Змяніўся і зменіцца...

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

“Залаты шлягер” і грошы толькі “на бульбу”
У Магілёве завяршыўся Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер-2015”, які працягваўся з 30 верасня па 4 кастрычніка. Сёлета гэты форум святкуе свой 20-гадовы юбілей. Якім жа сталася чарговае свята?

/i/content/pi/cult/555/12140/6-3.jpg

Амерыканцы Мэла Уолдран і Тавіс Мінэр упрыгожылі джазпраграму фестывалю. / Фота з сайта Магілёўскага гарвыканкама

Нават простага вывучэння афішы дастаткова, каб пераканацца, што “Залаты шлягер-2015”, нягледзячы на круглую дату, аказаўся не такім маштабным, як у многія ранейшыя гады свайго існавання. Але, што прыемна, вярнуўся да некаторых даўнейшых традыцый, апошнім часам крыху падзабытых, і замацаваў тыя новыя асаблівасці, што паступова выпрацоўваюцца. Так, сёлета ўсе фестывальныя мерапрыемствы былі сканцэнтраваны ў Палацы культуры вобласці і на пляцоўцы перад ім. З аднаго боку, гэта быццам бы звужванне гарадской геаграфіі свята, якое ў пэўны момант зрабіла сваёй галоўнай сцэнай Лядовы палац. З іншага ж — вяртанне на тую пляцоўку, з якой усё і пачыналася, з’яўляецца больш чым сімптаматычным. Бо разам з больш ёмістай, утульнай залай на фестываль вярнулася і колішняя атмасфера не прахалоднай палацавай прэзентацыі, а гэткага па-хатняму цёплага “рэтра-салона”, дзе ўсе артысты — бы родныя і блізкія, што сабраліся разам.

Што ж да ўласна праграмы, дык там паболела оперных спевакоў — найперш, гэта міжнародны квартэт тэнараў, удзельнікі якога (а сярод іх ёсць і саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Эдуард Мартынюк) выступалі і разам і, у іншых канцэртах, паасобку. Яшчэ больш важна, на маю думку, тое, што працягвае ўзмацняцца джазавы кірунак. Памятаю, калі ў пачатку існавання фестывалю на ім упершыню з’явіўся джазавы канцэрт, заўсёды аншлагавая зала Палаца культуры аказалася запоўненай хіба напалову: ну, не прывыкла тады магілёўская публіка (у адрозненне, на той час, ад сталічнай ці віцебскай) да такіх выкшталцонасцяў. А цяпер Магілёў славіцца ўласным калектывам: тыя ж “Jazz City Band” і “Premier Orchestra” паспелі стаць героямі некалькіх тэлепраграм і разнастайных праектаў. Да ўсяго, менавіта праз такія калектывы да форуму прыцягваецца ўвага не толькі старэйшых пакаленняў, але і моладзі.

— За джазавыя праграмы, дзе быў прадугледжаны сэйшн — сумеснае музыцыраванне салістаў, і асабліва за выступленні “Premier Orchestra”, — гаворыць мастацкі кіраўнік фестывалю, вядомы прадзюсар Андрэй Каліна, — я перажываў больш, чым за штосьці іншае. Можа, яшчэ і таму, што мы са знакамітым джазменам Андрэем Славінскім спрычыніліся да стварэння гэтага калектыву. І вельмі рады, што ўсё атрымалася, адэкватнай стала і рэакцыя публікі, хаця джаз бывае і не такім простым для ўспрымання. А наконт маштабнасці — усё залежыць яшчэ і ад грошай. Але можна і з бульбы прыгатаваць безліч апетытных страў, а можна і мармуровае мяса сапсаваць так, што стане неядомым. На гэты раз, лічыце, у нас былі грошы толькі на бульбу: каштарыс усяго фестывалю быў у разы меншы, чым аднаго гала-канцэрта на “Славянскім базары ў Віцебску”. Але творчая група “выціснула” з гэтага максімум, амаль усе запрашэнні трымаліся на асабістых кантактах — і свята, нягледзячы ні на што, адбылося. Будуць большыя фінансавыя магчымасці — адпаведна, будзе іншым і размах.

Акрамя канцэртных праграм, сёлетні “… Шлягер” ахопліваў рэтра-паказ мод, выстаўку рэтра-аўтамабіляў, кірмашы прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых падворкаў вобласці. Усё гэта цудоўна! Але зніклі творчыя спаборніцтвы: і ранейшы конкурс салістаў, і больш позні конкурс ВІА імя Уладзіміра Мулявіна, якія складалі галоўны стрыжань форуму, трымалі яго інтрыгу дый таксама прыцягвалі моладзь. А галоўнае — рухалі нацыянальнае мастацтва наперад, адкрывалі новыя імёны. Так супала, што ў адзін з фестывальных дзён на тэлеэкране з’явілася магілёўская спявачка, колішняя пераможца “Залатога шлягеру” Ганна Мушак. Гэтым разам — як удзельніца расійскага тэлепраекту “Галоўная сцэна”. Журы — у экстазе: маўляў, вось якую мы зорку адкрылі! А спявала яна добра вядомы нам “шлягерны” рэпертуар. Дык хто каго, прабачце, адкрыў?

— Я вельмі хачу вярнуць конкурс, — працягвае Андрэй Каліна. — Пасля адкрыцця фестывалю ў мяне была асабістая размова са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім. Думаю, мы знайшлі паразуменне: трэба вярнуць “Залатому шлягеру” былую славу, а для гэтага неабходна фінансавая падтрымка, канцэнтраванне дзяржаўных і спонсарскіх магчымасцей. Я вельмі ўдзячны абласным і гарадскім уладам, што не першы год яны давяраюць мне творчую частку фестывалю. Сёлета, да прыкладу, адной з “разыначак” фэсту стаўся прыезд Аляксандра Панаётава. Не ўсе, мабыць, памятаюць, што 14 гадоў таму ён стаў у Магілёве лаўрэатам. Мне давялося тады нават “скарэктаваць” конкурсныя ўмовы, каб ён змог прыняць удзел, бо дапускаліся спевакі з 18 гадоў, а яму было толькі 16. Гэта і адказ на ваша пытанне, хто каго адкрыў, і тое, дзеля чаго ўвогуле павінен існаваць увесь фестываль — дзеля пераемнасці пакаленняў. Каб мы не толькі аддавалі даніну памяці зоркам мінулых гадоў, але і запальвалі новыя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"