Іпастасі “Паланэза”

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Бягучы год абвешчаны UNESCO годам Міхала Клеафаса Агінскага. Да яго 250-годдзя ў нашай краіне адбываюцца афіцыйныя мерапрыемствы і культурныя акцыі. У гэтым шэрагу — і Рэспубліканская мастацкая выстаўка “Паланэз”, дзе экспануецца каля 250 работ больш як 160 аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі. Праходзіць выстаўка ў сталічным Палацы мастацтва. На ёй прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод аўтараў — Леў Гумілеўскі, Анатоль Кузняцоў, Мікалай Бушчык, Рыгор Сітніца ды іншыя добра вядомыя аматарам мастацтва творцы. Некаторыя аўтары прадставілі карціны, графічныя аркушы і скульптуры, адмыслова створаныя да юбілею славутага кампазітара, іншыя — работы даўніх гадоў, якія пасуюць тэме і зместу дадзенай культурнай акцыі. Кожная рэспубліканская выстаўка, незалежна ад тэматыкі, гэта дэманстрацыя мастацкага патэнцыялу Беларусі. Гэтая — не выключэнне. Я не стаўлю пад сумнеў прафесіяналізм большасці ўдзельнікаў выстаўкі, але ж мушу канстатаваць, што зразумець і ўвасобіць у мастацкім творы такую постаць, як Міхал Клеафанс Агінскі, дадзена не ўсім.

/i/content/pi/cult/553/12071/9-1.jpgКалі браць да ўвагі, што значыць для нашай гісторыі і культуры Міхал Клеафанс Агінскі і ягоны “Паланэз”, дык можна было чакаць, што выстаўка стане падзеяй надзвычайнай; што ідэя ўшанавання памяці славутага земляка, асэнсавання ягонай творчасці ў кантэксце эпохі, да якой кампазітар належыць, стане надзвычай прывабнай для ўсёй творчай супольнасці краіны. Аднак, як мне падалося, гэтага не атрымалася.

Самае простае вырашэнне тэмы, калі выстаўка прысвечана канкрэтнай асобе, гэта маляваць краявіды мясцін, звязаныя з яе жыццём, і партрэты з атрыбутамі прафесіі ці сацыяльнага статусу. Гэта даўняя традыцыя, і такіх карцін на гэтай выстаўцы, як мне падаецца, зашмат. І калі ў краявідах адчуваецца розны почырк, рознае бачанне, зрэшты — розная творчая ментальнасць, дык, гледзячы на партрэты, можна падумаць, што большасць з іх мог бы зрабіць адзін аўтар, хіба што пад розным настроем. Вельмі падобныя кампазіцыйныя схемы і зыходны вобразны лад, што ідзе ад параднага стылю ХІХ стагоддзя. Праўда, некорыя партрэты Агінскага выкананы ў папулярным сёння “наіўным” стылі. Але тут яны глядзяцца не вельмі дарэчна. Для такога мастацтва трэба іншая экспазіцыйная прастора. Над сур’ёзнымі рэчамі іранізаваць не забаронена, а калі-нікалі і карысна, але не ў дадзеным кантэксце.

У некаторых творах экпазіцыі адчуваецца памкненне адлюстраваць гістарычны кантэкст, які ўплываў на жыццё і творчасць кампазітара, а самога кампазітара ўбачыць у гістарычнай прасторы. На карцінах паўстаюць кананізаваныя грамадскай думкай вобразы нашага Сярэднявечча, містычныя дзеі, постаці культурнай і палітычнай гісторыі краю. Але ў цэлым экспазіцыі бракуе канцэптуальнасці, ніткі, на якую нанізаныя пацеркі. Таму някепскія з прафесійнага гледзішча творы выглядаюць не асэнсаваннем тэмы, але спантаннай рэфлексіяй на яе.

А між тым біяграфія Міхала Клеафаса Агінскага і пытанні няпростыя ставіць, і адказы на іх неадназначныя дае. Варта адысці ад чыста рамантычнага ўспрымання гэтай асобы, і паспрабаваць убачыць гістарычную постаць ва ўсёй складанасці, супярэчлівасці. Агінскі напісаў геніяльны паланэз на знак знікнення блізкага яму ладу жыцця і дарагой яму цывілізацыі. Фактычна гэта рэквіем па Вялікім Княстве. Але ж пазней ён прыняў палітычныя рэаліі як дадзенасць, стаў сенатарам Расійскай імперыі і даверанай асобай імператара Аляксандра І. Агінскі, маючы пэўны уплыў на імператара, спрабаваў пераканаць яго адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае ў якасці аўтаноміі ў складзе Расійскай імперыі. Інакш кажучы, ягоная барацьба за інтарэсы краіны не скончылася і пасля паразы збройнага паўстаня Касцюшкі, у якім Міхал Клеафас браў чынны ўдзел. Яна працягвалася ў іншых, адпавядаючых сітуацыі форме. Дыпламатыя — таксама зброя. Цыкл палотнаў, які адлюстроўваў бы розныя перыяды ў жыцці Агінскага, ягоныя іпастасі як кампазітара, палітыка, дыпламата, быў бы вельмі дарэчным на гэтай выстаўцы. А потым такія творы маглі б стаць часткай грунтоўнай музейнай экспазіцыі, прысвечанай Агінскаму.

Паўстае пытанне: мо сюжэтныя карціны ў нас пісаць развучыліся, мо яшчэ не прыйшоў час асэнсавання шматзначнасці асобы Агінскага, а мо мастакі без гарантаванай аплаты сёння за вялікую працу не возьмуцца? Хочацца думаць, што выстаўка толькі паклала пачатак сапраўднаму вяртанню на Радзіму аўтара “Развітання з Радзімай”.

Калі прыняць як дадзенасць адсутнасць канцэптуальнага грунту, а проста засяродзіцца на канкрэтных творах, дык глядач здолее знайсці шмат для сябе цікавага. Бо сёння ў беларускім мастацтве паралельна развіваюцца некалькі амаль аўтаномных плыняў, якія нідзе, акрамя як ў выставачнай зале, не перакрыжоўваюцца. Гэта і водгулле сацрэалізму, і нацыянальны рамантызм, і розныя праявы беспрадметнасці і нефігуратыўнасці. У культуры адбываецца натуральны працэс фарміравання прыярытэтаў. І пры гэтым мастакі засяроджаны ў большай ступені на сваёй падсвядомасці, чым на грамадскіх ідэях. Зрэшты, гэта асабістая справа кожнага — лічыць “Паланэз” рамантычнай музыкай ці драматычнай споведзю.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"