Пленэры, выстаўкі, канцэрты…

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

11 кастрычніка — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Заўтра адбудуцца выбары Кіраўніка нашай дзяржавы. Натуральна, што ў выбарчай кампаніі самы актыўны ўдзел бяруць і работнікі культуры. Як і заўжды, шэраг устаноў культуры па ўсёй краіне будзе працаваць як выбарчыя ўчасткі. Сталая традыцыя і тое, калі падзеі дзяржаўнай важнасці суправаджаюцца культурнымі мерапрыемствамі самай рознай скіраванасці. Пра гэта — і гаворка.

/i/content/pi/cult/555/12131/2-2.jpgБрэстчына / Бярозаўскі раён

Актыўнічае моладзь

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Кавалёк паведмаляе, што 7 кастрычніка ў горадзе прайшоў Маладзёжны форум, на якім 252 маладыя спецыялісты вытворчай і сацыяльнай сфер Бярозаўшчыны абмеркавалі надзённыя пытанні, у тым ліку і ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пра грамадскую актыўнасць моладзі, запэўнівае Таццяна Кавалёк, сведчыць удзел юнакоў і дзяўчат у конкурсе праектаў “Калі б я быў кіраўніком раёна…” Мясцовыя ўлады палічылі самай удалай прапанову ўсталяваць ля кінатэатра “Кастрычнік” сонечны гадзіннік. Грошы для гэтага ўжо ёсць! Пры непасрэдным удзеле маладых работнікаў культуры 6-10 кастрычніка прайшлі перадвыбарчыя канцэрты самадзейнасці на дваровых пляцоўках горада. А сёння і заўтра ў Бярозе і Белаазёрску пройдуць мастацкія пленэры з удзелам маладых жывапісцаў “Мы выбіраем будучыню”.

Віцебшчына / Сенненскі раён

Стаўка — і на аўтаклуб

У выбарчых камісіях Сенненшчыны — восем работнікаў культуры. У шасці ўстановах сферы дзейнічаюць участкі для галасавання. Тут, як паведамляе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Мяцеліца, за кошт пазабюджэтных сродкаў зроблены рамонт.

На кожным з участкаў заўтра адбудуцца канцэртныя мерапрыемствы. Павысіў актыўнасць і аўтаклуб, якім кіруе Аляксандр Васілёнак, а акампаніятарам — Галіна Бандарэвіч. Днямі яны выступілі на Дні сельсавета ў Ходцах. Заўтра запланавалі правесці канцэрты разам з хорам ветэранаў на трох выбарчых участках раёна.

Гомельшчына / Акцябрскі раён

З 8.00 да 20.00…

Менавіта ў такой часавай прасторы будуць дзейнічаць заўтра работнікі культуры Акцябршчыны. Натуральна, што ў культурным забеспячэнні работы выбарчых участкаў прымаюць лепшыя творчыя сілы.

Але самым паказальным будзе Акцябрскі цэнтр вольнага часу (выбарчы участак № 3). Тут гледачам прапанаваны цэлы “канвеер” відовішчаў. З канцэртам выступяць выхаванцы школы мастацтваў. Адбудуцца ўрачыстыя святкаванні Дня работнікаў культуры. Потым распачнецца конкурсная праграма з удзелам дзяцей ад 10 да 13 гадоў. Запланаваны таксама мастацкія прэзентацыі банка і турфірмы.

Гродзеншчына / Шчучынскі раён

Сустрэнемся ў бібліятэцы

Старшыня выбарчай камісіі ў гарадскім пасёлку Астрына — бібліятэкар Ганна Сцяпанчанка. Участак для галасавання месціцца ў бібліятэцы. У выніку аптымізацыі яна стала аб’яднанай: да “дарослай” установы далучылася дзіцячая. Ганна Аляксандраўна адказвае за дзіцячых чытачоў. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічаюць два клубы: краязнаўчы (аж з 1982 года), які ў конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” заняў сёлета другое месца за ўдалыя летапісы вёсак, і клуб “Неабыякавыя матулі”. Справа ў тым, што ў гарпасёлку шмат сем’яў з прыёмнымі дзецьмі, іхніх гаспадынь і аб’яднала бібліятэкарка. Ганна Сцяпанчанка працуе даўно, старшынёй камісіі з’яўляецца не ўпершыню. Так што людзі вераць бібліятэкару. А заўтра выбаршчыкі могуць пазнаёміцца з кніжнымі выстаўкамі.

Магілёўшчына / Краснапольскі раён

Разам з “...Харашухамі”

Вёска Горы вядомая народным вакальным гуртом “Горскія харашухі”, якому — 25 гадоў. Бабулі — жвавыя, вясёлыя і цудоўна ведаюць мясцовыя старадаўнія песні. На абласных дажынках, што прайшлі нядаўна ў Круглым, “…Харашухі” не раз зрывалі апладысменты. А заўтра гурт дае канцэрт у Горскім СДК, дзе працуе выбарчая камісія № 6. Аншлаг — забяспечаны. Выступіць і ансамбль “Спявай, душа!”. Ён — таксама народны. Дарэчы, усяго ў дзень выбараў, 11 кастрычніка, творчыя калектывы Магілёўшчыны дадуць каля 2 тысяч канцэртаў.

Міншчына / Валожынскі раён

Пяць-шэсць канцэртаў

Як паведамляе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч, 11 кастрычніка з канцэртамі выступяць усе творчыя калектывы Валожынчыны. І не толькі ў родных вёсках, але і на суседніх выбарчых участках. Да прыкладу, народны ансамбль народнай песні “Сваякі” мяркуе даць за дзень мінімум пяць канцэртаў. На трох выбарчых участках чакаецца выступленне ветэранскага клуба “Верас”. Запланаваны і канцэрт аркестра Дзіцячай школы мастацтваў.

Мінск / Маскоўскі раён

“Мы беларусы…”

Свята “Мы беларусы — мірныя людзі” пройдзе ў дзень выбараў на тэрыторыі Парка імя Міхаіла Паўлава. Пра гэта “К” паведаміла загадчык сектара культуры ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы Алена Піскунова. Тут мерапрыемствы будуць доўжыцца з 11.00 да 17.00. Сярод іх: гала-канцэрт раённага фестывалю самадзейнай творчасці арганізацый і ўстаноў, што адбываўся цягам верасня і кастрычніка, спартыўныя і забаўляльныя праграмы, катанне на конях і выступленне канатаходцаў… Каля дзесяці выбарчых участкаў пачнуць дзейнічаць сельскагаспадарчыя кірмашы. А побач з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў мікрараёне “Брылевічы” таксама пройдуць канцэрты, тэатралізаваныя дзеі.