Маскі і міфы уральскай сцэны

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Досвед дзесяці спектакляў, якімі “ўзрушвалі” Мінск
Верасень прамінуў у музычна-тэатральным Мінску пад брэндам Свярдлоўскай музкамедыі. За апошнія 50 гадоў нашы госці з Екацярынбурга трэці раз прыязджаюць да нас на гастролі ўсёй трупай. І, як заўсёды, падзея абстаўлена з вялікім размахам. Тут табе і кастынг кацянятаў на галоўную ролю для дзіцячага мюзікла “Котка”, і прэс-канферэнцыя з міні-канцэртам, і амаль забытыя ў Беларусі шэфскія канцэрты на прадпрыемствах, і рэзанансныя ў асяроддзі тэатралаў спектаклі, што прымушаюць задумацца над феноменам Свярдлоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі, які цягам 82 гадоў з’яўляецца канкурэнтам “мацёрых” тэатраў Масквы і Пецярбурга (дарэчы, свярдлоўцы ў 1986-м апярэдзілі Маскоўскую аперэту ў атрыманні звання “акадэмічны”). Ды і ў Расіі, сцвярджаюць у трупе, больш няма калектыву, які мае 17 прэмій “Залатая маска”.

/i/content/pi/cult/555/12124/13-1.jpgМюзіклы

Дзесяць пастановак прывезлі госці. Але Мінск “узрушылі” прынамсі дзве найадметныя і незабыўныя: “Кацярына Вялікая” і “Яма”. Пасля гэтага залпу астатнія восем пастановак публіка глядзела нібы па інэрцыі, “не прыходзячы ў свядомасць”. А калі без жартаў, дык пасля прагляду абодвух спектакляў (музыка да іх — Сяргея Дрэзніна, пастаноўка — Ніны Чусавай) і сапраўды пачынаеш разумець, што такое музычны тэатр XXI стагоддзя, якімі неабсяжнымі тэхналагічнымі магчымасцямі ён валодае і якое фантастычнае ўражанне здольны пакінуць. Менавіта маштабы абодвух мюзіклаў, іх неверагодныя касцюмы і дэкарацыі, у якіх літаральна “ўжыўлены” светлавыя і камп’ютарныя эфекты, іх сучасная музыка з дакладна пралічанай драматургічнай структурай, дзякуючы чаму менавіта яна, музыка, з’яўляецца галоўнай канструкцыйнай апорай, што трымае і рухае дзею, высакаякасны збалансаваны гук, і, нарэшце, выдатная ігра і спевы акцёраў, хора, які танчыць, і балета, які спявае. І разумееш, што ўлады Екацярынбурга не проста шануюць унікальны тэатр, але і ўтрымліваюць яго адпаведным чынам — не шкадуючы грошай і дагаджаючы кожнаму пажаданню. Балазе, эканоміка ўральскага рэгіёна тое дазваляе. Нават цяжка ўявіць сабе бюджэт “Кацярыны Вялікай”, які, напэўна, вымяраецца ў сотнях мільёнаў расійскіх рублёў! Але менавіта дзякуючы шчодраму фінансаванню і магчымыя праекты, якія потым шматразова сябе акупаюць і дазваляюць “закошваць” Свярдлоўскай музкамедыі “Залатыя маскі” і іншыя прэміі.

Вялікіх грошай каштавала і набыццё ліцэнзіі на пастаноўку сусветна вядомага мюзікла Джэры Бока “Скрыпач на даху”. І гэта зноў-такі дазваляе нашым гасцям з поўным правам заяўляць аб адзінай у Расіі ліцэнзійнай пастаноўцы вядомага твора. Для параўнання: у нашым Музычным тэатры аналагічны спектакль ідзе з музыкай Алега Хадоскі і з дазіраванымі ўкрапваннямі фрагментаў аўтарства Бока. Да ўсяго, пад іншай назвай (хаця, заўважу, пакідае беларуская версія не меншае ўражанне!). Праўда, я была непрыемна ўражана прыведзеным у рэкламным буклеце тэатра водгукам на спектакль “Скрыпач на даху” журналіста маскоўскай “Расійскай газеты”: “Брадвейскія мюзіклы прыжываюцца ў Расіі толькі ў адной, асобна ўзятай геаграфічнай кропцы — у Маскве, — заяўляе ён. — Упершыню за межамі МКАД за класіку жанра ўзяўся рэжысёр Кірыл Стрэжнеў. Ён паставіў спектакль-біяграфію, дзе за адным “малочным яўрэем з Анатэўкі” — увесь гнаны і абраны народ”. Пакінем на сумленні аўтара “малочнага яўрэя” разам з упэўненасцю ў тым, што жыццё ўвогуле і жыццё тэатральнае ў прыватнасці заканчваецца па-за межамі Масквы. Але калі нават сталічны “фардыбака” прызнае ўдалай спробу пастаноўкі брадвейскага мюзікла далёка не сталічным тэатрам — гэта вартая рэч! І хаця яго меркаванне не ёсць ісціна ў апошняй інстанцыі, яно дакладна “маніторыць” высокі рэйтынг тутэйшага “Скрыпача на даху”. Вось і беларускія гледачы сустрэлі грандыёзны спектакль з вялікай прыхільнасцю, ацаніўшы дакладнасць у перадачы вобразаў герояў Шалом-Алейхема і тонкі густ, які праяўляецца ў працы ўсіх, хто мае дачыненне да стварэння спектакля. Асобным радком — зноў-такі яго агучванне. Маю на ўвазе не столькі выніковую працу гукарэжысёра ў зале, а агульны падыход да гукавой палітры спектакля, які вызначаецца загадзя, паралельна з працай рэжысёра і дырыжора. Нездарма ў праграмках мюзіклаў, апроч кампазітара, лібрэтыста, рэжысёра, дырыжора, балетмайстра, хармайстра ды іншых пазначана незвычайнае творчае амплуа: “канцэпцыя гуку”.

Тэхнічны бок

Нават па фота са спектакляў-мюзіклаў Свярдлоўскай музкамедыі заўважна: кожны саліст спявае ў ледзь заўважны з глядзельнай залы гарнітурны мікрафон. Гэтая “штучка” неабходна спевакам зусім не таму, што яны маюць слабыя галасы, а паколькі мікрафон прыводзіць голас у адпаведнасць з гучаннем эстраднага інструментарыя. Карацей, неабходны атрыбут пры пастаноўцы мюзікла. Ударная устаноўка, бас- і сола-гітара, клавішныя сінтэзатары — усё тое, што аб’ядноўваецца паняццем “рытм-секцыя” — патрабуе абавязковага падгучвання, а значыць, і мікрафоннай падтрымкі вакалістаў. Вы ўяўляеце сабе эстрадных спевакоў без мікрафонаў? А ў тэатры ж спевакі не проста спяваюць, але і рухаюцца. Цікава, што ў свярдлоўцаў “гарнітурамі” забяспечаны не толькі выканаўцы галоўных роляў, але і кожны артыст хору! І гэта — яшчэ адна “разыначка” тэатра, якая сведчыць аб узроўні тэхнічнай забяспечанасці. Гледачы (у дадзеным выпадку — слухачы) чуюць кожнае вымаўленае слова і кожную праспяваную фразу, пры гэтым публіцы забяспечана збалансаванае гучанне аркестра і салістаў.

Пасля спектакля “Пунсовыя ветразі” з музыкай Максіма Дунаеўскага я падышла да гукарэжысерскага пульта, за якім сядзеў Сяргей Мешчаракоў — той самы, чыё прозвішча пазначана насупраць пазіцыі “канцэпцыя гуку”, — і спытала: “Колькі мікрафонаў адначасова задзейнічаны і “працуюць” у спектаклі?”. “Восемдзесят тры” — адказаў Сяргей.

Прыхільнікі ж класікі могуць спаць спакойна: класічныя аперэты ў Екацярынбургу ідуць у традыцыйным гукавым рэжыме без “гарнітур” і іншых “прыбамбасаў”. Прывезеныя ў Мінск творы Імрэ Кальмана “Герцагіня з Чыкага” (таксама ліцэнзійны спектакль, пастаўлены амерыканцам Майклам Унгерам) і “Графіня Марыца” (у рэжысуры венгра Міклаша Габара Керэні) цалкам задаволілі аматараў аперэтачнага жанру, але не сталі вялікім адкрыццём для тых, хто чакаў ад разрэкламаваных пастановак іскрамётнага бляску і яркіх рэжысёрскіх ды акцёрскіх знаходак.

Кадры

Не шукаю адказу на пытанне адносна сакрэта поспеху свярдлоўскага тэатра, бо ведаю яго. За 82 гады ў ім змянілася ўсяго тры (!!!) галоўныя рэжысёры — Георгій Кугушаў, Уладзімір Курачкін (яго памяці прысвечаны яшчэ адзін паказаны ў Мінску спектакль — “Парк савецкага перыяду”) і Кірыл Стрэжнеў — народны артыст Расіі, лаўрэат “Залатой маскі”, творчы лідар тэатра цягам без малога 30 гадоў. Дырэктар Свярдлоўскай музкамедыі Міхаіл Сафронаў на сваім баявым пасту вось ужо 16 апошніх гадоў, галоўны дырыжор тэатра — заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат прэміі “Залатая маска” Барыс Надэльман — больш як 30. А колькі галоўных рэжысёраў і дырэктараў змянілася ў беларускай Музкамедыі, якая ў студзені 2016-га адзначыць 45-годдзе?

І апошняе. На прэс-канферэнцыі задала Міхаілу Сафронаву пытанне адносна ветэранаў тэатра, выкліканае цікавасцю да лёсаў артыстаў, якіх бачыла на сцэне Свярдлоўскай аперэты ў сярэдзіне 1980-х, калі пэўны час жыла ў тым горадзе. Амаль усе яны цяпер, на жаль, пайшлі з жыцця. Але Міхаіл Сафронаў і Барыс Надэльман распавялі, што ў тэатры наладжаны цыкл мемарыяльных канцэртаў памяці легендарных акцёраў, што ў гадавіну іх смерці артысты на чале з дырэктарам выязджаюць на могілкі разам з моладдзю, ускладаюць кветкі да помнікаў, успамінаюць іх. У фае тэатра размешчаны іх жывапісныя партрэты, ім прысвечаны і адпаведны раздзел на тэатральным сайце. Менавіта ў такіх адносінах да памяці ветэранаў сцэны і праяўляецца высокая культура, якая таксама — адзін з істотных складнікаў поспеху. З горыччу згадваю зорак беларускай аперэтачнай сцэны, якія пакінулі яе — тых, хто пайшоў з жыцця, і тых, хто зараз жывы. Наколькі ў нашым тэатры цікавяцца лёсамі ветэранаў сцэны? Адкуль моладзі набірацца вопыту? З якіх крыніц?

Свердлаўчане пакінулі шлейф уражанняў ад сваіх спектакляў. Не сумняваюся, у трупы стае творчых і гаспадарчых праблем. Але публіцы яны не кідаюцца ў вочы. Ёсць высокі ўзровень выканальніцкай культуры, над якім, на жаль, многім тэатрам, у тым ліку і беларускім калегам, варта працаваць.

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца