Мае ўражанні — мастацкія і побытавыя — будуць дапаўняцца спасылкамі на размовы з жыхарамі Грузіі: родзічамі, знаёмымі і выпадковымі суразмоўцамі. І бадай ніводнага маналога тутэйшага жыхара не было без узгадвання нядаўняй сустрэчы Прэзідэнтаў: беларускага — Аляксандра Лукашэнкі — і новага кіраўніка Грузіі — Георгія Маргвелашвілі. Да сувязі з Беларуссю адносяцца не тое, што станоўча, а з надзеяй на ўсебаковае супрацоўніцтва: перш за ўсё, эканамічнае і, канешне ж, культурнае. Відавочны пачатак ужо ёсць: акрамя рэгулярных авіярэйсаў з Мінска ў Тбілісі, зачасцілі палёты “Белавія” ў Батумі, Кутаісі.
Па тэлебачанні сярод кантэнту безупынна дэманструюцца турэцка-індыйскія серыялы з іх наігранна-наіўнымі жарсцямі. І раптам — неспадзяванка: у Грузіі запусцілі канал “Беларусь 24”! Уключылі якраз у час рэпартажу з фестывалю “Магніфікат”: інтэрв’ю ўдзельнікаў, яго дырэктара Юрыя Гарулёва. Затым заспявалі народныя песні нашы бессмяротныя бабкі з нейкага РДК, пайшлі навіны. Словам, сувязь з радзімай была непарыўнай!
Але пачну з побытавых замалёвак.
Смакі
У аэрапорце Тбілісі на пашпартным кантролі гасцям краіны 29 жніўня прэзентуюць па бутэлечцы густа-чырвонага “сапераві”: з нагоды дня Успення Багародзіцы — вялікага свята ў Грузіі. Шмат прыдарожнага гандлю: мёд, арэхі, садавіна-гародніна, вырабы з гліны — ад кубачкаў да 200-літровых квевры — вострадонных сасудаў для захоўвання віна ў зямлі. І, канешне ж, “харчэўні”, “хінкальні”, “шашлычныя”, “тракціры”, вінныя сутарэнні-“паграбкі”.
Пасёлак Урэкі, рэстаран “Стары дом”. Замовілі ежу: канешне ж, усё грузінскае, і, як тут водзіцца, гляк хатняга віна.
Дзяўчо-афіцыянтка:
— У нас толькі піва.
— Дык збегай дамоў, прынясі адтуль.
Збегала, дакладвае:
— Ёсць белае, чырвонае і чорнае. Якое вам? Колькі?
Гэта быў адзіны за два тыдні выпадак, калі хатняга не падалі адразу. А так: заўсёды і паўсюль — разліўное, адно смачнейшае за другое. Вольна, ды з канкурэнцыяй, віно прадаюць уласнікі.
Замовіўшы ежу, трэба пачакаць, бо тут не будуць хутка разаграваць табе паўфабрыкаты ў печцы СВЧ, а згатуюць на агні ў гліняных “кецы” ўсё свежае, з пылу-жару — такое смакоцце!
Натуральна, пытанне пра кошт харчавання? “Дом хінкалі” з кандыцыянерам і мяккімі крэсламі ў самым цэнтры Тбілісі. І вось расклад. Абед на чацвярых: 15 сакавітых хінкалі (вялікія пельмені), вялікае блюда з хачапуры, усім па карытцу з верхам мясных супчыкаў — харчо, чыхыртма ці “татар’яхла”, — мчады (кукурузныя піражкі), літровы гляк “сапераві” — хатняга, канешне ж, — і за ўсё 53 лары, прыкладна 22 долары Не падкажаце, дзе ў Мінску можна наесціся — з віном! — на чацвярых за такія грошы?
Песні
І пры абедзе — песні! Шматгалосныя, меладычныя, напеўныя! Уражанне, што ў рэстаранах, кампаніях, выпадковых зборышчах недзе бліжэй да поўначы спяваюць некалькі вакальных гуртоў кшталту “Арэра”. А гэта ж людзі, якія сышліся выпадкова. Прычым, ніхто не гарлае, імкнучыся перакрычаць адзін аднаго, як гэта, на жаль, водзіцца ў нашых застоллях нападпітку. Галоўнае ў грузінскім вакале не самавыяўленне, а сама песня, яе меладычнасць, душэўнасць, сэнс.
Колькі апрацовак і выканаўцаў неўміручай “Тбілісо” Рэваза Лагідзэ, песні, напісанай 55 гадоў таму! Па “бессмяротнасці”, напеўнасці і папулярнасці роўная ёй тут, мо толькі “Нью-Ёрк, Нью-Ёрк”. І пашанцавала ж гэтым гарадам!
Амаль нідзе ў машынах не чуваць англійскіх “саўндтрэкаў” — толькі сваё. Праўда, вельмі якаснае. Зайздросна.
Тут з сумам згадаю крыкі пад аглушальную “фанеру” вядомага нашага спевака ў рэстаране пад Мінскам: ні слова не разабраць, а гарлапаніў, нібы патрабуюць таго, як ад аркестра артысты цырка: “Хутчэй і грамчэй!” Дык ёсць жа дыскі “Грузінская поп-музыка”, “Грузінскія галасы”, “Лепшыя грузінскія песні”. Поп-музыка, так. Але якая! Паслухалі б нашы “зоркі”, павучыліся. Пад такія напевы пішу і гэтыя радкі…
Пірасманішвілі
І першае сярод шэрагу мастацкіх ўражанняў, дзеля якіх я, па сутнасці, штогод вандрую па Еўропе: музейчык Ніко Пірасманішвілі, прыгожыя каляровыя білеты, гід Лалі (па-руску “рубін”). Адзін невялікі пакой з копіямі яго работ: вядомыя “куцяжы”, газелі, алені, кінто, тракцірныя шыльды на чорным цыраце, нешматлікія фота мастака. Побач з вядомай карцінай “Актрыса Маргарыта” — сімпатыя мастака — фота старой жанчыны: некалі ў 1940-я гады на выстаўцы прац Ніко ў Парыжы з’явілася асоба, назваўшыся той самай Маргарытай. Падабенства відавочнае.
Ацаніўшы наш інтарэс і тое, што прыбылі здалёк, Лалі запрашае нас паглядзець “зачынены аб’ект”: дзверы ў дзверы — нізкі маленечкі чуланчык пад сходамі, дзе няшчасны Ніко сканаў. Жабрацкае абсталяванне: тапчан з рыззём, лямпа з надбітым шклом, скрутак цырату, вядро з-пад фарбаў… Бачылі гэта ў біяграфічным кінафільме пра мастака.
Трагедыю перадае і копія карціны Ладо Гудзіяшвілі “Смерць Ніко”.
А па выхадзе адкрылася сенсацыя.
Краязнаўца Ася з Кукіі (раён Тбілісі):
— Корпаемся мы, грузіны, у радаводах… Ані слова ў даследаваннях няма пра ягоных продкаў. Чаму? А вось: “Пір” — гэта наступны сан пасля шэйха. “Асман” — папросту імя: Пір Асман. Так зваўся ягоны продак. Літару “і” грузіны дадаюць: Батум-і, Сухум-і, Тбіліс-і…
Сапраўды, узгадваю, як запісвалі тут у гатэлі маё прозвішча: “Орлов-і”.
— Стаў ён “Пірасман-і”. Але здалося таго мала, дык дадалі яшчэ і “швілі” — зусім “абгрузінілі” мастака. А праўда такая: ён па паходжанні — курд, Пірасман. Ды і знешне — мы ж тут разбіраемся ў тварах — курд! Таму і жыў у гаротнасці, таму ніякага ягонага былога не згадваецца.
Нам жа ўсё адно: курд ён ці грузін. Але ўзнікалі пытанні і больш складаныя.