Чабурашка з... Траецкага прадмесця

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Стары Мінск вачыма класіка савецкай анімацыі
У анімацыйных колах свету жыве легенда пра тое, што хлопчык з Краіны узыходзячага сонца Хаяа Міядзакі цвёрда вырашыў стаць мультыплікатарам менавіта пасля таго, як убачыў маляваных персанажаў Леаніда ШВАРЦМАНА са “Снежнай каралевы”. Другі вобраз, прыдуманы народным мастаком Расіі, стаў сапраўдным героем не толькі на прасторы колішняга СССР: Чабурашка Шварцмана у XXI стагоддзі вярнуўся на сусветныя кінаэкраны ў японскім мультсерыяле. Рэжысёр Маката Накамура трапятліва перанёс стылістыку класічнай ленты, узнавіў казачны горад, прыдуманы амаль сорак пяць гадоў таму. Толькі самыя дасведчаныя ведаюць мала кім заўважаны факт: сілуэты тых дамкоў нагадваюць... мінскае Траецкае прадмесце! Сакрэт просты: легендарны аніматар Леанід Шварцман нарадзіўся ў беларускай сталіцы. Карэспандэнт “К”, апынуўшыся ў Маскве, павіншавала Леаніда Аронавіча з 95-годдзем і папрасіла яго падзяліцца ўспамінамі пра Мінск 1920 — 1930-х.

/i/content/pi/cult/555/12121/15-1.jpgДвухпавярховы Мінск

— Напярэдадні юбілею прыехала група беларускага тэлебачання. Доўга распытвалі пра жыццёвыя этапы, зрабілі добрую перадачу вялікага хронаметражу, але ні разу ў эфіры не прамовілі, што я нарадзіўся ў Мінску... Крыўдна! Бо горад дзяцінства назаўжды застаўся для мяне самым цёплым і прыемным успамінам. Ён даў мне дарогу ў жыццё, дапамог вызначыцца з прафесіяй і натхніў на стварэнне ўтульных светаў анімацыйных карцін. У маім дзяцінстве Мінск быў яшчэ маленькім і пакуль правінцыйным гарадком. Мая памяць захавала невялічкія дамкі, збольшага драўляныя, хаця трапляліся і заможныя пабудовы, першыя паверхі якіх былі каменнымі. Мы любілі шпацыраваць у раён над Свіслаччу пад назвай Старажоўка. Там ужо трапляліся часам “гмахі” ў тры паверхі.

Наша сям’я жыла на Ракаўскай вуліцы, непадалёк ад праваслаўнай царквы (Свята-Петрапаўлаўскага сабору. — Н.П.). Побач Няміга, а за ёй — невялікі квартал, дзе было некалькі сінагог. Самая доўгая вуліца тады яшчэ не прэтэндавала на званне праспекта і насіла імя Савецкай. Яна заканчвалася акурат на месцы сённяшняга парка Чалюскінцаў. Па ёй каля 1930 года пусцілі першы трамвай (У кастрычніку 1929-га. — Н.П.). Да гэтага часу па тых жа рэйках хадзіла конка. Мы з сябрамі з захапленнем назіралі за парай коней, што цягнулі вялікі вагон. Люблю жартам паўтараць, маўляў, яшчэ крыху памятаю ХІХ стагоддзе.

Я любіў Гарадскі парк над Свіслаччу. Часта перабіраўся на іншы бераг і ішоў да маленькага стадыёна, дзе ў 1930-я існаваў велатрэк. Тады веласіпед успрымаўся так, як сёння аўтамабіль. Жалезны “конь” на двух колах з’яўляўся рэдкасцю, таму мець яго было гонарам. Тады па чарзе на адным веласіпедзе каталася, не раўнуючы, паўдвара.

Чыжык, лапта ды квач

— Тады дзеці вольны час бавілі ў дварах. У сучаснай Маскве бацькі сына ці дачку адных на вуліцу рэдка пускаюць. У нас жа ўсё жыццё праходзіла ў двары! Летам гулялі ў чыжыка, лапту, квача. Узімку абавязкова каталіся на санках, лыжах, каньках. Нашай дзятве асабліва пашчасціла: пасярод двара існаваў невялічкі ставок, які ў маразы добра прамярзаў. Уявіце раскошу: лічы, асабісты каток пад тваімі вокнамі! Таксама памятаю, як у 1930 годдзе нам правялі электрычнасць: гэта было сапраўднай падзеяй! З узростам “сусвет” пашыраў межы і ахопліваў цэлую вуліцу. “Сваёй” тэрыторыяй мы лічылі Ракаўскую і прылеглыя завулкі. Часам я удзельнічаў у супрацьстаяннях: як кажуць, двор на двор. Тыя бойкі былі напаўсур’ёзныя, аднак калі-нікалі даходзіла і да крыві з носу. Галоўным месцам збору мінскай дзятвы быў Школьны праспект — так называлі вуліцу Карла Маркса. Яна была вузенькая, брудная, але на ёй знаходзілася вельмі шмат школ. На адной лініі ўжываліся беларускія, рускія, яўрэйскія, польскія…

На вуліцах малюнкаў поўна

— Я навучаўся ў рускай школе № 5 на вуліцы Леніна. Невялікі каменны будынак, здаецца, таксама двухпавярховы, стаяў насупраць сучаснага Галоўпаштамта. У сем гадоў я паступіў у нулявы клас і займаўся там да восьмага. А на апошнія два гады вучобы перайшоў у 42-ю школу. Яна знаходзілася на плошчы Свабоды побач з касцёлам, месцілася ў былым доме губернатара. Маляваць я пачаў прыкладна ў гэты ж час. У 1935 годзе ў Мінску была адкрыта мастацкая студыя. Каб патрапіць у лік навучэнцаў, патрабавалася здаць іспыты. Нашым настаўнікам быў Валянцін Волкаў, які да рэвалюцыі скончыў Імператарскую акадэмію мастацтваў у Пецярбурзе. Ён заклаў асновы будучай прафесіі. І нават — я ў гэтым упэўнены — лёсу. Большасць вучняў марылі стаць мастакамі, паступіць у знакамітую ленінградскую ВНУ.

У 1930-я гады існавала цікавая гарадская традыцыя: на вялікія святы вітрыны галоўных крам на Савецкай, Ленінскай вуліцах, у прыватнасці — ГУМа, упрыгожвалі работамі нашых вучняў. Памятаю, як зрабіў серыю работ на лістах вялікага памеру па матывах кнігі Свіфта “Гулівер”. І іх выставілі на агляд у вітрыне. Які гэта быў гонар! Натхёныя Валянцінам Волкавым, мы з маім таварышам Львом Мільчыным паехалі ў 1938 годзе паступаць у Ленінград. Але наша падрыхтоўка аказалася недастатковай, творчыя іспыты пераадолець не здолелі. Нам прапанавалі паступіць ў падрыхтоўчую школу пры Акадэміі мастацтваў. Леў не пагадзіўся і з’ехаў у Маскву. (Дарэчы, гэта яшчэ адзін мінчанін, які потым адвучыўся ва ВГИКу і працаваў рэжысёрам і мастаком-пастаноўшчыкам на “Саюзмультфільме”.)

Я пераехаў у Ленінград, перавёз сюды маці і да 1941 года займаўся ў той школе. Канешне, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, кінуў установу і больш туды не вярнуўся... Блакада Ленінграда абярнулася для нашай сям’і вялікім горам: маці не перажыла тыя нечалавечыя выпрабаванні... Ну а пасля Перамогі я паступіў на мастацкі факультэт ВГИКа. Выпадкова патрапіў на “Саюзмультфільм” і застаўся там на ўсё жыццё.

Мінск далёкі і блізкі

— У Мінск пасля вайны я прыязджаў разы два-тры. Апошняя сустрэча з родным горадам адбылася ў 1985 годзе дзякуючы Усесаюзнаму кінафестывалю. Тады я пабываў у калег на кінастудыі “Беларусьфільм”. Добра знаёмы з беларускімі аніматарамі Ігарам Волчакам і Міхаілам Тумелем. Апошні, дарэчы, стаў мастаком-пастаноўшчыкам японскага праекта пра Чабурашку.

І ўсё ж сэрцам я заўсёды з Мінскам. Душэўныя хваляванні перараслі ў дзве серыі карцін “Стары Мінск: успаміны дзяцінства”. На кожнай з іх галоўны герой — маленькі хлопчык, той, якім я быў не адно дзесяцігоддзе таму. Мне хацелася затрымаць улюбёны вобраз майго горада. На палотнах з’явілася Ракаўская вуліца, родны двор, дом, дзе я сяджу на лесвіцы, што вядзе на другі паверх, і грэюся на сонейку. Я сабраў усе сінагогі, што існавалі тады, паказаў іх адначасова звонку і ўнутры, дзе маліўся разам з бацькам. Шмат размоў выклікала карціна “10 гадоў Кастрычніка”. На ёй 1927 год, мама трымае мяне за руку ля асветленай вітрыны, дзе побач з партрэтам Леніна яшчэ месціцца выява Троцкага. Між іншым, тыя работы пэўны час былі даступны шырокаму колу гледачоў: скажам, у 2000 годзе прайшла мая выстаўка ў маскоўскім Цэнтральным доме мастака. Таксама выйшаў мой альбом “Класік па імені Лёля ў краіне мультыплікацыі”. На яго старонках таксама знайшлося месца маім успамінам пра блізкі сэрцу горад.

Так, я часта ў сваіх стужках скарыстоўваў успаміны пра стары Мінск. Гэта не толькі “Чабурашка”, але і “Даверлівы дракон”, “Асцярожна, малпачкі!”, у нейкай ступені нават “Рукавічка”. Сучасныя гарады не падыходзяць для атмасферы дзяцінства (калі толькі па сцэнарыі не задумана супрацьпастаўленне бурлівага горада з сусветам малечы, як, напрыклад, у маім мультфільме “Я чакаю цябе, кіт!”). На маё разуменне, у стужках для новага пакалення усё павінна быць добрым, цёплым і ўтульным. А Мінск майго дзяцінства быў такім.

Мінск — Масква — Мінск

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"