Дыскатэка з эфектам

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Замест пенна-лазернага шоу — этнаскладнік
Завітаць на дыскатэку ў вёску Руткевічы, а заадно лепш пазнаёміцца з сельскай культурай Шчучынскага раёна прымусіла некалькі фактараў: рэкамендацыя намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандра Амшэя, даўняе жаданне пабываць на сельскай дыскатэцы і… дошка гонару ў будынку Шчучынскага райвыканкама. А больш дакладна — размешчаны на ёй партрэт аднаго з лепшых работнікаў раёна — дырэктара Руткевіцкага СДК Наталлі СОБАЛЬ. Абмінуць увагай такога кіраўніка было немагчыма.

/i/content/pi/cult/553/12080/12-2.jpg

Ужо на месцы выявіліся дадатковыя цікавыя факты. Як аказалася, Наталля Уладзіміраўна працягвае сямейныя традыцыі: яе маці доўгі час узначальвала гэтую ж установу. Да таго ж, у Руткевічах амаль адзіная дыскатэка ў раёне, поруч з клубнай установай у Мураванцы, куды моладзь рэгулярна і з задавальненнем прыходзіць бавіць вольны час.

— Наколькі магу ўяўляць па публікацыях у СМІ, у тым ліку ў “Культуры”, сёння працягваецца сумная тэндэнцыя: дыскатэкі як адна з паслуг сельскіх устаноў культуры аджывае свой век. А таму мы прывабліваем моладзь, як можам. Скажам, “белая вечарына” прадугледжвае бонусы тым, хто прыйшоў у белым адзенні. Папулярнасцю карыстаюцца і відэа-вечарыны, калі на вялікім праектары дэманструюцца новыя кліпы. Маем досвед правядзення пенна-лазернага шоу. Праўда, не зусім удалы — ад пены пачаў псавацца паркет.

— Абмежаванне на ўдзел у дыскатэках падлеткаў таксама з’яўляецца для вас галаўным болем?

— І яшчэ якім! Ужо неаднаразова даводзілася выплочваць штрафы. Праўда, на летні перыяд мелася дамоўленасць з мясцовымі ўладамі — Ражанкаўскім сельскім саветам — дапускаць да ўдзелу ў начных дыскатэках моладзь з 16, а не з 18 гадоў. Бо атрымліваецца дзіўная сітуацыя: чалавек ужо паступіў у ВНУ, а прыйсці ў свой Дом культуры на дыскатэку не мае магчымасці.

— Ці не было думкі ў такіх умовах адмовіцца ад правядзення дыскатэк?

— А навошта адмаўляцца, калі гэта паслуга ў нас запатрабавана, маюцца выдатныя ды-джэі, новая апаратура, сродкі на якую выдаткаваў райвыканкам? Дыскатэкі для нас яшчэ і вялікі ўнёсак у план пазабюджэтных паслуг. Лічыце самі: улетку квіток на дыскатэку каштуе 20 тысяч. За адзін вечар атрымліваецца зарабіць да 2,5 мільёна. А ўсяго сёлета перад намі пастаўлена задача зарабіць 110 мільёнаў. І гэта пры 65 мільёнах у мінулым годзе...

— Аднымі дыскатэкамі тут не абыдзешся.

— Таму мы распрацавалі і актыўна прапаноўваем рознажанравыя шоу-праграмы ў санаторыях, аграсядзібах. Але гэта не толькі канцэрты, а і светлавое шоу, інтэрактыўныя конкурсы. Ажыццявіць гэта толькі сіламі работнікаў СДК немагчыма, а таму запрашаем у дапамогу ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. У нашага Дома культуры выпрацаваны добрыя стасункі з культарганізатарамі тых жа санаторыяў, якія цяпер нас самі і запрашаюць. Калі ж казаць пра канкурэнцыю, то ў недалёкіх Васілішках дзейнічае даволі заможная аграгаспадарка, якая можа дазволіць для сваіх работнікаў выклікаць “зорак” з Мінска. Гэта ў сваю чаргу падштурхоўвае нас таксама трымаць планку.

— Атрымліваецца, што ўдзельнікі клубных фарміраванняў таксама спрыяюць выкананню плана па платных паслугах?

— Вядома, яны дапамагаюць. Але гэта, на маю думку, не галоўнае. Возьмем наш танцавальны калектыў “Асарці”. Адна справа навучыць, іншая — даць магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. Таму запрашаем дзяцей на выступленні ў Шчучын, каб нашы юныя таленты адчулі сябе запатрабаванымі. Усяго ў нас дзейнічае 9 гурткоў, з якіх пяць — дзіцячыя. Пры гэтым усе заняткі ў нас цалкам бясплатныя. Ганаруся, што маем магчымасць праводзіць для мясцовых жыхароў бясплатныя канцэрты, у тым ліку на адкрытым паветры. Дзякуючы такому падыходу ці не на кожным канцэрце ў нас збіраецца поўная зала.

— Часам сустракаецца, што СДК забываюць на аддаленыя вёскі, дзе ўстаноў культуры даўно няма…

— Наш Дом культуры практыкуе канцэртныя туры па аддаленых вёсках, што знаходзяцца ў зоне абслугоўвання. З транспартам дапамагае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аплата паліва ідзе са спецрахунку. Галоўная асаблівасць нашых масавых мерапрыемстваў у тым, што мясцовыя жыхары з’яўляюцца не толькі гледачамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі. Вядома, стараемся папулярызаваць абрады і песні, запісаныя ў свой час у нашай мясцовасці.

— Калі закранулі мясцовы матэрыял, не магу не спытаць адносна запатрабаванасці творчасці сучасных эстрадных беларускіх выканаўцаў.

— На жаль, на маю думку, сучасны рэпертуар на беларускай мове больш прысвечаны патрыятычнай тэматыцы. Маецца праблема і іншага плану: доступ да гэтых твораў. Мала хто з выканаўцаў размяшчае свае тэксты і “мінусоўкі” ў адкрытым доступе. Выключэнне — Ірына Дарафеева, якая зацікаўлена ў пашырэнні беларускай музыкі. А з апошняга — у рэпертуары нашых самадзеных спевакоў з’явілася песня “Васільковае неба” Алены Ланской. У бліжэйшы час будзем набываць камп’ютар. Адпаведна, з’явіцца Інтэрнэт і ў СДК. Будзем больш актыўна шукаць песні беларускіх аўтараў, што знаходзяцца ў адкрытым доступе.

— А мо варта паспрабаваць правесці і этнадыскатэку?

— Добрая ідэя! Чаму б і не? Праўда, спачатку трэба будзе паспрабаваць зрабіць этнадыскатэку як эпізод танцавальнай вечарынкі. Тым больш, у нас ёсць выдатны матэрыял для яе. Маю на ўвазе “Дэмбраўскую кадрылю” — адзін з нематэрыяльных брэндаў раёна. Паспрабуем яе часцей выкарыстоўваць пад час правядзення дыскатэк, гэтаксама як музыку “Старога Ольсы”, “Палаца” — у тым ліку дынамічныя рэміксы на іх кампазіцыі.

Мінск — Шчучынскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"