У рэшце "арТРЭШтак"

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Мастацкі рэсайклінг для публічнай прасторы
Праект “арТРЭШткі” ўяўляе з сябе выстаўку мастацкіх інсталяцый ХІ Нацыянальнага фестывалю архітэктуры “Мінск-2015”, якую і да гэтага часу можна пабачыць наўпрост на вуліцы Герцэна, што ў гістарычным цэнтры Мінска. Афіцыйныя “гаспадары” гэтай часткі гарадской прасторы папрасілі пакінуць творы яшчэ на пэўны час пасля заканчэння фестывалю — і, зразумела, мастакі не змаглі адмовіць.

/i/content/pi/cult/554/12106/8-3.jpgДый навошта, калі глядачоў у турыстычным сэрцы сталіцы заўсёды шмат, а водгукі глядацкія — станоўчыя. Дарэчы, на вялікіх этыкетках, прымацаваных да кожнай з інсталяцый, пакінуты каардынаты аўтараў — і кожны ахвотны можа, напрыклад, патэлефанаваць стваральніку твора, які спадабаўся, пагутарыць аб ім, ці замовіць падобны — чаму ж не?

Ідэя праекта “арТРЭШткі”, які я з вялікім задавальненнем курыраваў для Беларускага саюза дызайнераў, — даць іншае, мастацкае, жыццё прамысловаму смеццю. Разам з калегамі-архітэктарамі мы звярнуліся да некаторых беларускіх прадпрыемстваў па матэрыялы, пайшлі туды на экскурсіі, каб зразумець, што ёсць у наяўнасці, а потым згенеравалі свае ўласныя творчыя прапановы. Такім чынам, метал, пластык і дрэва апынуліся ў распараджэнні нашай творчай каманды, што стварыла чатырнаццаць арт-інсталяцый. Не ва ўсіх прадпрыемствах, на якія мы разлічвалі, аказаліся прыдатныя для мастацтва рэшткі і лішкі, як і не паўсюль нас сустракалі з энтузіязмам… І мы выказваем шчырую падзяку тым, хто сапраўды адгукнуўся, за неабыякавасць, падтрымку і, уласна, матэрыялы, прадастаўленыя для нашай творчасці.

Я хацеў бы назваць усіх удзельнікаў праекта, якія згадзіліся на маю авантурную прапанову і на чыстым энтузіязме давялі справу да, як падаецца, паспяховага фіналу. Гэта: Іван Арцімовіч, Алена Атрашкевіч-Златкавіч, Францішка Брыгадзіна, Таццяна Гомза, Дзмітрый Казлоў, Лідзія Леснякова, Валерый Малахаў, Аляксандр Міхалевіч, Канстанцін Мужаў, Аляксандр Сакалоў, Віктар Старухін, Дзмітрый Сурскі, Васіль Цімашоў, Паліна Пірагова, Алесь Фалей, Аляксандр Юшкевіч. Калектыў склаўся выдатны, дзякуй вам, сябры, за самаадданую працу — вынік яе відвочны і пераканаўчы.

Мы ўсе свядома тварылі для загадзя абраных “месцаў” у гарадскім асяроддзі — разам з архітэктарамі неаднаразова хадзілі па Старым горадзе, вызначалі, дзе нам паставіць свае аб’екты: раіліся, дыскутавалі. Не ўсё атрымалася ўсталяваць там, дзе было запланавана — вялікі фестываль, часткай якога мы былі, унёс свае карэктывы. Тым не менш, у выніку нашы працы не проста “механічна” змешчаны ў публічную прастору, як гэта, на жаль, звычайна бывае з гарадской скульптурай, але ў гэтую прастору арганічна інтэграваныя як пэўныя вулічныя акцэнты. Рэчы атрымаліся дастаткова вялікіх памераў каб прыцягнуць увагу мінчан. Можна сказаць, што ў экспазіцыйнай прасторы ўтварылася гармонія праз кантраст: старажытная архітэктура і сучаснае мастацтва. Пры гэтым кавалак гістарычнага Мінску, які страціў многія жывыя дэталі (побытавыя нюансы кшталту натуральнай фактуры муроў, шыльдаў рамеснікаў ды крам і гэтак далей), набыў новую напоўненасць.

Што асабліва важна, дык гэта інтэрактыўнасць праекта. Бо публічная прастора — найперш прастора сацыяльная. У нас няма ні подыумаў, ні агароджаў — аб’екты падзяляюць вуліцу з людзьмі і разлічаныя на камунікацыю з імі. У адны нашы працы можна ўвайсці (“Сток” Францішкі Брыгадзінай, “Адлюстраванне” Лідзіі Лесніковай і Аляксандра Юшкевіча), на іншыя можна залезці (“Насарог” Валерыя Малахава і Дзмітрыя Казлова). Радасна бачыць, што нашы інсталяцыі акумулююць сацыяльную актыўнасць. Так, у адзін з вечароў фестывалю сярод скульптураў быў зладжаны ды-джэй-сэт і мая “Беларуская касмічная станцыя” нібыта адправілася ў космас у атачэнні танцуючых і мігценні пражэктараў пад касмічна-дыскатэчныя гукі — гэта было сапраўды крута!

Да станоўчых якасцей праекта варта аднесці ягоную экалагічнасць, сучаснае перафарматаванне і рэвіталізацыю гістарычнай прасторы, адыход ад афіцыйнай ідэалагічнай скульптурнай рэпрэзентацыі на карысць індывідуальных мэсіджаў. Праект ужо прыцягнуў увагу замежных экспертаў — і зараз мы маем прапановы заладзіць “арТРЭШткі” па-за межамі Беларусі. Напэўна, мы пагодзімся.

Павел ВАЙНІЦКІ, куратар праекта “арТРЭШткі”