"Пан жаніцца хочыць"

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Мы — супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна — рыхтуем гульню “Яшчур”, адноўленую ў Гуцкім сацыяльна-культурным цэнтры нашага раёна, для набыцця ёю статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/553/12083/13-2.jpgГэтым летам ЦКіНТ Пастаўскага раёна арганізаваў правядзенне ў школьных і дзіцячых аздараўленчых лагерах “Гадзіны народных гульняў”, каб дзеці перанялі традыцыйныя забавы беларусаў. Такія гульні развіваюць фізічныя якасці дзяцей, вучаць кемлівасці, хуткасці рэакцыі, уменню ўзаемадзейнічаць у групе… На жаль, школьнікі мала ведаюць рухавых (“шыбкіх”) народных гульняў, таму прыйшлося з імі развучваць гарэлкі (па-мясцоваму “Кісель гарыць — каго лавіць”), гульні “Хустачку”, “Рэдзьку”, “Вароны і вераб’і”, “У цара” і іншыя. Некаторыя пастаўскія школьнікі чулі ад старэйшых пра гульні “У Трыфана”, “У бабу”, “У пікара”, “Яшчур”, “А мы проса сеялі”, шырока распаўсюджаныя некалі ў нашай мясцовасці. А вось з традыцыйнымі хлапечымі забавамі з палкамі (“Пыж”, “Бамбіткі”, “Авечкі”) зусім не сустракаліся.

Відавочна, што разам з эканамічна-сацыяльнымі зменамі, разбурэннем традыцыйнага ўкладу жыцця і светапогляду, пашырэннем інфармацыйнай прасторы згубілі сваё значэнне старажытныя абрадавыя дзеянні, паступова перайшлі ў разрад дзіцячых гульняў, а потым і зусім сталі забывацца. Жаданне больш хуткай змены ўражанняў і станоўчых эмоцый у сучаснікаў не садзейнічае захаванню шматлікіх паўтораў і манатоннасці ў гульнях, таму гісторыя пакідае нам функцыянальна значныя народныя гульнёвыя забавы. Сярод іх шмат менавіта творчых. Прыпынімся на гісторыі адной з такіх старадаўніх гульняў, што добра памятаюць знаўцы фальклору.

Назва “Яшчур”, ці па-мясцоваму “Яшчар”, нагадвае міфічную істоту, якой, магчыма, сімвалічна прыносілі ў ахвяру дзяўчат, што адлюстравана і ў іншых жанрах фальклору. Гэта старажытная летняя абрадавая дзея ўсходніх славян можа мець дачыненне да жаночых ініцыяцый — рытуальнага шлюбу з татэмнай істотай. Цэнтральную ролю тут выконваў вянок, які пазней стаў замяняцца на іншыя жаночыя прыналежнасці — хустку, пярсцёнак, грабеньчык і іншыя. Іх патрабавалася выкупіць у хлопца-Яшчура па папярэдняй дамоўленасці розным шляхам: не засмяяцца, калі Яшчур смяшыць, ці пацалаваць яго, ці выканаць якое іншае заданне.

У вёсцы Мажэйкі, недалёка ад Паставаў, ходзячы карагодам вакол Яшчура, дзяўчаты спявалі: “Сядзіць, сядзіць Яшчур, ой, на моры, на залатым крэсле, на шчаслівым месцы. Пан калёсы точыць — ён жаніцца хочыць. Бяры сабе панну, каторую хочаш”. У іншым варыянце ўжываліся словы “Яшчур зямлю точыць, жаніціся хочыць” (вёска Мацуры — усходняя частка Пастаўшчыны) — старадаўняе ўсведамленне еднасці плоднасці зямлі і жанчыны. Яшчур выбіраў дзяўчыну па сваім жаданні, альбо яе для іспыту прапаноўвалі самі ўдзельніцы: “Бяры сабе Аню. І гэдак далей, пакуль не пералічаць усіх” — расказалі нам у в. Чашуны, якая знаходзіцца на поўначы Пастаўшчыны. Больш позняга паходжання, відавочна, прапанова Яшчуру “бяры сабе панну, ці што ў чаравічках, ці што невялічка, ці што ў атласе, у сінім паясе” (в. Мацуры).

На Варапаеўшчыне — усходзе нашага раёна так забаўлялася моладзь на летнім свяце Купалле — успамінала цудоўная народная спявачка К.І. Касарэўская з вёскі Галбея.

А знаўца фальклору В.В. Скабейка, якая нарадзілася ў вёсцы Вайшкуны (захад Пастаўшчыны), паведаміла, што ў Яшчура там гулялі на калядных вечарынах (абрад трансфармаваўся ў забаву моладзі). Н.А. Сабалеўская з вёскі Волахі, а таксама В.Б. Мацур з вёскі Грэйцева (на ўсход ад Паставаў), расказалі нам і такі ход гульні: хлопец-вядучы, які сядзіць на зэдліку, выбраўшы дзяўчыну, становіцца з ёй побач. А надалей прызначаюць другога Яшчура, які таксама падбірае сабе пару, каб пагуляць на вечарынах разам. Так у сціплай форме выказвалася сімпатыя маладых людзей.

Асаблівую цікавасць уяўляе выпрабаванне дзяўчыны “не засмяяцца, калі Яшчур смешыць”. Спакушэнне смехам разглядаецца этнографамі як іспыт падчас абрадаў ініцыяцыі, якія звязаны з актам пераходу ў іншае сацыяльна-ўзроставае становішча, калі разам з іншым патрэбна і ўменне добра валодаць сваімі эмоцыямі. Гульня “Яшчур” рэканструявана ў фальклорным гуртку моладзі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра і выкарыстоўваецца ў мерапрыемствах паводле народнага свята Купалле.

Людміла ЧАТОВІЧ, супрацоўнік ЦКіНТ Пастаўскага раёна