“Усё лёсы “Анімаёўкі”

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Паміж блакбастарам і мультфільмам: якім будзе развіццё магілёўскага фестывалю?
Сёлета Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” адзначыў свае паўналецце. Яскравыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, Дзень беларускай анімацыі, моцныя конкурсы — асноўны і фільмаў, створаных дзецьмі, прадстаўнічае журы, геаграфія сяброў якога сёлета дасягнула ЗША, — сваё васямнаццацігоддзе магілёўскі форум сустрэў “пры поўным парадзе”. Тым не менш, фестывалю і брэнду Магілёва самы час заяўляць пра сябе і выбудоўваць новыя планы ды стратэгіі развіцця. Як робіцца адзіны на Беларусі форум анімацыі? Якія ён мае перавагі, а ў чым адчуваюцца недахопы? Ці дарос ён да патрэбы ва ўласнай дырэкцыі? Пад час “Анімаёўкі-2015” арганізатары і ўдзельнікі фестывалю падзяліліся з аглядальнікам “К”сваімі меркаваннямі наконт патэнцыялу традыцыйнай імпрэзы (а яшчэ — адносна патэнцыялу беларускай анімацыі).

/i/content/pi/cult/554/12102/7-1.jpg“Ёсць сумневы”

Валерый МАЛАШКА, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, член арганізацыйнага камітэта фестывалю:

— “Анімаёўка” ў Магілёве — адно са знакавых культурных мерапрыемстваў рэгіёна. І сваё стаўленне да яго вобласць даводзіць стала, прымаючы ўдзел у фінансаванні форума. На шчасце, у фестывалю ёсць і такі энтузіяст як Ірына Белякова. Яна рупіцца пра яго і трымае высокую планку правядзення. Калі за падзеяй стаіць апантаны кіраўнік, чалавек на сваім месцы — гэта адразу бачна.

Ці магчыма, каб “Анімаёўка” выйшла на самаакупнасць? Гэта складанае пытанне. Бо падобныя мэты адразу адаб’юцца на кошце білетаў на сеансы. Але анімацыя — не такі кінапрадукт, на які магчыма падымаць кошты, на маю думку. У гэтым кантэксце праблематычным падаецца і стварэнне дырэкцыі фестывалю. Па-першае, зараз ідзе аптымізацыя культурных устаноў на Магілёўшчыне: іх колькасць скарачаецца. Па-другое, калі ўсё ж засноўваць дырэкцыю, дык як яе правільна аформіць юрыдычна? Па-трэцяе, нават калі вырашацца першыя два пытанні, якім стане прыбытак? Бо патрабаванні да “Анімаёўкі” ў плане акупнасці адразу ўзрастуць. Ці будзе здольны фестываль іх выканаць?

Дапусцім, магчымая такая форма як агульная дырэкцыя фестываляў Магілёўшчыны. Падобнае ўтварэнне я сабе неяк уяўляю, але зноў-такі мы вяртаемся да эканамічнага пытання: ці мэтазгодна гэта? Ці атрымаюць фестывалі ў фармаце падобнага фінансавання выгоды па ўсіх кірунках?

Вы кажаце пра спонсарскую дапамогу. Так, першыя парасткі сацыяльнай адказнасці беларускага бізнесу з’явіліся. Але, будзем шчырымі, не ўсё так проста. На маю думку, сацыяльны бізнес у нас толькі ў нованароджаным стане. Ён яшчэ не саспеў як клас. Я сумняваюся, што ён гатовы ўкладаць у фестываль анімацыі. Бо якія тут выгоды? “Анімаёўка”, у першую чаргу, — культурны праект, які разлічаны на асаблівую аўдыторыю — дзіцячую, сямейную. Ці цікавая яна спонсару, які павінен атрымаць ад свайго ўдзелу пэўныя выгоды? Ёсць сумневы. Таму я і стаўлюся да стварэння дырэкцыі “Анімаёўкі” са скепсісам.

Магчыма, калі ўбачым у партнёрах “Анімаёўкі” буйныя прадпрыемствы, ды тую ж вядомую сетку рэстаранаў хуткага харчавання, — пагодзімся на фундацыю дырэкцыі. Пакуль жа асноўныя ўкладанні ў фестываль — з дзяржаўнага бюджэту.

“Змены неабходныя”

Ірына БЕЛЯКОВА, дырэктар магілёўскага “Кінавідэапракату” і фестывалю “Анімаёўка”:

— Сёлета ў “Анімаёўцы” ўзялі ўдзел 225 стужак з 43 краін. Гэта лічба толькі пацвярджае, што фестываль з кожным годам набірае моцы, пашыраючы сваю геаграфію. Ганаруся і тым, што ў складзе нашага журы, — заўжды эксперты міжнароднага класа. Сёлета ў ім працавалі такія выбітныя адмыслоўцы, як заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, мастак, аніматар, выкладчык ВГИКа Леанід Носыраў, заснавальнік і ганаровы прэзідэнт АСІФА Індыя з ЗША Вільям Дэніс, кіраўнік студыі “SE-MA-FOR”, дырэктар Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “SE-MA-FOR” з Польшчы Збігнеў Жмудскі, гісторык анімацыі, сябра Рады дырэктароў і сябра праўлення Міжнароднай асацыяцыі АСІФА з Каралеўства Бельгія Нэнсі Дэні-Фэлпс… Штогод імкнёмся наведваць фестывалі ў Балгарыі, Расіі, знаёміцца з адмыслоўцамі, адметнымі асобамі ў свеце анімацыйнага кіно, фестывальнага бізнесу — толькі такім чынам можна пашыраць уласныя гарызонты.

Пра конкурс фільмаў, створаных дзецьмі. У ім сёлета спаборнічала 51 карціна з 6 краін, і гэта колькасць — таксама паказчык дакладна абранага кірунку фестывалю, улічваючы тое, што такое спаборніцтва пад назвай “Я не чараўнік, я толькі вучуся…” існуе толькі з 2011-га. Праз два гады мы заснавалі ў Магілёве Студыю анімацыйнай творчасці “Аловак” — і вось сёння ў конкурс падобнага да нашага анімацыйнага фестывалю ў Грузіі ўвашла стужка выхаванкі згаданай студыі. Для нас гэта ацэнка вельмі важная: не толькі мы выбіраем лепшых, але і нас таксама выбіраюць.

Усё разам, мяркую, названае відавочна паказвае рост фестывалю, але пытанне аб стварэнні яго дырэкцыі, якое становіцца набалелым, па-ранейшаму застаецца толькі надзеяй, не падмацаванай канкрэтыкай.

Форум па-ранейшаму ладзіцца высілкамі супрацоўнікаў абласнога “Кінавідэапракату” (удзельнічаем мы і фінансава — сёлета ад нашага прадпрыемства на фестываль пайшло 100 мільёнаў рублёў — гэта прыблізна 25% яго бюджэту), але з кожным годам наяўнага кадравага, часовага патэнцыялу ўсё больш не стае. Разам з тым, ці магчыма, каб “Анімаёўка” стала акупнай? Калі будзе дырэкцыя, вядома, можна рухацца ў гэтым кірунку. Я назіраю за тым, як наведвае глядач розныя мерапрыемствы форуму — і, на маю думку, у праграмным начынні няма творчых абмежаванняў, можна прыдумляць і ўдасканальвацца. Лічу, што адзін з асноўных прагалаў фестывалю — недахоп рэкламы. А калі злучыць першае і другое — цікавую праграму плюс буйную рэкламную кампанію, якая пачнецца не за месяц, а, прыкладам, за паўгода, — адпаведна, узрасце і аддача. Але на адпаведныя схемы, іх распрацоўкі, неабходны час: будзе іншая праца па падрыхтоўцы — атрымаем іншы вынік.

Можна больш узаемадзейнічаць і са спонсарамі. Самая вялікая спонсарская дапамога была ў нас на леташняй “Анімаёўцы” — прадпрыемства “Праметэй” з Горак выдаткавала нам 20 мільёнаў рублёў. Сёлета падобнай прамой фінансавай падтрымкі не ўдалося займець, але нашы партнёры — а іх каля дваццаці — рабілі ўнёсак іншымі рэсурсамі. Гэта — інфармацыйная падтрымка, транспартная, арганізацыя таго ж харчавання для журы, але і гэты ўклад у справу — вельмі важны. Мы ганарымся кантактамі. Вялікі дзякуй партнёрам за іх працу, бо нават маленькая дапамога каштуе многага.

Такім чынам, згаданую лінію працы са спонсарамі можна ўдасканальваць. Зноў вяртаемся да дырэкцыі фестывалю і працы з рэкламай. Калі пра “Анімаёўку” пачаць казаць цягам года, яе прывабнасць для бізнесу адразу ўзрасце. Бо для спонсараў заўжды істотны розгалас. Не выключаю магчымасці стварэння адмысловага часопіса, каб развіваць такі кірунак. Як бачыце, з’яўленне новага — даўно наспела, бо само жыццё ўносіць карэктывы ў бягучыя справы.

Не магу тут да слова не згадаць новую намінацыю “Лепшы дэбют” на нашым фестывалі, якая была заснавана сёлета. Выспела патрэба ў ёй з таго, што на фестываль усё больш дасылаюць свае работы студэнты, моладзь, а ацэньваць іх працы ўпоравень з фільмамі сталых майстроў неяк некарэктна. І мы ўлічылі гэты момант. Падобным чынам патрабуюць вырашэння і іншыя пытанні.

Ці мае патэнцыял збіраць гледача і акумуляваць вакол сябе капітал беларуская анімацыя? Сёлета, дарэчы, мы вырашылі зрабіць акцэнт менавіта на ёй — і правялі Дзень беларускай анімацыі не толькі ў розных кінатэатрах уласна Магілёва, але і раённых цэнтраў. І тыя паказы разам з сустрэчамі з нашымі аніматарамі засведчылі, што глядач на падобны фармат рэагуе добра. Але я не спяшалася б даваць станоўчы адказ. Бо ў падобных мерапрыемствах ёсць “рамка” фестывалю: звычайныя паказы падобнай цікаўнасці не выклікаюць. Да слова, мы прапаноўваем нашым гледачам і дыскі з беларускімі стужкамі — адмыслова замаўляем іх на “Беларусьфільме”. Носьбіты купляюць, але ж не так добра, як хацелася б. І ведаеце чаму? Таму што сёння змянілася культура спажывання кіно. Вось на што сёння ідзе сучасны глядач? Што яму цікава? Адказ на паверхні — блакбастары, відовішчнае кіно. Усё астатняе ён можна знайсці ў Інтэрнэце ды прагледзець дома на канапе. Але і тут узнікаюць пытанні: а ці бачыць наш глядач беларускую анімацыю ў Сеціве? Па тэлебачанні? Альбо ці ёсць у нас гучнае поўнаметражнае анімацыйнае кіно, здольнае прывесці публіку ў кінатэатры? (“Несцерка”, пры тым, што вельмі люблю гэты фільм, зроблены, адзначым, у серыяльны фармаце.) Адказ: пакуль няма. Рэдка мы бачым айчынныя анімацыйныя фільмы і на нашых тэлеканалах. Адпаведна, і цікавасць да нашай анімацыі з боку гледача невялікая.

Як можна выправіць сітуацыю? Тут мы зноў вяртаемся да фестывалю і праславутай дырэкцыі. Калі будзе весціся сістэматычная праца ў згаданым кірунку — ажно да стварэння адмысловага дзіцячага кінатэатру, дзе можна было б паглядзець беларускія, ды не толькі, анімацыйныя стужкі цягам года, можа, штосьці і зменіцца. Я нават ведаю і прыдатны кінатэатр у Магілёве, які мог бы стаць падобным цэнтрам дзіцячай анімацыі і штабам для дырэкцыі. Змены неабходныя, гэта факт. Бо інакш у інфармацыйнай плыні камерцыйнага кіно мы відавочна патонем.

“Для такога фестывалю патрэбны сайт”

Збігнеў ЖМУДСКІ, кіраўнік студыі “SE-MA-FOR”, дырэктар Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “SE-MA-FOR” у Лодзі, лідар рабочай групы камітэта польскай акадэміі “Турфільм”(Польшча):

— “Анімаёўка” — галоўны фестываль анімацыі на Беларусі, і я магу толькі пазайздросціць таму, што ён ладзіцца штогадова, і вось ужо 18 гадоў. Выдатна, што ў яго ёсць апекуны і падтрымка. Нашаму форуму лялечнай анімацыі пакуль толькі пяць, і, на жаль, з-за праблем з фінансаваннем яго правядзенне апошнім разам сарвалося, таму я шчыра захапляюся “Анімаёўкай” як моцным і адметным праектам. Чаго не стае форуму? Для мяне гэта відавочна: асобнай інтэрнэт-старонкі. На сайце Магілёўскага “Кінавідэапраката” можна знайсці пра яго інфармацыю, але для фестывалю такога ўзроўню — гэтага недастаткова. І яшчэ наконт намінацыі “Майстру”. Я не вельмі дасведчаны ў, напрыклад, рускай анімацыі, украінскай. Таму не адмовіўся б ад рэкамендацый з боку дырэкцыі фестывалю: хто варты гэтай пачэснай адзнакі — на выбар. Вось такое пажаданне ад сябра журы.

Дзеці як саўдзельнікі

Нэнсі ДЭНІ-ФЭЛПС, гісторык, музычны прадзюсар у галіне анімацыі, сябра Рады дырэктароў і сябра праўлення Міжнароднай асацыяцыі АСІФА (Каралеўства Бельгія):

— Селекцыйная камісія зрабіла вялікую працу, каб мы паглядзелі такія цудоўныя фільмы асноўнай праграмы — гэта першая перавага “Анімаёўкі”. Другая — тое, што горад актыўна ўдзельнічае ў правядзенні форуму: фестываль прыжыўся тут, і Магілёў, бачу, цэніць форум ды шчыра яго падтрымлівае. Па-трэцяе, асабліва хачу адзначыць удзел дзяцей у “Анімаёўцы”. Яны не столькі і не толькі глядзяць стужкі, але выступаюць на цырымоніях адкрыцця і закрыцця, што вельмі міла, удзельнічаюць у фэсце як аніматары, ствараючы свае фільмы і прэзентуючы іх. Усё гэта значыць, што дзеці адчуваюць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі фестывалю. Гэта — проста выдатна!

Магу адзначыць і ўзровень беларускіх фільмаў на “Анімаёўцы”: вы павінны ганарыцца, да прыкладу, стужкай “Лыжка для салдата” Ірыны Тарасавай. Бачыла я і карціны Міхаіла Тумелі, якія зроблены ў тэхніцы выцінанкі: гэта вельмі прыгожа. Лічу, што ваша анімацыя можа быць папулярнай ва ўсім свеце, толькі трэба больш распавядаць пра яе. У вашай краіны ёсць свае гісторыя — і, адпаведна, свая анімацыя.

“Бачу вялікую працу”

Вільям ДЭНІС, заснавальнік і ганаровы прэзідэнт АСІФА Індыя (ЗША):

— Я вельмі ўражаны маштабнай цырымоніяй адкрыцця фестывалю. Аркестр, выступленне дзіцячых калектываў, навучэнцы ваеннага вучылішча, што выносілі сцягі краін-удзельніц форуму… Усё гэта было яскрава і ўрачыста. Калі я бачу вялікую працу, то заўжды адзначаю яе. Малайцы!

Не выклікала ў мяне нараканняў і праграма асноўнага конкурсу: фільмы, прадстаўлены ў ёй, — на высокім узроўні. Я не сумняваюся ў будучыні “Анімаёўкі”: мяркую, што калі фестываль працягне развівацца далей, то ў бліжэйшыя гады ён стане гучным форумам.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"