задача рамесніка — следаванне традыцыям, а не іх скажэнне ці ператрактоўка. Праўда, высакародная місія, на жаль, далёка не заўсёды здольная акупаць сябе. Значна лягчэй вырабляць нешта моднае, таннае, канвеернае, бо няцяжка тое і збываць. Што да Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору, дык яго супрацоўнікаў такія складанасці не адпужваюць. Майстры выпраўляюцца ў экспедыцыі, звяртаюцца да навукоўцаў і носьбітаў рамёстваў, займаюцца даследаваннямі, удзельнічаюць у канферэнцыях. З гадамі такі лад жыцця стаў прынцыпам: трэба выхоўваць густ. Ну а здабыткі, напрыклад, у ткацтве, тут жа ўкараняюцца ў творчы працэс: знойдзеныя ўзоры знаходзяць сабе месца на льняных строях майстрых для конкурсаў ды фестываляў. Прыгожа і асэнсавана.

Адным з вектараў стане і прыцягненне ўвагі дзяцей ды моладзі да рамесных працэсаў, бо нярэдка асноўная аўдыторыя дамоў рамёстваў сёння — жанчыны, прычым збольшага — пенсійнага веку. Гарадок мае намер выхаваць і новае пакаленне тых, хто будзе валодаць старажытнымі традыцыямі. Асобную ўвагу атрымаюць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Зараз Дом рамёстваў у стане прымаць такіх людзей, якія вельмі цягнуцца да творчасці. Дарэчы, у гарадоцкую ўстанову раней звярталіся студэнты-рэабілітолагі з Расіі па вопыт і практыку, але ўмовы старога будынку не дазвалялі праводзіць падобныя заняткі. Але ў хуткім часе працэс запусцяць.

Проза жыцця

Выканання фінансавых планаў не пазбегнеш. Разам з тым, калектыў з Гарадка зразумеў наступнае: трэба арыентавацца на пакупніка, хоць і не ісці ў яго на повадзе. Прадукцыя сувенірная каштуе менш, чым рэчы адзінкавыя ды маштабныя, таму яна будзе лягчэй прадавацца і прыносіць большы заробак для ўстановы. Але, хоць і мініяцюрная, застанецца яна ў рамках традыцый. Па прызнанні Марыны Леанідаўны, мы — сведкі ўсплёску новага развіцця дамоў рамёстваў. Галоўнай і адзінай перашкодай для паспяховага існавання гэтага кірунку сферы культуры з’яўляюцца… самі рамеснікі. Тут павінны быць чалавечы стрыжань, талент і адкрытае сэрца, каб сакрэты пераставалі імі быць, каб веды распаўсюджваліся, каб цягнуліся людзі і цягнулі за сабой астатніх.

Мінск — Гарадок — Мінск

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст