Докшыччына, Бешанковіччына, Ляхавіччына, Гродзеншчына

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г


Докшыцы / На змярканні

Даведацца, як выглядае бібліятэка, калі сонца набліжаецца да небасхілу, прапанавалі сваім чытачам дзіцячая і цэнтральная бібліятэкі. Акцыя адбылася ў Дзень бібліятэк.

Пра яе загадзя паведаміла мясцовая газета. Аб’явы ў Сеціве, гарадскіх школах і распаўсюджаныя флаеры таксама выканалі сваю інфармацыйную функцыю.Таму чытачы пачалі збірацца задоўга да пачатку мерапрыемства. Пачалі мы з флэшмоба “ Мы за чытанне”.

Працягам павінна была стаць бібліявечарына, але… Джэк Верабей разам са сваёй камандай выкралі куфар, без якога не магло быць і размовы пра працяг. У пошуках выкрадзенага ўсе ўдзельнікі былі вымушаны пераўтварыцца ў… піратаў. Прыгоды пачаліся. Для таго, каб адшукаць куфар са скарбам, неабходна было спусціцца з ліхтарыкам у “Трум патанулага карабля”, праплыць па “Блакітнай лагуне”, адпачыць на “Прычале пірацкіх казак”, зазірнуць на “Бязлюдны востраў”. У выніку куфар са скарбам быў знойдзены ў “Бухце сямейнага чытання”. Увогуле квэст-гульні ў бібліятэцы — гэта заўжды цікава, інавацыйна.

Алена ГУДЗЬ, загадчыца Докшыцкай дзіцячай бібліятэкі

 

Бешанковічы / Хто ў дублёры?

Перад днём самакіравання ў нашай установе правялі анкетаванне сярод дзяцей. Прааналізавалі іх адказы. Аказалася, што веды аб прафесіі бібліятэкара абмяжоўваюцца ўменнем выдаваць кнігі. І толькі. Таму ў нас з’явілася ідэя паказаць юным чытачам бібліятэку знутры, здзівіць іх, выклікаць жывыя эмоцыі і цікаўнасць.

Вось так і ўзнік дзень самакіравання. Бібліятэчны актыў — нашы лепшыя чытачы — з энтузіязмам падтрымалі пачынанне і адразу прыступілі да справы.

Менавіта бібліятэкары-стажоры і прыадкрылі заслону бібліятэчнага жыцця для сябе і для астатніх чытачоў. У дзень самакіравання дублёрам было дазволена рабіць усё, за што адказвае бібліятэкар.

І сярод першарадных клопатаў аказаліся: праца на абанеменце; пошук літаратуры па запатрабаванні; расстаноўка кніг і часопісаў па паліцах; запаўненне чытацкіх фармуляраў; абслугоўванне чытачоў і разуменне, ці задаволены яны; "выхаванне" завінавачаных у несвоечасовым вяртанні кніг; капіраванне неабходных чытачам матэрыялаў; рамонт выданняў; арганізацыя і правядзенне громкага чытання з каментарыямі для малодшых школьнікаў.

Дублёры не падвялі, арганізавалі свой рабочы дзень у поўнай адпаведнасці з бібліятэчнай этыкай. Так што дзень самакіравання атрымаўся. У гэтым пераканаліся не толькі наведвальнікі, але і самі арганізатары.

Ніна ГАЛАВЕШКА, загадчык цэнтральнай раённай дзіцячай бібліятэкі Бешанковіцкай ЦБС

 

Ляхавічы / Скульптуры для казкі

З 7 па 14 верасня 2015 года ў Жыткавіцкім раёне на базе Ляхавіцкага клуба народных традыцый прайшоў IV абласны пленэр па драўлянай скульптуры “Ажыла даўніна”.

Арганізавалі і правялі мерапрыемства Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама. Мэта пленэра: захаванне, развіццё і папулярызацыя традыцый разьбы па дрэве, а таксама — падтрымка рамеснай дзейнасці.

У Ляхавічы прыехалі 8 разьбяроў з Добрушскага, Петрыкаўскага, Жлобінскага раёнаў Гомельскай вобласці і горада Гомеля. Майстры выканалі работы з дуба, якія ўпрыгожаць казачную паляну на тэрыторыі Ляхавіцкага клуба народных традыцый, дзе размесціцца рэзідэнцыя Дзеда Мароза.

Ірына ГЛУШЭЦ, загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага АЦНТ

 

Гродзеншчына / Пагавары, кніжка!

На Дзень бібліятэк кніжнікі Гродзенскага раёна запрасілі ўсіх на “Літаратурны кірмаш”. Гэта комплекс невялікіх, але разнапланавых мерапрыемстваў, якія прайшлі адначасова.

Свіслацкая і Скідзельская бібліятэкі прапанавалі выстаўку-інсталяцыю “Лікі вайны”, прысвечаную 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Абухаўская бібліятэка запрасіла аматараў здаровага ладу жыцця на карысныя сокі, травяную гарбату, правяла з прысутнымі фізхвілінку.

Скідзельская бібліятэка сямейнага чытання парадавала выстаўкай “Кніга і лялька”, Луцкаўлянская — акцыяй “Чытаючая стужка”, Адэльская — фотатэатрам “Усміхніся! Ты ў бібліятэцы”.

Сапоцкінская і Падлабенская бібліятэкі пазнаёмілі ўдзельнікаў “Літаратурнага кірмашу” з мастацкімі вырабамі сваіх чытачоў. Вельмі ўразіла выстаўка “Гаваркія кнігі для дзяцей”. Усім хацелася ўзяць кніжкі ў рукі, панаціскаць на кнопкі, каб кніжка пагаварыла з чытачамі.

Святлана РОБАК, начальнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра