Высокі бландзін з другой рок-хвалі

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Чаму надзейнаму барабаншчыку “надакучыла граць у непапулярных гуртах”?
У дзяцінстве я хацеў стаць і музыкантам ВІА. Прычым — барабаншчыкам. Не памятаю, чаму менавіта ім. З сябрам збіраліся ў мяне дома, і ён, які вучыўся ў музычнай школе, умела трынькаў па струнах, а я стукаў алоўкамі па вечку ад рондля і па таўшчэзным альбоме з маркамі… Прэамбула мая да таго, што новы цыкл публікацый “К” адкрывае інтэрв’ю акурат з барабаншчыкам Андрэем ФІЛАТАВЫМ. Ён належыць да другога пакалення айчынных рокераў і працягвае працаваць на гэтай дзялянцы. Называюць яго і рок-легендай.

/i/content/pi/cult/555/12120/14-1.jpg

Фота з архіва Андрэя Філатава і Аліны САЎЧАНКА.

У адну з сустрэч на пачатку “нулявых”, павітаўшыся, Філатаў з іроніяй прамовіў: “Кандовы рок...”. Справа ў тым, што незадоўга да гэтага ў сваім артыкуле я так ахарактарызаваў творчасць гурта “Крама”, дзе музыкант тады працаваў. Пра тое я і нагадаў артысту на пачатку гутаркі.

— Негатыўнага сэнсу я ў гэтыя словы не ўкладаў, а меў на ўвазе, што вы гралі спрадвечную для гэтага кірунку музыку...

— Ага, “даматканую” яшчэ скажы. Урэшце, сапраўды, тую, якая каранямі сыходзіла ў першапачатковы біт, у “The Beatles”, “The Rolling Stones”, “The Who” — вось хто настаўнікі, прынамсі, для мяне. Праз іх творы ў 1970 годзе пачынаў граць на барабанах, нідзе і ні ў каго не навучаючыся, на слых (музычнай адукацыі ў мяне няма, хоць у школе па спевах атрымліваў толькі “пяцёркі”, але не за вакальныя даныя, а за стараннае вывучэнне тэкстаў песень і нотнай граматы). Тая манера, трошкі архаічная, з часоў школьнага ансамбля “Сонечныя струны” засела глыбока. Са светлай зайздрасцю гляджу сёння на маладых музыкантаў, у якіх столькі музыкі: на фізічных носьбітах, у Інтэрнэце, у выглядзе вiдэашкол. Але, дарэчы, я спачатку “запаў” на “Іонiку” — невялікі клавішны інструмент (надта ж яго гукі зачароўвалі), затым — бас-гітара. Але паколькі ў “...Струн” басіст меўся, мне дасталіся барабаны. Да ансамбля ж таксама, як і ты, часам проста стукаў па ўсім, што трапляла пад руку...

— А па адукацыі ты...

— Фізік-ядзершчык. Скончыў БДУ (там таксама быў гурт — “Час”, куды ўваходзіў і вядомы сёння гітарыст Леанід Вярэніч). Адпрацаваў я два гады ў знакамітым інстытуце ў Соснах, а паралельна граў з Андрэем Казлоўскім і Валянцінам Пучынскiм у гурце “Сузор’е”, якi ўтварыўся ў 1977-м — якраз пад адкрыццё ў Мінску знакамітай аднайменнай кавярні. Налета мы ўпершыню паехалі на міжнародны фестываль (дарэчы, палітычнай песні) — у Рыгу. А ў снежні 1980-га “Сузор’е” прынялі на працу ў Белдзяржфілармонію. Тады ж з’явіліся клавішнік, салістка, потым групу балета да нас прымацавалі. За тры гады аб’ездзілі Беларусь і СССР — ад Мурманска да Сахаліна, а да 1983-га ў нас ужо была праграма з уласных песень, больш рокавых. І гэта быў пік папулярнасці “Сузор’я”, шчыльны гастрольны графік, аншлагавыя канцэрты, — часцяком па два на дзень...

— І ў тым жа годзе вас расфарміравалі. Чаму?

— Нам было забаронена выступаць пад сваёй назвай. Чаму? Па-першае, Міністэрствам культуры было вырашана скараціць некаторую колькасць калектываў пры філармоніі. Па-другое, у 1983-м у СССР стартавала кампанія, скіраваная супраць самадзейных і нават прафесійных ансамбляў. Карацей, нам выпаў гонар стаць “праблемнай” камандай. Папракалі нас у тым, што ў розныя інстанцыі прыходзілі лісты ад абураных грамадзян, якія сцвярджалі, нібы “Сузор’е” на канцэртах правакуе моладзь на ганебныя паводзіны, а частка тэкстаў Валянціна Пучынскага, маўляў, не адпавядае думкам савецкага чалавека. Прыбіла нас моцна, некаторыя сышлі. Карацей, апынуліся ў ролі ансамбля, што акампаніраваў Святлане Кульпе, Надзеі Мікуліч — з адпаведным рэпертуарам. Праўда, у другім аддзяленні канцэртаў мы часам выконвалі і нешта сваё, напрыклад, фрагменты будучай рок-оперы “Песня пра зубра” на вершы Міколы Гусоўскага (з салісткай Нэлі Дзянісавай). Але тая сітуацыя не перашкодзіла цішком запісаць у 1984 годзе альбом “Рок-тэрапія” з вакалам Сашы Брынцава. “Дазволілі” нас у 1986-м. І мы замітусіліся ў творчасці паміж хэві-металам і новай хваляй. Самабытнасць жа “кандовага” року, славянскай асновы, характэрная для песень Валянціна Пучынскага, страчваецца.

— Адчувалі ў тыя гады, што вы — гурт беларускi?

— Такое пачуццё прыйшло, напэўна, у годзе 1987-м. Калі мы гаворым пра кампазіцыі, што абапіраліся на дух беларускасці, то ў тэкстах і ў мелодыцы ў нас было не надта шмат нацыянальнага — акурат да канца 1980-х. Зразумела, акрамя фрагментаў з “Полацкага сшытка” і “Песні пра зубра”, твораў, з якімі нас пазнаёміў Адам Мальдзіс, цыклу песень Ігара Палiводы ў выкананні Надзеі Мікуліч. (Дарэчы, я не згодны з тымі, хто кажа, нібы беларуская культура, усё, што мае дачыненне да беларускага, у Саюзе неяк заціскалася. Наадварот — заахвочвалася!)

— У 1991-м “Сузор’е” спыніла існаванне, зрэдку адраджаючыся для разавых выступаў. Што тады здарылася?

— Паўплывала, перш за ўсё, эканамічная сітуацыя. Нас — штатную адзінку філармоніі — дзяржаўная апека і абавязкі напружвалі, але мы былі пазбаўлены ад самастойнага складання гастрольнага графіку, вырашэння адміністрацыйных пытанняў. А тут пачаўся гаспадарчы разлік. Спачатку пачуваліся поўнымі гаспадарамі над сабой. Але тут жа і з філармоній, і з дамоў культуры, і з рок-клубаў, і з якіхсьці падваротняў усяго Саюза паваліла армія музыкантаў: страшная канкурэнцыя з’явілася. Трэба было перабудоўвацца, уладкоўвацца ў новых умовах, а запатрабаванай стала любая творчасць: грай, што хочаш. Мы ўсё адразу і гралі. І такая эклектыка прывяла да ўнутранага “закісання”, прыйшоў дзень, калі агульных поглядаў не стала. Да таго ж, полiстылiстыка перастала задавальняць публіку. Плюс развал Саюза — з чэргамі, з адсутнасцю тавараў, з карткамі. А тут гурт, якi не корміць і не ведае нават, як далей жыць і выжываць менавіта гуртом.

— Ты застаўся ў “кавалку” гурта, які атрымаў назву “Zindan”...

— Бас-гітарыст “Сузор’я” Аляксей Казлоўскі вырашыў, што савецкая/постсавецкая блюз-рокавая каманда з англамоўным рэпертуарам можа быць перспектыўнай (і тут, і на Захадзе). І па 1994 год мы не знікалі з тэлеэкранаў, ні адзін буйны фестываль не абыходзіўся без нашага ўдзелу. Запісалі ў Мазыры альбом з англійскімі прадзюсарамі. Але... глабальнага развіцця такі рух не атрымаў: сарваўся выхад альбома за мяжой, на радзіме стаў убірацца ў сілу нацыянальны рок, да англамоўнай музыкі мясцовага паходжання цікавасць пачала спадаць. Аляксей спрабаваў перазагрузіцца з гуртом “Bros. In Blues”, з часам уліўся ў калектыў Ільі Шэўчыка “Mojo Blues” (у абодвух гуртах граў і я, тады ж стаў шчыльна занурвацца ў блюзавыя традыцыі). Аднак начынкай усіх гэтых саставаў быў той жа блюз-рок на англійскай мове. Так, меліся лакальныя поспехі за мяжой, але дома гурты заставаліся пераважна клубнымі. Значыць, гаворка не ішла нават аб развіцці, нягледзячы на выпушчаныя два альбомы “Mojo Blues”. А ў 1999-м Казлоўскі — асноўны аўтар і спявак — з’ехаў у ЗША. Вакалістам паспрабаваў стаць Ілья, а пасля таго, як мы пачалі шукаць выхады на Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Бахрэйн, каб граць там у клубах-рэстаранах каверы, лідар-вакалісткай узялі Юлію Петрушкевіч.

У гэты час мы грунтоўна праехаліся па польскіх клубах і блюзавых фестывалях, на адным з якіх заваявалі Гран-пры. І тут з прапановай аб кантракце ў Кітаі паўстаў айцец-заснавальнік “Сузор’я” Андрэй Казлоўскі, старэйшы брат Аляксея. У 2003 годзе мы туды і выправіліся на тры месяцы. Канкурэнцыя, дарэчы, там  таксама жудасная! На сцэне, забяспечанай нябачанай магутнасцю святла і супергукам, працуе гурт, дзе ў гітарыстаў па 4 зменныя гітары! І побач мы — амаль сiрацінкi. У пекінскім рэстаране месяц паабцерцiлiся, а потым знайшлі працу, блізкую да нашай стылістыцы ў Чанчуні. Тым часам у 2004-м на фестывалі ў Польшчы “Mojo Blues” запрашалі ўжо ў якасці зорак, а калі гурт зноў паехаў у Кітай, я адмовіўся. Як высветлілася, правільна зрабіў: не склалася там у іх, хаця паўгурта засталося ў Паднябеснай. А я з “Крамай” пачаў граць з 2000-га. Адносна свабодны канцэртны графік дазваляў мне сумяшчаць два гурты.

— Для мяне стаў шокам твой сыход з “Крамы” ў 2013 годзе, больш дакладна — каментарый лідара гурта Ігара Варашкевіча, калі ў інтэрв’ю ён сказаў, што яго не задавальняе твая манера...

— За гэтай фразай я ўбачыў крыўду, што, маўляў, Філатаў — трошкі здраднік. Шчыра кажучы, так і ёсць. Я люблю стабільнасць, і каб не знешнія прычыны, да гэтага часу граў бы... у “Сузор’і”. А ініцыятыва сыходу з “Крамы” належыла мне. З розных прычын выступаў гурт апошнія гадоў дзесяць мала. А жыць на нешта трэба. Таму ў 2011-м увайшоў у кавер-гурт “Хуткая дапамога”, якi працуе на клубы і рэстараны. І ў апошнія месяцы маёй працы ў “Краме”, калі ў яе з канцэртамі стала лепш, яны пачалі супадаць з амаль штодзённымі выступамі “...Дапамогі”. І перад адным з байк-фестываляў у мяне з Ігарам адбылася размова, калі я паставіў яго перад фактам: граць на ім не змагу, а “Краме” лепш знайсці новага ўдарніка.

Ці выказваліся прэтэнзіі да мяне як да ўдарніка? Бывала. Але гэта нармальная сітуацыя для любога калектыву. Ды і жыццяздольны гурт — заўсёды кампраміс. “Крама” ж — вялікі і важны этап у маім жыцці, цікавы і цяжкі, параўнальны па значнасці з працай у “Сузор’і”. Але, шчыра кажучы, упершыню я адчуў сябе фінансава свабодным менавіта ў “Хуткай дапамозе”. І, можа, страшную рэч скажу для многіх маіх калег-рокераў, як і для сябе, напэўна. Надакучыла граць у непапулярных калектывах. Хай кожны сам для сябе расшыфруе, што я маю на ўвазе. “Хуткая дапамога” — гурт папулярны. Так, у пэўных колах, пры сваім статусе, але той, граючы ў якiм, паўтаруся, не адчуваю сябе жабраком. Творча, дарэчы, таксама. “...Дапамога”, магчыма, — гэта тое месца на сцэне, якога я і варты насамрэч. Гастроляў і кантрактаў наеўся... А з “Крамай” з задавальненнем перыядычна выступаў бы, каб быў вольны і мяне паклікалі: як шоўмен-перкусіяніст кшталту Рэя Купера, напрыклад.

— Бадай, абавязковае пытанне: на якіх барабаншчыках ты выхоўваўся?

— Хто мае куміры? Ен Пэйс, Білі Кобэм, Сціў Гэд. І зараз працягваю вучыцца, адкрыўшы для сябе вiдэашколу Джорджа Майера.

— Адзначыш нашых?

— Аляксандр Старажук, Кірыл Шэвандо, ёсць і моладзь класная, на жаль, імёнаў не ведаю. Па гуртах цяжка адказаць... Я перыядычна бываў на фестывалі “Басовішча”, дык там уся моладзь гучала, як адзiн і той жа гурт, якi выконвае адну і тую ж песню. Калі ж вельмі трэба вылучыць, дык — “Дай дарогу!”.

— Шкадуеш, што ў цябе няма вучняў?

— Не ўмею вучыць. Мне прапаноўвалі заняцца чымсьці падобным, я паспрабаваў і зразумеў: не маё.

— Што самае важнае ў табе як ва ўдарніку?

— Надзейнасць. Сыграю ўсё, як трэба: для мяне важна, калі мне давяраюць. У камандзе, у адрозненні ад многіх, слухаю партнёраў у працэсе, узаемадзейнічаю з імі, падкрэсліваючы іх ігру.

— Ты прымірыўся са званнем “легенда беларускага року”, якое даўно “прысвоілі” аматары, журналісты?

— Прынамсі, тое лепш, чым “дыназаўр року” — нешта вымерлае. А калі сур’ёзна, легендай мяне можна назваць у местачковым сэнсе. Хто ведае за межамі Беларусі Філатава, Кандрусевіча, Канавалава, Спірыдовіча, Казлоўскага, Вольскага, Варашкевіча, якіх у нас клічуць легендамі? Легенда — гэта публічны чалавек, які заслужыў жыццём і дзейнасцю асаблівага стаўлення з боку значнай часткі грамадства.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"