Дакрануцца алоўкам да прасторы...

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

“Сутнасць мастацтва ён растлумачыў за адну гадзіну”
Мастак Алег Луцэвіч пражыў больш за 90 год, нарадзіўся ў 1924-м, пайшоў з жыцця сёлета. Ён валодаў асаблівым талентам — вучыць іншых, перадаваць творчы досвед моладзі. Педагогіка была ягоным пакліканнем. Многім вядомым сёння творцам ён дапамог знайсці ўласны шлях у мастацтве. Сярод вучняў Алега Вікенцевіча і жывапісец Ігар Бархаткоў. Сваімі ўспамінамі пра настаўніка ён дзеліцца з чытачамі “К”.

/i/content/pi/cult/553/12078/15-1.jpgЗнаёмства

— Я з сям’і мастака. Мой бацька мастак, але ён не быў выкладчыкам. Сваімі паводзінамі, ладам жыцця, усім сваім вобразам ён мне паказваў, як трэба працаваць; даводзіў, што карціна — гэта не для продажу, што творчасць ёсць стан душы, нейкі духоўны подзвіг. Я глядзеў на бацьку і бачыў, якім мусіць быць мастак. Але чымсьці рэальна дапамагчы мне ў карціне ці ў кампазіцыі, малюнку тата мой ніколі не мог. Ад яго я чуў толькі агульныя парады…

Луцэвіча я добра ведаў і як чалавека, і як мастака. Пазнаёміліся мы так… Я наведваў студыю Васіля Сумарава. Ён, дарэчы, як педагог вельмі добра працаваў з дзецьмі. І недзе праз паўгады навучання ў Сумарава ў мяне пачало нешта атрымлівацца. Заходзіць аднойчы ў майстэрню Сумараў з нейкім старым. Паглядзелі на нашы работы нічога не сказалі і выйшлі з пакоя. У той жа вечар бацьку майму дадому пазваніў Алег Вікенцьевіч Луцэвіч і гаворыць: “Слухай, Антонавіч, Каткоў (гэта ён прыходзіў у майстэрню) кажа, што твой сын вельмі таленавіты хлопец, ці не хочаш ты яго паслаць павучыцца да мяне?”.

Карацей, потым Луцэвіч прыйшоў у бацькаву майстэрню, паглядзеў мае работы, хваліў іх, але напрыканцы сказаў: “Ты не разумеешь, што такое малюнак: прыходзь да мяне на заняткі”. І я наведаўся ў Мінскае мастацкае вучылішча, дзе ён выкладаў. Згадаю, што перад тым, да каго б я ні звяртаўся наконт малюнка, мне казалі: трэба будаваць, лінію цэнтральную праводзіць… Я не разумеў, чаго ад мяне хочуць. А вось Луцэвіч за першую ж гадзіну растлумачыў мне ўсю сутнасць мастацтва. За першую ж! І самае галоўнае, калі я пабачыў, як у яго іншыя вучні малююць, проста быў у шоку. Бо так маглі маляваць у ленінградскай Акадэміі мастацтваў, а гэта ўсяго вучылішча.

Дык вось, сутнасць малявання…

— Стаяла натура, і ён мне сказаў: “Малюй!” Я пачаў звыкла адмяраць прапорцыі, а ён кажа: “Ты гэтага не бачыш — малюй тое, што бачыш”. І адышоў, а я пачаў контур нейкі. А ён зноў кажа: “Ты яго не бачыш. Давай падумаем, што ты бачыш, калі глядзіш на натуру, што ўвогуле адбываецца перад тваімі вачамі?” Я кажу: “Ну вось, натуршчык…” А ён: “А ты бачыш сцяну перад сабою? А ззаду — яшчэ адна, далёкая, сцяна…”.

І раптам я зразумеў, што мне трэба: ты алоўкам дакранаешся да сцяны, і твая задача, каб гэтая сцяна пачала сыходзіць у глыбіню. А натура, яна павінна быць аб’ёмнай, цяжкою. І што рэальна бліжэй да цябе, тое павінна і на малюнку аказацца бліжэйшым. Прастора… І гэта стала так цікава, што гэтым я займаюся да сённяшняга дня. Потым усё было больш складана, але асноўнае, сутнасць малявання, ён мне растлумачыў за першы ўрок.

Мог зрабіць мастака

— Да Луцэвіча траплялі простыя хлопчыкі з глыбінкі, і праз год некаторыя з іх малявалі настолькі па-майстэрску, што іх работы можна было параўноўваць з графікай масцітых творцаў.

Быў у яго вучань Коля Мажараў. Майстэрства, якога ён дасягнуў з дапамогай Алега Вікенцьевіча, лічыцца вяршыняй педагогікі Луцэвіча. Просты хлопчык аднекуль з Палесся. Прыехаў сюды без капейкі грошай. У яго ніколі не было сродкаў ні на аловак, ні на сцірку, ні на аркуш паперы… Але ён на другім курсе вучылішча маляваў так, як у Беларусі не маляваў ніхто. У тым ліку і нашы тагачасныя мэтры, да якіх я стаўлюся з вялікай павагай. Потым той хлопец памёр праз свае шкодныя звычкі. Але гэта легенда была: ягоныя малюнкі — на вагу золата. Шкада, што яны недзе згубіліся ў інтэрнаце. Але штосьці засталося. Некалькі малюнкаў у Луцэвіча захавалася, некалькі ў мяне. Мы на выстаўкі хадзілі студэнцкія спецыяльна паглядзець Мажарава. Ён двума-трыма ўдарамі ствараў гэтую прастору, калі, напрыклад, маляваў алею.

Дык вось Луцэвіч быў такім настаўнікам, які мог з якога заўгодна чалавека зрабіць майстра. Былі такія, што супраціўляліся ягоным настаўніцкім высілкам, як тая ж Зоя Літвінава, што часта з ім спрачалася. Але ён умеў растлумачыць, пераканаць, падаць свае думкі ў дасціпнай, зразумелай форме. І, галоўнае, ён не распыляўся на дробязі і гаварыў пра сутнаснае.

Ашбэ ці Холашы?

— Пасля навучання ў Луцэвіча я паступіў у інстытут, і мне было даволі цяжка прызвычаіцца да таго, як там выкладаўся малюнак. Мне гэта падавалася гульнёй у манеру. У гэтай сувязі нагадаю, што напачатку мінулага стагоддзя сцвердзіліся, набылі шырокі розгалас дзве сістэмы малявання — Антона Ашбэ і Шымана Холашы. Першая — нібыта вылучае прадмет з асяроддзя. Паводле другой сістэмы — прадмет гэта частка прасторы. Таму і маляваць яго трэба з улікам перспектывы. Гэта, калі не паглыбляцца, а зводзіць гэтыя даволі складаныя і ў чымсьці супярэчлівыя канцэпцыі да простых схем. Дык вось і сёння ў навучальным працэсе дамінуе канцэпцыя Ашбэ. А педагагічная практыка Луцэвіча была бліжэй да Холашы.

Ужо дыпламаваным мастаком я трапіў на акадэмічную дачу, дзе звыкла маляваў ў стылі Луцэвіча. А там, гляджу, нават такія мастакі як добра вядомы ў 1950-х — 1980-х гадах жывапісец, народны мастак СССР Вячаслаў Загонэк, малююць натуру, як у іх акадэміях і інстытутах вучылі — праводзяць “цэнтральную лінію”, шчыруюць над фрагментамі, а цэльнасці не атрымліваецца. Вось я і кажу Загонэку: “Вы кепска малюеце”. А ён, вельмі інтэлігентны чалавек, без уселякай крыўды зацікаўлена пытаецца: “Ігар, а як трэба? Раскажыце”. Я і расказаў тое, чаму ў Луцэвіча навучыўся. А Загонэк мне і кажа: “Вы шчаслівы чалавек, што ў вас такі настаўнік. У вас самы лепшы педагог, якіх ведаю. Тое, што вы кажаце, нам ніхто не гаварыў. Гэта вельмі цікава”.

Масква: 1945 — 1947

— Луцэвіч быў не проста мне настаўнікам, але і сябрам нашай сям’і: мой бацька з ім вучыўся.Тата працаваў мастаком у Музеі Вялікай Айчыннай вайны і браў замовы на партрэты, на мастацкае афармленне. І вось прыйшоў у музей малады Луцэвіч, пазнаёміліся. Ён быў вельмі натхнёны, таму што два курсы Віцебскага тэхнікума скончыў, з братамі Ткачовымі там вучыўся, яны яго лічылі самым таленавітым.

А калі бацька паехаў паступаць у Сурыкаўскі, дык і Луцэвіч на год пазней за ім выправіўся. І яны сябравалі пэўны час там. Бацька (а ён, просты вясковы чалавек, ніколі нічога не сачыняў) гаварыў, маўляў, калі рысаваў Луцэвіч, збіраўся ці не ўвесь інстытут. Праўда, па ягоных словах, калі Луцэвіч жывапіс пісаў, дык такога не было. А вось калі ён рысаваў, дык збіраліся ўсе. А там былі не проста хлопчыкі нейкія , а будучая эліта савецкага мастацтва. І аўтарытэт Алега Вікенцевіча ў гэтым асяроддзі быў вельмі высокім… А не скончыў Луцэвіч інстытут з-за свайго характара. Гэта асобная тэма, тут я не буду яе развіваць. Адно скажу, што адлічылі яго не за прафнепрыдатнасць, бо прафесіянал ён быў выдатны.

Луцэвіча з інстытута выгналі, і паехаў ён на радзіму. У яго тут сям’я, маці ягоная. У Маскве ж яму не было чаго рабіць, бо там не было ні кватэры, ні працы. Есці не было чаго. Усе гісторыі майго таты з Луцэвічам тае пары пра тое, як яны бегалі па ўсёй Маскве, шукалі, дзе хоць якую шыльду зрабіць. А самыя лепшыя ўражанні — гэта як яны ўладкаваліся на колькі дзён падхалтурыць на мясакамбінаце імя Мікаяна, і як яны там елі каўбасы. І так хацелася хлеба з’есці… Луцэвіч, дарэчы, летась мне распавядаў: “Калі я галадаў, мяне ратавала тое, што я пачынаў думаць пра свае кампазіцыі. Ад гэтых думак голад сыходзіў”. Гэта галодныя пасляваенныя гады.

Каб ён скончыў інстытут, дык з часам мог бы выкладаць у нашым тэатральна-мастацкім. А паколькі ў яго была няскончаная вышэйшая адукацыя, дык ён стаў выкладчыкам вучылішча.

Прастора і час

— Луцевічу пашчасціла, што ён вучыўся на адным курсе з Дзмітрыем Жылінскім. Бо Дзмітрый Жылінскі — гэта ўся маскоўская элітарная культура: і Чарнышоў, і Фаворскі, і Корын. І вось Жылінскі прывёў у інстытуцкую майстэрню Паўла Корына. Так, Луцэвіч вучыўся ў Паўла Корына, а потым перайшоў на Фаворскага і ўсіх іншых адмаўляў. Я памятаю ягоны аповяд пра Корына, як той маляваў. Корын хацеў паправіць студэнту работу. Ён падыйшоў, паглядзеў, а ў таго — палітра брудная… Не, кажа Корын, я не змагу вам зараз дапамагчы, лепей заўтра. Назаўтра Корын прыйшоў. Найперш — ён быў у беласнежнай кашулі, у шыкоўным дарагім касцюме. Кашуля была з запанкамі. І ён прынёс палітру… Гэта быў цуд, кажа Луцэвіч, лакірованая, такая прыгожая, шыкоўная гладкая палітра. Фарбачкі выдавіў акуратна, узяў каланковы пэндзаль і пачаў на студэнцкай рабоце пісаць вока. І ён пісаў вока з такой напругай! Тры гадзіны пісаў. Пот на твары, засяроджанасць выключна на гэтым. Ні на што ўвагу не адцягваў. Пісаў і пісаў. І гэта было такое вока, што мы потым пайшлі ў Траццякоўку і такога вока не знайшлі.

Калі Луцэвіч стаў выкладаць у Мінску, у яго з’явілася нейкая група вучняў. Яны вучыліся ў яго тры-чатыры гады. Я ж быў вучнем прыходзячым. Вольным слухачом, так бы мовіць. Яны былі вельмі таленавітыя, яны пісалі прасторава, але прабіцца ў інстытут ім было даволі цяжка. Мажараву, напрыклад, па малюнку на ўступным іспыце паставілі двойку. А самым любімым мастаком для Луцэвіча была Літвінава. Ён лічыў, што гэта вось тое, што сёння ў мастацтве патрэбна. Алег Вікенцевіч разумеў прастору не натуралістычна, не як выяўленчую ілюзію, але ў суладдзі з часам. Як чыннік быцця, я так сказаў бы.

Замест P.S.

— У матэрыяльным сэнсе ад яго як ад мастака не засталося нічога. Па-першае, не засталося ягоных работ, бо ён іх знішчыў. Спаліў. Іх было няшмат, але і іх не стала. Гэта былі вартыя рэчы, але, ўласна кажучы, — былі ўрыўкі, фрагменты... Ён мне казаў: “Ай, Ігар, я сябе прысвяціў выкладанню. Пішу — проста каб быць у форме”. Сказаў літаральна са слязамі.

Ён жыў мастацтвам і ўсталёўваў для сваіх вучняў вельмі высокую планку. І гэта дало тым, у каго была сіла волі, магчымаць чагосьці ў жыцці дамагчыся. Сам жа ён кар’еры не зрабіў. Яго, так бы мовіць, нікуды ніколі, і ён — ніколі нідзе. Бо мог быць рэзкім, жорсткім, калі справа датычыла ацэнкі мастацкай рэчы. Пакутваў чалавек праз свой характар.

Галоўнае тое, што ў яго была сістэма. Страта ў тым, што дагэтуль няма сапраўднага асэнсавання і шырокага практычнага выкарыстання сістэмы Луцэвіча. Можа яшчэ час не надышоў?..

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"