Паміж "старым" і суперсучасным

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

У Наваполацку пра дакументальнае кіно, нестандартны Цэнтр рамёстваў і баланс платных паслуг / Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком: Наваполацк
Вербальна размінаючыся перад марш-кідком па ўстановах культуры Наваполацка, якія ў свой час наведваў будучы музыкант Леанід Паўлёнак, спытаў у яго пра папулярнае ўкраінскае тэлешоу “X-фактар”. Аказваецца, яго гурт “Нагуаль”, прайшоўшы першы тур, адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў праекце: “Мы хацелі “засвяціцца” перад аўдыторыяй праграмы, а значыць, і перад замежнымі дзеячамі музычнага бізнесу. І “засвяціліся”. Вялікай прагі трапіць у шоу не мелі: гурт на перадачу запрасілі яе стваральнікі. А пачынаючы з другога тура трэба было ўсё больш прагінацца пад фармат, выдумляць тое, што нам не надта блізкае і не вельмі цікавае. Таму і абмежаваліся разавым з’яўленнем у эфіры. Але колы ад яго пайшлі...”

/i/content/pi/cult/555/12126/10-1.jpgЦэнтр рамёстваў як андэрграўнд

У наваполацкім Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры Паўлёнак з’явіўся ў 1995 годзе з нефармальнай музычнай тусоўкі горада. Прычым ішоў Леанід, як думаў, у нейкі творчы дом, а не менавіта ў Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур (пад такой назвай ён існаваў да 1996-га, калі адзінай профільнай культурай стала ва ўстанове беларуская). Галоўным для Паўлёнка была магчымасць атрымання бясплатнай рэпетыцыйнай кропкі і гукаўзмацняльнай апаратуры. Ішоў у цэнтр Леанід, дарэчы, плануючы “замуціць” тут яшчэ і нешта сумеснае са сваім земляком — Міхеем Насарогавым, цяпер вядомым мінскім альтэрнатыўшчыкам. Але — не склалася. (Як, смеючыся, сказаў мне Паўлёнак, намякаючы на каларытную знешнасць старадаўняга прыяцеля: “Вось з кім трэба было прайсціся па ўстановах: культурны шок іх кіраўнікам быў бы гарантаваны”.)

— Тое бурлівае жыццё ў Цэнтры, дух тых культур, якімі ў ім займаліся, паўплывалі на стылістычную скіраванасць музыкі, якую граю сёння, — кажа Леанід. — Гэта мікс розных жанраў, рознай этнікі, фанемаў.

— Цэнтр тых часоў уяўляў сабой галоўную андэрграўндную пляцоўку горада, — уступае ў размову кіраўнік ЦРіТК Кацярына Фядотава. — Творчыя асобы Наваполацка тут выносілі на ўсеагульны агляд творы, праекты, генеравалі ідэі.

Установа і для будучага лідара аднаго з самых эксцэнтрычных айчынных гуртоў “Нагуаль” сталася, перш за ўсё, нефармальным аб’яднаннем. Канкрэтна да беларускіх рамёстваў і традыцыйнай культуры цягі ў яго не было, але ён да іх “прыбудоўваў сваю энергетыку”. Цікавасць да ўласна роднага паўстала ў артыста на пачатку 2000-х.

— Выспявала, напэўна, — разважае ён. — Роднай для мяне заўсёды была вёска Навiнцы Мiёрскага раёна, усё, што мела дачыненне да вясковай працы. Я ж марыў стаць альбо музыкантам, альбо фермерам. Не памятаю, каб у маёй вёсцы назіраліся нейкія спрадвечныя “культурныя праявы”: абрады не праводзіліся, песень архаічных не спявалі. Бабуля нешта такое незвычайнае часам зацягвала, а так — застольныя песні, пасляваенныя, тое, што гучала па радыё.

Нараджэннем у сабе беларускага Паўлёнак абавязаны самаадукацыі і таму, што з нейкага часу ў яго мінскім асяроддзі пазначыліся людзі, звязаныя з беларускай культурай. “Напрыклад, Андрусь Такiнданг — унікальны чалавек, мой калега па калектыве “Рэха”. Мастак, паэт і тэлевядучы, якi чысцютка размаўляе і спявае на мове Коласа і Купалы, у тонкасцях дасведчаны пра нашу гісторыю з культурай... афрабеларус", — усміхаецца Леанід.

Паступова, у Паўлёнка з’явіліся жаданне і патрэба выконваць песні на беларускай мове, і сёння ў мультыкультурнай творчасці “Нагуаля” ёсць месца творам, якія сыходзяць каранямі ў беларускую абрадавую паэзію. Гэта беларускамоўныя песні на ўласныя вершы і з выкарыстаннем вершаў айчынных паэтаў, спецыяльна напісаныя для праграм для дзяцей (бэбi-тэатр “Каралi. Пацерка да пацеркi”). Таму ягоныя праекты і сталі часта запрашаць на мерапрыемствы, звязаныя з традыцыйнай культурай. “Задумваюся над тым, каб зрабіць вялікую музычна-тэатральную пастаноўку па ўзоры шоў Вячаслава Палуніна, дзе былі б кампазіцыі і на беларускай мове, і з выкарыстаннем нацыянальнай міфалогіі”, — дзеліцца артыст.

— Я, можа, небясспрэчную рэч скажу, — “вяртаецца” да Наваполацку Кацярына Мікалаеўна. — Воляй-няволяй, але горад наш з перабудовай пачаў “пазіцыянаваць” сябе як нешта... супрацьлеглае Полацку. Перакармiлі, мне здаецца, пафасам адносна полацкай зямлі ў гісторыі Беларусі. Наваполацк з таго часу стаў існаваць трохі ў адрыве ад суседняга горада, прымаючы мастацтва канца XX стагоддзя, ідучы з той жа рок-музыкай па жыцці. Як бы “адмаўляючы” сівую мінуўшчыну. Цяперашняе разуменне таго, якому краю мы належым, прыйшло з цягам часу.

Пра тое сведчыць і сенняшняя дзейнасць Цэнтра, дзе мірна ўжываюцца “старое” з “новым”. Па-ранейшаму працуе рок-клуб, якi, у прынцыпе, вырас з рок-клуба, створанага ў горадзе ў 1987-м Сяргеем Анішчанкам — вядомым прадзюсарам. Поруч з ім дзейнічаюць гурткі вышыўкі, саломка- і лозапляцення, ганчарства, два клубы гістарычнай рэканструкцыі, фотаклуб, чатыры народныя калектывы — архаічнага спеву “Княжыч”, майстроў і самадзейных мастакоў “Прамень”, студыя візуальнага творчасці “НЭКСТ”, Тэатр лялек “Капялюш” — адна з нямногіх у краіне паўнавартасных батлеек.

Кіраўнік Цэнтра адзначыла, што далучыць сённяшнюю моладзь да рамёстваў і традыцый складана. Спадарыня Фядотава мяркуе, што цяперашняе пакаленне, якое ў якіх толькі “грахах” ні абвінавачваюць, насамрэч чуйнае да фальшу, пошласці, да ўсялякіх “псеўда”. І сваё непрыманне нібыта рамёстваў і нібыта традыцый яно праецыруе і на сапраўдныя народныя промыслы і мастацтва. Задача тых, хто вучыць ім у ЦРіТК, заключаецца ў тым, каб “спакусіць” юнакоў і дзяўчат рэальнай аўтэнтычнай творчасцю, прадэманстраваць яе адрозненне ад падробак, прапанаваць “андэрграўнд” замест папсы. І ўцягнуць іх у якасці ўдзельнікаў у такую “альтэрнатыву”.

Кацярына Мікалаеўна лічыць памылкай, калі пры арганізацыі мерапрыемстваў, якія маюць статус “нацыянальных”, у іх культурную праграму ўключаюць i тое, што да паняцця нацыянальнага не адносіцца. Калі са стылізаванымі абрадамі суседнічаюць сучасныя эстрадныя танцы, пасля этнічнага шматгалосся ідзе песенны поп-нумар, а ўпрытык да міні-майстэрні, у якой на вачах у публікі ствараюць эксклюзіўную кераміку, размяшчаюць прылавак з гліняным шырспажывам.

Выступае наша візаві і за тое, каб паменшыць нагрузку на цэнтры рамёстваў у плане зарабляння імі грошай. У вымушанай пагоні за пазабюджэтам нярэдка даходзіць да таго, што ў такіх установах, закліканых берагчы і развіваць традыцыйную культуру, працуюць гурткі “дзіўныя”, дапусцім, арыгамі — “спрадвечнага” беларускага мастацтва. З іншага боку, некаторыя інстанцыі з насцярогай ставяцца да таго, што ў наваполацкім ЦРіТК за рамяство “трымаюць” выраб мэблі з лазы (майстар Уладзімір Пудаў). Да “сякерных” кошыкаў прэтэнзій няма, да крэслаў і столікаў — ёсць: маўляў, гэта ўжо бізнес, і да асноўнай дзейнасці Цэнтра дачынення не мае.

…Развітваючыся, на нашу з Леанідам заўвагу, што ў будынку халаднавата, Кацярына Фядотава толькі ўздыхнула: перманентны рамонт робіцца ў ім у асноўным сіламі супрацоўнікаў установы, а замяніць батарэі пакуль толькі абяцаюць.

Адзін на ўсіх і ўсе ў адзін

На сеансы ў кінатэатр “Мінск” Леаніда спачатку вадзіла мама. “Рытуал” выглядаў наступным чынам: гульнявыя аўтаматы (“Марскі бой” і іншыя “стралялкi”), буфет з абавязковымі марожаным і ліманадам, разглядванне ў вальерчыках папугаяў і, уласна, стужка (ці мультфільм). Асабліва ў памяць Паўлёнка ўрэзалася прыгодніцкая сацыяльная драма “Канвой”, на якую ён схадзіў сем разоў! А пасля заканчэння школы на змену сеансам прыйшоў відэамагнітафон і баевікі з жахліўчыкамі. Аднак зусім “Мінск” артыст не пакінуў: у адным з памяшканняў кінатэатра знаходзілася рэпетыцыйная студыя. А ў сярэдзіне 1990-х ён стаў заўсёднікам тутэйшых дыскатэк з музыкай а-ля “The Prodigy”.

Зараз радыкальна абноўлены амаль тры гады таму “Мінск” з’яўляецца дачынным прадпрыемствам Культурна-забаўляльнага цэнтра “Вектар”. І проста кінатэатрам яго ўжо не назавеш: акрамя залы (12 кілават гуку) на 163 звычайных і V.I.P.-месцаў у будынку знаходзіцца 5D-атракцыён (Леанід з дырэктарам “Мінска” Дзмітрыем Уласенкам яго выпрабаваў падчас дэманстрацыі мультфільма пра амерыканскія горкі), дзіцячы анімацыйны пакой, гульнявыя сталы для аэрахакея (матч паміж Паўлёнкам і Уласенкам завяршыўся, па-мойму, унічыю), бар, кавярня. І, між іншым, Дзмітрый Леанідавіч — у мінулым прафесійны музыкант, не забыўся пра сваю ідэю ў перспектыве адкрыць пры кінатэатры музычную студыю. Зрэшты, джазам публіку тут песцілі, калі перад пачаткам сеансаў на сцэну ўздымаўся квінтэт і наігрываваў стандарты. І ад сюрпрызаў адмаўляцца не збіраюцца.

Яшчэ да знаёмства з установай нечакана завязалася ў меру эмацыйная дыскусія на тэму “Як папулярызаваць Беларусь праз кінатэатры”. Я згадаў савецкае мінулае, калі нярэдка здаралася, што асноўнаму фільму папярэднічаў дакументальны кіначасопіс пра тое, чым дыхаў савецкі чалавек і ў чым дасягаў поспехаў. Не без выкрыцця асобных сацыяльных язваў, вядома. Так, гэта былі і прамалінейныя агіткі, але і карціну таго, што адбываецца ў дзяржаве, давалі. Сёння аналагічных “бонусаў” у праламленні да незалежнай Беларусі нашы кінатэатры амаль не практыкуюць. Няма патрэбы, сацзаказу, і таму фільмы такія не здымаюць? Уласенка нічога падобнага ў “Мінску” не згадаў, пра што шкадуе. Шкадуе і Паўлёнак... пішучы музыку акурат да дакументальных стужак! Але акрамя як на прэм’ерных і рэдкіх спецыяльных паказах музыкант іх не бачыў... (“Культура” пра гэта “казус” пісала неаднойчы. — А.К.)

Калег-канкурэнтаў у “Мінска” ў 100-тысячным горадзе няма. У сярэднім запаўняецца штодня палова залы. А сярод надзённых клопатаў спадара Уласенкі — рамонт фасада. Справа за “малым” — фінансаваннем.

Людзям патрэбна класіка

Летась Бібліятэку імя Якуба Коласа, размешчаную на першым паверсе шматкватэрнага жылога дома, залілі зверху вадой. Пацярпела памяшканне, рамонт у якім да гэтага часу вядзецца, пацярпела шмат кніг... Праўда, ад Леаніда Паўлёнка бібліятэчная літаратура не пакутвала: карцінкі з часопісаў ён цішком не вырываў, аповесці і раманы здаваў у належны тэрмін. Самым “чытаючым” перыядам у сваім жыцці ён лічыць парог уласнага 20-годдзя. Духоўны крызіс Леанід пераадольваў з дапамогай Ніцшэ, Канта, Камю, Гамсуна... За імі пайшлі Леў Талстой і Фёдар Дастаеўскі. Беларускія пазашкольныя проза і паэзія тады прыцягвалі Леаніда не асабліва з пункту погляду экзiстэнцыялiзму. Але кніга Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” кранула і ўразіла ўяўленне сваім зместам і каларытам мовы. На дадзены момант Паўлёнка цікавіць у большай ступені навуковая і аўтабіяграфічная літаратура. У аўдыяварыянце.

— А што карыстаецца попытам у вашых чытачоў?

— Гістарычныя творы, руская класіка, савецкая, — адказвае загадчык бібліятэкі Таццяна Конышава. — Быкава “проста так” чытаюць пераважна на рускай мове, а калі ён патрэбен у рамках школьнай праграмы — на беларускай. Сучасныя айчынныя аўтары запатрабаваныя мала. Шчыра кажучы, беларускую літаратуру наогул чытаюць не надта шмат. А беларускамоўную... і таго менш. Перакананая: прычына ў тым, што людзі дрэнна ведаюць родную мову.

— Каюся, — развёў рукамі Паўлёнак, — і цяпер наша літаратура займае ў маім жыцці невялікае месца. Чытаю тое, што можа спатрэбіцца мне ў творчасці, тое, што раяць сябры. Барадуліна (думаю зрабіць песню на адзін з яго вершаў), Хадановіча (таксама з задавальненнем напісаў бы песню на адзін з яго перакладаў). З апошняга — “Мiларусь” Вольскага.

— Электронная кніга пераможа папяровую?

— Не думаю, — адказвае Паўлёнак. — Хаця б таму, што эфект тактыльнага кантакту паміж чалавекам і паперай сучасныя тэхналогіі не перададуць. І я яшчэ правяду паралель з цацкамі. Калісьці на змену драўляным прыйшлі пластмасавыя. Цяпер жа дзеці зноў просяць купіць ім драўляныя — і вытворцы “фішку” адчулі. Гэта нешта сапраўды на ўзроўні падсвядомасці, на ўзроўні архаічнага мыслення, мяркую.

— Вось ёсць Нацыянальная бібліятэка, у якой усё суперсучасна, супермодна, — падключаецца Таццяна Міхайлаўна, — але я працаваць у ёй не хацела б. Усё, быццам, для чалавека — тэхналогіі, гаджаты, — але дыхаецца там цяжкавата. На мой погляд, і моладзі ўжо надакучвае штучная лёгкасць даступнасці да кнігі. І не тое перажыванне ад сюжэту, прапанаванага электронным носьбітам, не тыя эмоцыі. Нам, бібліятэкарам, электронныя памочнікі, напрыклад, патрэбныя, яны паскараюць працэс ўзаемадзеяння з наведвальнікамі. Але для гэтага Інтэрнэт павінен працаваць нармальна, зараз жа, пакуль адбудзецца злучэнне з ім, пакуль загрузіцца каталог, нам прасцей знайсці запыт па старэнькай картатэцы. Ці задаеш у Сетку запыт на таго ж Талстога — і высвечваецца 300 спасылак, а ў нас ужо ўсё даўно сістэматызавана ўручную.

Зразумець спадарыню Конышаву можна. Але, можа, прыняць у штат кампетэнтнага “айцішнiка”, які распрацаваў бы праграмы на многія выпадкі жыцця гэтай канкрэтнай бібліятэкі? План платных паслуг “дапаможа” грашыма… Праўда, да яго загадчык установы ставіцца без захаплення: “Усё гэта ламініраванне, сканаванне, капіраванне адцягваюць ад працы. Часам здаецца, што найперш займаемся прадастаўленнем платных паслуг...”

— Я пра такі план таксама чуў, — уступае ў дыскусію Паўлёнак, — у сувязі з гэтым у мяне прапанова. Калі ёсць такая магчымасць — адгарадзіць закуток, пакойчык Коласа, у якiм знаходзіліся б артэфакты, звязаныя з яго іменем? Хай гэта рэплікі, а можа, дамовіліся б з “коласаўскім” музеем, каб ён на час вам дазваляў экспанаваць нейкія прадметы са сваёй калекцыі? Вы праводзілі б платныя экскурсіі. Раптам, народ пацягнуўся б?

— З-за таго, што памяшканне бібліятэкі было спраектавана няўдала, закуток такі мы наўрад ці знойдзем, — сумняваецца Таццяна Конышава. — У выніку аптымізацыі ў нас скарацілі стаўку гардэробшчыцы, і цяпер у халодны час года наведвальнікі вешаюць сваю верхнюю вопратку на спінкі крэслаў: у дождж і снег у прыбіральшчыц працы дадалося. Гэта значыць экскурсавод у новыя ўмовы дакладна не ўпісваецца. Але за ідэю дзякуй!.. У нас ёсць думкі наконт вулічных мерапрыемстваў, якія прапагандуюць і кнігу, і бібліятэку (вопыт такі мелі). Ёсць ідэі ладзіць невялікія святы, звязаныя са знакавымі для літаратуры датамі, калі з “жывых вокнаў” да нас заклікалiся б наведвальнікі. Ды ўсё ж патрэбна спачатку канчаткова справіцца з наступствамі патопу, дайце набыць прынтары, ламінатары, відэапраектар, аўдыёапаратуру, новыя камп’ютары...

“Крайняе слова”

— Вынікі “шпацыру” па месцах “баявой славы”, вядома, дадуць мне імпульс для нейкіх новых творчых ідэй, больш цесна звяжуць з роднай культурай. У працэсе нашых перамяшчэнняў па Наваполацку я адчуваў, як ува мне нараджалася жаданне проста цяпер схапіць якую-небудзь кнігу па гісторыі Беларусі, паслухаць абрадавую народную песню, самому паспрабаваць што-небудзь сачыніць, даведацца, што адбываецца ў кінематографе, патэлефанаваць адказнаму чыноўніку і спытаць: “Дзе беларускія дакументальныя фільмы ў шырокім пракаце?!” Можа, вярнуся ў Мінск і набяру нумар...

Мінск — Наваполацк — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"