Матэматык з герба Касцеша

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Прафесар з беларускай душой
Радзіму не выбіраюць. І нават калі яе пакідаюць людзі, адданыя сэрцам зямлі, дзе нарадзілася іх душа, заўсёды памятаюць пра яе і імкнуцца вярнуцца. Сёлета споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння вядомага польскага матэматыка і педагога Чэслава Плята. На год бягучы прыпадаюць і дваццатыя ўгодкі памяці выдатнага навукоўцы з беларускімі каранямі.

/i/content/pi/cult/553/12076/14-1.jpgПовязі

Нарадзіўся будучы прафесар 6 сакавіка 1925 года ў фальварку Будзішчы Слабодскай гміны, што на Браслаўшчыне. Паходзіў ён са старажытнага шляхецкага роду Жабаў герба Касцеша. У Браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца перапіска былога навуковага супрацоўніка Кастуся Шыдлоўскага з Чэславам Плятам. Артыкул прафесара пра генеалогію роду Жабаў герба Касцеша і яго сувязь з Браслаўшчынай і іншымі землямі Беларусі надрукаваны ў матэрыялах ІІІ навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Браслаўскія чытанні”. У кнізе “Памяць. Браслаўскі раён” змешчана невялікая інфармацыя пра Чэслава Плята, як славутага ўраджэнца Браслаўшчыны. У сталай музейнай экспазіцыі на вітрыне выбітных землякоў знаходзіцца фота прафесара і яго кнігі…

З роду Жабаў

У 1579 годзе сыну родапачынальніка Сямёна Жабы Барысу кароль Стэфан Баторый за пераможную бітву з войскам Івана Жахлівага і адбіццё ад расіян Дынабургскай крэпасці ў якасці ротмістра коннай харугвы надаў маёнтак Абаб’е і 74 валокі зямлі на Браслаўшчыне. Дакумент за подпісам караля Баторыя да Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Зыгмунта Жабы, брата маці Чэслава Плята, які пражываў у маёнтку Абаб’е. У Браслаўскім краязнаўчым музеі захаваліся ўспаміны жыхароў вёскі Слабодка пра падпалкоўніка польскіх войск Зыгмунта, “які не любіў савецкую ўладу, таму яго вывезлі ў Казахстан”. Яго сын Вальдэмар стварыў у гады Вялікай Айчыннай вайны сваю арганізацыю і ваяваў супраць немцаў: удзельнічаў у падрыве фашысцкіх цягнікоў, што ішлі на Ленінград. Пра абаб’еўскі род Жабаў мясцовыя старажылы адгукаліся добра: іх вызначалі панскія разважлівасць, працавітасць і гаспадарлівасць.

На возеры Дубро быў двор Зыгмунта Жабы (дзядзькі Чэслава Плята). У доме было вельмі прыгожа. Зробленыя з паліванай кафлі печы, аклееныя папяровымі шпалерамі сцены, пабеленая столь, знаходзіліся жылыя вялікія і малыя пакоі, каморы, кухня, гардэробная, пякарня, шмат гаспадарчых пабудоў, сярод якіх — адрына, хлеў, абора, стайня, свіран, ток. Не дзіўна, што потым заможных Жабаў савецкая ўлада выслала. Прадстаўнікі гэтага роду былі цесна звязаныя з родам Мірскіх, якія валодалі слабодкаўскімі землямі і палацам у Завер’і на Браслаўшчыне. Апошнія былі ахвярадаўцамі на колішні першы касцёл у Слабодцы.

Лёс Плятаў

Чэслаў Плят адносіўся да вядомага шляхецкага роду па лініі маці Марыі. Яна была сястрой Зыгмунта і дачкой Браніслава Жабаў. Чэслаў скончыў пачатковую школу ў Браславе і быў прыняты ў прыватную гімназію, аднак паспеў скончыць толькі першы клас. У верасні 1939 года Браслаў занялі савецкія войскі, прыйшлося перапыняць навуку. А 10 лютага 1940-га разам з усёй сям’ёй Чэслава вывезлі ў Сібір. У няпоўныя 15 гадоў ён там працаваў на лесапавале. У жніўні 1943-га хлопец уступіў у Войска Польскае. Удзельнічаў у баявых дзеяннях падчас Вялікай Айчыннай вайны, быў паранены пры вызваленні Варшавы. Адзначаны савецкімі і польскімі баявымі ўзнагародамі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946-м пераехаў у польскі горад Ольштын, дзе працягнуў вучобу ў гімназіі і ліцэі для дарослых, працуючы адначасова ў Дырэкцыі дзяржаўных лясоў. У 1949 годзе паступіў у Вроцлаўскі ўніверсітэт на факультэт матэматыкі, фізікі і хіміі. У 1954-м абараніў дыплом “Лінейная мера Хаўсдорфа і яе сувязі з класічнай даўжынёй”, атрымаўшы тытул магістра. Надалей працуе асістэнтам на кафедры матэматыкі сельскагаспадарчага інстытута ў Ольштыне, цікавіцца матэматычнай статыстыкай. Тытул прафесара Чэславу Пляту нададзены ўрадам Польскай дзяржавы ў 1983 годзе. Ён з’яўляецца аўтарам некалькіх падручнікаў і навуковых манаграфій, іншых навуковых прац. Некаторыя з іх экспануюцца ў Браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Не губляў навукоўца сувязі з малой радзімай, якую пакінуў у дзяцінстве, — з Браслаўшчынай: арганізоўваў гуманітарную дапамогу, дасылаў матэрыялы для музея, удзельнічаў у краязнаўчых канферэнцыях. Перапіску з Чэславам Плятам вёў у 1990-я навуковы супрацоўнік Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Кастусь Шыдлоўскі, дзелячыся навінамі і падзеямі. Чэслаў Плят у сваю чаргу шукаў інфармацыю ў архівах па рэпрэсіях 1939 — 40 гадоў, звязаную з іх сям’ёй.

Праз 50 гадоў ён наведаў Браслаўскі край і не пазнаў яго: нічога не засталося ад родавага маёнтка. Толькі буянне зеляніны навокал ды прыгожыя азёрныя краявіды.

Ля Будзішча

Аўтар гэтага матэрыялу наведала ваколіцы малой радзімы прафесара Чэслава Плята. Ад былога фальварку Будзішчы сапраўды ўжо нічога не засталося, як кажуць, нават назвы. Калі збочыць з дарогі, якая вядзе са Слабодкі на Друю, то вы натрапіце на вёскі Абаб’е, Вялікае Абаб’е і Пошта Абаб’е. Па сутнасці, усе гэтыя мясціны і належалі роду Жабаў абаб’еўскай галіны, а яшчэ некаторыя вёскі бліжэй да Друі. Колішні маёнтак Абаб’е існаваў над возерам Дубро, і апошнім яго ўладальнікам быў Зыгмунт Жаба. Названы вадаём знаходзіцца бліз вёсак-хутароў Дундзеры, Антоненкі і Дзертава, ён злучаны пратокамі з азёрамі Берца і Абаб’е. Краявіды тутака шыкоўныя, і колішнія маёнткі замянілі цяпер аграсядзібы. Бліз іх месціцца цывілізацыя, а вось многія гістарычныя сцежкі ўжо зараслі хмызняком, кустоўем і ліставым лесам. Прыкладна такой сустрэла малая радзіма і прафесара Чэслава Плята. Аднак з таго часу прайшло больш за 20 гадоў і таксама шмат што змянілася.

Апошні візіт матэматыка на Беларусь. У 1995-м ён прыехаў на міжнародны сімпозіум па матэматычнай статыстыцы ў Мінск, але забыўся дома запрашэнне на канферэнцыю, пра якое, зразумела, спыталі памежнікі ў аэрапорце. І пакуль новае запрашэнне не прывёз супрацоўнік універсітэта, Чэслава Плята не адпусцілі. Ва ўстанове адукацыі, дзе праходзіла канферэнцыя, не працавалі ліфты, на шосты паверх 70-гадовы вучоны пасля перажытага стрэсу ўзбіраўся пехатой. Збег абставінаў паўплываў на яго стан здароўя: інсульт, потым інфаркт. Выратаваць прафесара не змаглі: 20 верасня Чэслаў Плят памёр у Мінску. Жменю браслаўскай зямлі паклалі яму ў труну. Пахаваны прафесар у Ольштыне. Да апошніх хвілін жыцця Чэслаў Плят узгадваў пра малую радзіму і род Жабаў. Хочацца, каб памяталі і пра яго.

Ірына САКАЛОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Браслаўскага райаб’яднання музеяў

Фотаматэрыялы з экспазіцыі Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея