Перадпенсійны век — норма?

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Святлана КАЗЛОВА, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнагап каледжа імя Аляксандра Пушкіна
Сёлетні конкурс пры паступленні і на дзённае, і на завочнае аддзяленні (2,3 чалавека на месца па профільнай спецыяльнасці), а таксама — на платную форму навучання абумоўлены ў пэўнай ступені неблагой прафарыентацыйнай работай, якую пастаянна ладзіць каледж.

/i/content/pi/cult/555/12139/6-2.jpgНаш выпускнік — той кантынгент, што фарміруе штат ад сельскіх да абласных ды сталічных бібліятэк. Водгукі аб іх — заўжды станоўчыя. Добрая палова штогод, адразу пасля заканчэння каледжа, паступае ва Універсітэт культуры і мастацтваў. Вучацца і паралельна працуюць. Што умеюць нашы выхаванцы? Многае. Нават валодаюць навыкамі арганізацыі клубнай дзейнасці, добра ведаюць сучасную камп’ютарную тэхніку.

Мы — адзіная навучальная ўстанова ў рэспубліцы, якая выпускае спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Былі спробы распачаць падрыхтоўку такіх спецыялістаў на базе гродзенскага каледжа. Не атрымалася. Не таму, што запатрабаванасць у бібліятэкарах знізілася. Яна якраз з кожным годам павялічваецца. Проста не было досведу, не хапала спрактыкаваных педагогаў. Але хачу зазначыць: наш каледж на сёння ва ўзаемадзеянні з Універсітэтам культуры і мастацтваў здольны забяспечыць кадравую патрэбу ўсёй рэспублікі.

Праблема заключаецца ў іншым. У раёнах не надта спяшаюцца з намі ўзаемадзейнічаць. Маю на ўвазе, канешне, прафарыентацыю. А менавіта ў раёнах прыкладна траціна бібліятэкараў не мае спецыяльнай адукацыі. Хоць і скарачаецца колькасць устаноў, але паралельна ідзе няспынны працэс кадравага старэння. Але дзейснага супрацьстаяння гэтаму не назіраецца. Такое ўражанне, што на месцах не надта азадачваюцца своечасовым вырашэннем кадравай праблемы. Нібыта перадпенсійны ўзрос работніка — абавязковая норма. А дзе рэзерв патэнцыйных абітурыентаў, з якім неабходна працаваць штодзённа і надзвычай уважліва?

У выніку сітуацыя такая: на кожнага нашага выпускніка пры размеркаванні — па два-тры месцы. А мэтавікаў — недаравальна мала. Як сітуацыю будзем выпраўляць?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"