Стыль або майстэрства?

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Iгар БАЙЦОЎ, архiтэктар
Напрыканцы свайго артыкула “Што вiдаць за завядзёнкай?”, прысвечанага сёлетняму Нацыянальнаму фестывалю архiтэктуры (“К” № 38 за 2015 год), Пётра Васiлеўскi цiкавiцца меркаваннямi чытачоў па пытаннi: у якiм стылi трэба будаваць у Беларусi? Лiчу, што гэтым пытаннем аўтар мiмаволi адцягвае ўвагу грамадства ад галоўнага — пытання майстэрства.

/i/content/pi/cult/554/12097/5-5.jpgГэтае паняцце ўключае стварэнне бездакорных па кампазiцыi, прапорцыях, колеравых спалучэннях i дэталiроўцы арыгiнальных твораў, валоданне вытанчаным мастацкiм густам i горадабудаўнiчым тактам. Калi ў забудове будзе дамiнаваць менавiта архiтэктурна-мастацкае майстэрства, знойдзецца месца творам рознай стылёвай скiраванасцi. Мiж тым, так склалася, што аблiччы сучаснай забудовы дыктуюць цяперашнiя будаўнiчыя тэхналогii i матэрыялы, а не эстэтычныя i стылёвыя прыхiльнасцi грамадства, абгрунтаваныя нацыянальнымi i рэгiянальнымi традыцыямi.

Новыя тэхналогii пашырылi магчымасцi ствараць будынкi розных геаметрычных форм i iх спалучэнняў, але вымусiлi архiтэктараў апераваць спрошчанымi вобразамi, вельмi абмежавалi выкарыстанне дэкору i магчымасць рэалiзацыi ды развiцця аўтарскага майстэрства. Тое, што мы бачым на фестывалях, — гэта, па сутнасцi, схематычныя выявы пабудоў у невялiкiм маштабе, прыхарошаныя камп’ютарнымi эфектамi. Зацвярджаюць i будуюць гэтыя схемы — збудаваннi, практычна пазбаўленыя дэталяў. Часцей за ўсё зблiзку там няма чым захапiцца — бязлiкiя так званыя ўваходныя групы, стандартныя ашкленнi i экраны лоджый, а вось разнастайнасць форм дэталiроўкi i выразныя фактуры фасадных паверхняў адсутнiчаюць. Мае месца дэфiцыт гарманiчных i iндывiдуальных падрабязнасцей. Па агульным выглядзе сучасных будынкаў нялёгка здагадацца аб iх прызначэннi i аб iх унутранай структуры.

Эстэтычную абмежаванасць i празмерную спрошчанасць цяперашняй забудовы цяжка не заўважыць. Таму надзею на эстэтызацыю рукачыннага асяроддзя пачалi ўскладаць на “арт-аб’екты i дызайн" таго самага асяроддзя. Нават стрыт-арт перасунуўся з замшэлых развалюх на дагледжаныя будынкi, iгнаруючы iх архiтэктуру. У архiтэктурнай жа тэорыi савецкiх часоў iснавала паняцце “сiнтэз архiтэктуры i мастацтва”, што азначала арганiчнае спалучэнне архiтэктуры з манументальным i дэкаратыўным мастацтвам у будынках i ансамблях забудовы. Такi падыход прыносiў поспех. А на цяперашнiх будынках мастацкiх элементаў як неад’емнай часткi фасадаў практычна не знойдзеш, што збядняе iх выгляд. Мастацтва пусцiлася ў “вольнае плаванне” па гарадской прасторы. Паважаны спадар Васiлеўскi лiчыць, што “ў Верхнiм горадзе ўжо назiраецца перабор скульптурнай пластыкi”. Такое ўражанне ўзнiкае не ад занадта вялiкай яе колькасцi, а ад таго, што там з’явiлiся арт-аб’екты, створаныя для нейкай абстрактнай прасторы, а не для канкрэтнага месца ў непаўторным гарадскiм асяроддзi. Яны выпадковыя па велiчынi i па месцах знаходжання ды канфлiктуюць з архiтэктурным фонам. Неабходна больш актыўна стымуляваць шчыльнае супрацоўнiцтва дызайнераў i мастакоў з архiтэктарамi i iмкнуцца, наколькi гэта магчыма, ацэньваць узровень майстэрства iх па так званым гамбургскім рахунку, а не па адпаведнасцi модным трэндам.

Што датычыць iдэi “раўнамернага распаўсюджання” арт-аб’ектаў па ўсёй гарадской тэрыторыi, то яны пры сваiх памерах i колькасцi будуць “кропелькамi ў моры” на фоне масы высокiх будынкаў i нават могуць падкрэслiць эстэтычныя недарэчнасцi забудовы, а не кампенсаваць iх. Да таго ж, яны непазбежна будуць выкарыстоўвацца як прылады для лазання, а гэта выглядае вельмi неэстэтычна. Логiка падказвае, што гарадскую прастору трэба насычаць менавiта разнастайнымi дэкаратыўнымi прыладамi, спецыяльна прызначанымi для лазання, у дызайнерскiм антывандальным выкананнi.