Пяць тысяч руж у краі Леля

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Улетку ружы будуць красаваць у Лельчыцкім раёне паўсюль — на клумбах ля ўстаноў і прадпрыемстваў, на прысядзібных участках і, вядома, на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Райвыканкам вось ужо ў другі раз правядзе сёлета акцыю па высадцы пяці тысяч саджанцаў гэтых кветак, што сімвалізуюць гармонію і хараство. І, без сумневу, ініцыятыва ўлад будзе падтрымана.

Лельчыцы гатовы даць не адзін майстар-клас у плане добраўпарадкавання і культуры побыту. Апрача звыклай для нас чысціні на вуліцах і дагледжанасці грамадскіх будынкаў (а яны тут бадай ідэальныя), апрача пліткі і ўтульных лавачак на цэнтральнай плошчы, якія заўсёды цешаць вока ды ўжо не здзіўляюць, ёсць тут і сапраўдныя “ноў-хаў”, вартыя пераймання.

Улетку — гэта згаданая ўжо масавая высадка руж, а напярэдадні Новага года — конкурс ілюмінацыі, што ўпершыню прайшоў у раёне, даючы кожнай арганізацыі магчымасць выявіць уласную вынаходлівасць. Дарэчы, у лік пераможцаў патрапілі і дзве ўстановы культуры Лельчыцаў.

— Напачатку мы былі нават трошкі разгублены, — прызнаецца начальнік аддзела культуры Наталля Гаўрылавец. Што ні кажы, а гэта было ў навіну: ранней ніхто з нас ілюмінацыяй не займаўся. Кожны з кіраўнікоў устаноў выкрышталізоўваў свае ідэі, мы збіраліся ў мяне ў кабінеце і дружна, разам, іх дапрацоўвалі. У выніку прыдумалі і падсветленую выцінанку ў вокнах, і снегавікоў ля дзіцячай бібліятэкі…Ані руж, ані каляровых ліхтарыкаў увачавідкі ўбачыць мне не давялося — усё ж не сезон. Але трэцяе “ноў-хаў” даступнае для сузірання пастаянна. Бігборды, што сустракаюцца на лельчыцкіх вуліцах, маюць два бакі. На адным — рэклама таго ці іншага мясцовага прадпрыемства, а другі прысвечаны сацыяльнай тэматыцы. Лозунгі ў спалучэнні з пазнавальнымі тварамі землякоў выглядаюць пераканаўча.Галоўным натхняльнікам і арганізатарам усіх гэтых арыгінальных праектаў выступае старшыня райвыканкама Віктар Гамолка. Здзівіўся, даведаўшыся, што, не зважаючы на сваю занятасць, кіраўнік адміністрацыі не толькі наведвае ўсе буйныя культурныя мерапрыемствы, але і цікавіцца ходам іх падрыхтоўкі: сцэнарыем, складам удзельнікаў, рэжысурай… Здараецца, нават прысутнічае на генеральных рэпетыцыях.

— Стаўленне да галіны культуры раёна — гэта лакмусавая паперка асабістага культурнага ўзроўню кіраўнікоў мясцовых улад, — перакананы старшыня Лельчыцкага райвыканкама. — Мы ніколі не пакідаем гэтую сферу абдзеленай увагай і чым можам дапамагаем ёй — перадусім фінансава. Сёлета плануем звярнуць пільную ўвагуна забеспячэнне жыллём маладых спецыялістаў, штогод набываем для кагосьці з нашых цудоўных калектываў новыя касцюмы, дапамагаем бібліятэкам з падпіскай і камплектаваннем фондаў… Прынцып у нас такі: тое, што мы можам рабіць — робім, а тое, што не можам — спрабуем зрабіць.

Ганарары для артыстаў-аматараў

Сярод 29-ці відаў платных паслуг, што практыкуюцца ў лельчыцкай “культуры”, ёсць не толькі паўсюдныя дыскатэкі і ксеракс: значны працэнт ад агульнай сумы прыносіць такі пункт, як “выкананне сацыяльна-творчых заказаў”. Расшыфраваць яго можна вельмі проста: напярэдадні таго ці іншага прафесійнага свята — скажам, Дня міліцыі — адпаведная арганізацыя або прадпрыемства замаўляе ў аддзеле культуры правядзенне ўрачыстага вечара, давяраючы гэтую немалаважную справу дыпламаваным спецыялістам. Але ці не крыўдзяцца землякі, калі работнікі культуры выстаўляюць ім рахунак?

— Раней многія і сапраўды здзіўляліся такому падыходу,— кажа Н.Гаўрылавец. Але цяпер ужо ўсе прывучаны, што любая праца павінна аплачвацца. У тым ліку і праца артыстаў. У нас заведзена, што ўдзельнікі буйных канцэртаў атрымліваюць ганарары. Сумы, вядома, зусім не такія, як у вялікім шоу-бізнесе, ды і не дзеля грошай гэтыя людзі спяваюць, але тым не менш…

Заяўка ўжо пададзена

Сярод усіх спецыяльнасцей Лельчыцкай школы мастацтваў найбольш запатрабавана харэаграфія. Ахвотных навучыцца танчыць у раёне столькі, што за месца ў групе ім даводзіцца яшчэ й пазмагацца: штогод сюды трапляе менш як палова з трыццаці навучэнцаў платнага падрыхтоўчага аддзялення. Такі ж попыт і на студыю для моладзі больш сталага веку, якая працуе на самаакупнасці. А харэограф у раёне — адзін. І хаця прафесійныя і педагагічныя якасці Алены Тарасавец цэняць тут высока, усё ж мараць у раёне займець і іншых спецыялістаў. Але харэографы паранейшаму ў дэфіцыце…

Аднаго з навучэнцаў Лельчыцкай школы мастацтваў ведае не раўнуючы ўся краіна. Гэта — Мікіта Журовіч, які заняў другое месца ў фінале адборачнага тура на дзіцячае “Еўрабачанне”.

— Пахвалявацца тады мне, вядома ж, давялося, — прызнаецца юны артыст.— Але як толькі выйшаў на сцэну — страх вокамгненна мінаваў. І ўсё ў мяне атрымалася!

Такі вынік зусім не дзіўны, асабліва калі ўлічыць, што Гомельшчыну недарэмна ставяць у прыклад філіграннай “шліфоўкі” сваіх талентаў. Да падрыхтоўкі Мікіты спрычыніліся не толькі дырэктар ДШМ Галіна Грыбоўская і педагог па вакале Марына Драздова, якіх можна назваць неафіцыйнымі прадзюсерамі спевака, але і спецыялісты з абласнога цэнтра.

Адносная няўдача зусім не расчаравала спевака — наадварот, выклікала азарт, і сёлета ён ізноў паспрабуе свае сілы: заяўка на дзіцячае “Еўрабачанне” ўжо пададзена.

— Пакуль мы не будзем раскрываць усе карты, — кажа Г.Грыбоўская. — Скажу толькі назву песні: “Марыць”. Астатняе, спадзяюся, з часам пачуеце.

Трэба адзначыць, што назва цалкам адпавядае характару выканаўцы. Вясёлы і гарэзлівы на сцэне, у жыцці ён, аднак, сціплы і рахманы, хаця ў сябе на радзіме Мікіта і займеў статус сапраўднай зоркі, якую ведае ў твар кожны. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы бігборду з яго выявай.

— Лельчыцы зусім не абдзелены канцэртамі сталічных знакамітасцей, — адзначыў старшыня райвыканкама Віктар Гамолка. — Але мясцовыя артысты, выступаючы з імі ў адной праграме, выклікаюць нават болей авацый. Як прыемна чуць з вуснаў публікі: нашы спевакі — лепшыя за ўсіх!

“Свіння паросіцца, а ў цябе песні наўме…”

Ехаць дарогамі Лельчыцкага краю адно задавальненне, раз-пораз вока выхоплівае за вакном цікавыя дэталі: ці то затопленыя Убарццю палеткі, ці то яшчэ адно “ноў-хаў” добраўпарадкавання звыклыя буданчыкі аўтобусных прыпынкаў, распісаныя фрэскамі з тымі самымі мясцовымі краявідамі. Але асаблівую маю ўвагу прыцягнуў прыдарожны крыж ля вёскі Мілашэвічы — стваралася ўражанне, нібы ён “апрануты” ў жаночы строй.

— Прыязджаючы ў наш край, мінскія навукоўцы-этнографы не стамляюцца здзіўляцца, сустракаючыся ці не паўсюдна з праявамі аўтэнтычнай народнай культуры, — кажа з гэтай нагоды Н.Гаўрылавец. — А для нас гэтыя рэчы — паўсядзённасць, звыклы лад жыцця.

Вёска Слабада — невялічкая плямка на карце, спрэс аточаная зялёным колерам (ён, дарэчы, на карце раёна займае ажно пад 70% — менавіта столькі тут лясоў і балот!). І тое, што калектыў адтуль заслужана атрымаў найвышэйшае ўаматарскай культуры званне — сапраўдная сенсацыя.

Калі паўстаў ансамбль “Журавінка”, не ўспомняць нават настарэйшыя яго ўдзельніцы. Прыкладам, Ніна Васільеўна Шкардзінская далучылася да калектыву, маючы ўсяго 16 гадоў, на дварэ тады быў 1956-ы… Таму, думаецца, не памыліцца той біёграф, які напіша, што ансамбль ніколі не паўставаў — бо ў тым або іншым выглядзе існаваў спрадвеку.

А вось сённяшні, “залаты” склад калектыву сфарміраваўся ў 1987 годзе, калі яго кіраўніком стала Ганна Сакалоўская.

Праз пятнаццаць гадоў працы ансамбль чакала высокае прызнанне — званне “заслужанага”, якім могуць пахваліцца толькі некалькі вясковых калектываў з усёй Беларусі.

Звыклае пытанне: “Адкуль ансамбль бярэ свой рэпертуар?” выклікае ў яго ўдзельніц недаўменне: вядома ж, ад сваіх дзядоў і бабуль, з тых часоў, калі танчылі не ў клубе, а пад клёнамі, і не пад гармонік, а “пад язык”.

— Я калі была маленькая, памятаю, мой дзед рабіў верацёны і спяваў: “Дарожка чарнэнька…”. Я падпявала яму тады: “Далоска цалнэнька”…

— А я без бацькоў расла, каля чужых людзей. Але як пачую хто дзе спявае, то і я тамака, — наперабой апавядаюць удзельніцы ансамбля.

— Фальклорных калектываў у нашым раёне шмат, але галоўная адметнасць “Журавінкі” — яе аўтэнтыка, — кажа дырэктар Раённага метадычнага цэнтра Тамара Некрашэвіч. — Удзельніцы ансамбля не стамляюцца нас радаваць і здзіўляць.

Яны такія яркія, такія заўзятыя!

Яны, падаецца, і ўвогуле не стамляюцца. Напружаны гастрольны графік, падчас якога часам даводзіцца даваць па пяць канцэртаў на дзень, для гэтых сталых кабет толькі ў радасць. Бо вяртаючыся дахаты ў аўтобусе, “журавінкі” зноў — спяваюць!

Гісторыя калектыву ўтрымлівае нямала розных эпізодаў — і ўзнёслых, і камічных. Перад леташнім выступленнем ансамбля на Міжнародным фестывалі “Вянок сяброўства”, дзе “Журавінцы” было даручана прадстаўляць усю краіну, муж адной з яе ўдзельніц раптам заўпарціўся: нікуды ты не паедзеш, і кропка! Тут, маўляў, свіння паросіцца, а ў цябе адны песні наўме. Доўга аддзелу культуры давялося яго ўгаворваць! Але не дарэмна: зала падчас фестывалю праводзіла калектыў стоячы.

На пытанне пра сярэдні век удзельнікаў “Журавінкі” сталыя жанчыны хорам адказваюць: “Семнаццаць гадоў”. Не паверыць ім цяжка. Але ўсё ж важна, каб аўтэнтычныя песні гучалі з вуснаў не толькі духоўна, але і фізічна маладых.

Як нідзе лепей, разумеюць гэта і ў Лельчыцкім краі. Таму ў 2000 годзе райвыканкам прыняў Праграму развіцця традыцыйнай культуры гэтага адметнага палескага кутка.

Праграма змяншэння прагалу

Стан і перспектыву “повязі пакаленняў” красамоўна ілюструе такі прыклад.

Падчас традыцыйнага ўжо для раёна конкурсу выканаўцаў парных побытавых танцаў, які мне пашчасціла пабачыць, спаборніцтвы адбываліся ў шасці ўзроставых групах. Першыя чатыры з іх — гэта дзеці, пятая — моладзь, а шостая — носьбіты фальклору сталага веку. Узроставая дыстанцыя паміж кожнай з першых чатырох груп зусім нязначная і складае хіба якіх пару гадоў. “Прагал” паміж пятай і шостай у дзесяткі разоў большы — фактычна, гэта цэлае пакаленне. Але цяпер ёсць усе падставы спадзявацца, што з часам — вядома ж, зусім не хутка — ён будзе запоўнены.

Сам конкурс, дарэчы, уяўляў сабою сур’ёзнае ды паважнае мерапрыемства.

Са строгім непрадузятым журы, хваляваннямі ўдзельнікаў і групамі падтрымкі ў зале. А папярэднічалі яму навучальныя семінары для клубных работнікаў з дэманстрацыяй відэазапісаў тых самых танцаў у выкананні носьбітаў фальклору, зробленых, лішне казаць, таксама сваімі сіламі.

Вось і няўрымслівыя “журавінкі” цяпер актыўна перадаюць сваё майстэрства ўнучкам. А пры народным калектыве “Вяснянка” Ліплянскага СДК, які таксама мае багатую гісторыю, у 2000 годзе быў створаны дзіцячы “спадарожнік”. Сёння ўзорны ансамбль “Карагод” настолькі разросся, што ўзнікла нават патрэба ў падрыхтоўчай групе. Са 150-ці вучняў мясцовай школы 40 — у калектыве!

Сёлета ансамбль мае гонар прадстаўляць вобласць на Рэспубліканскім фестывалі “Берагіня”. І рыхтуецца да гэтага выступлення вельмі сур’ёзна — на працягу цэлага года!

— Мы пастаянна вядзём збор фальклору, запрашаем на заняткі яго носьбітаў,— кажа кіраўнік калектыву Людміла Лось. — Народныя танцы і гульні, якія вы можаце пабачыць у нашай праграме, родам нават не тое што з Лельчыцкага краю — непасрэдна з нашай вёскі.

…Напрыканцы конкурсу, у якасці своеасаблівага “майстар-класа”, на сцэну выйшлі ўдзельніцы “Журавінкі”. Няспешны, трохі медытатыўны палескі спеў адразу заварожваў. Зірнуўшы ў глядзельную залу, я ўбачыў і на тварах гледачоў, а гэта пераважна дзятва, менавіта такую ж рэакцыю — заварожанасць.

Клуб-музей побач з дубам-волатам

Бываюць установы культуры, чый знешні выгляд моцна кантрастуе з інтэр’ерам. Прычым зазвычай гэты кантраст акурат накарысць першага, і за прыгожым свежаатынкаваным фасадам тоіцца не надта прывабнае “начынне”. У Лельчыцкім гарадскім цэнтры культуры ўсё наадварот. Знешне будынак пакуль не надта ўражвае, але затое два самыя запатрабаваныя яго памяшканні — “дыскафае” і глядзельная зала — “апрануты” з іголачкі. Менавіта на іх аддзел культуры вырашыў сканцэнтраваць тыя 380 млн. рублёў, якія летась былі выдаткаваны на рамонтныя работы. Хаця і на новыя шыбы-шклопакеты сродкаў хапіла — усё ж гэтыя выдаткі дазваляюць эканоміць на іншым…

Але ўжо сёлета, як пераканана Наталля Гаўрылавец, кантраст гэты будзе знівеліраваны. І фасад, і ганак, і грымёркі, і кабінеты супрацоўнікаў будуць мала чым розніцца ў плане сваёй добраўпарадкаванасці з шыкоўнай глядзельнай залай.

Дарэчы, свой новы статус — Цэнтр культуры — установа атрымала зусім нядаўна, 1 сакавіка. Шыльда на ёй вісіць яшчэ старая, а сутнасць пачынае спакваля мяняцца.

— Старшыня райвыканкама аднойчы спытаў у мяне: якой я бачу перспектыву гэтай установы, — распавядае начальнік аддзела культуры. — Сутнасць маіх прапаноў заключалася ў тым, што яе праца павінна быць больш актыўнай і шматбаковай. І перадусім— праца з моладдзю. Дзякуючы падтрымцы райвыканкама, мы цяпер будзем мець для гэтага рэсурсы.

Раней у штаце ўстановы было ўсяго пяць адзінак, а іншыя спецыялісты атрымлівалі заробак з пазабюджэтных сродкаў, “з’ядаючы” тым самым ці не ўвесь аб’ём платных паслуг. Цяпер штатны расклад істотна пашыраны — і, значыць, заробленыя грошы можна будзе траціць на абнаўленне матэрыяльнай базы.

… Побач з вёскай Данілевічы — адна з галоўных адметнасцей раёна: папраўдзе царскіх памераў дуб. Насельніцтва ў вёсцы невялікае, але ўстанову культуры там вырашылі не зачыняць — бо людзям яна ўсё ж патрэбна. Да таго ж, кіраўніцтва раёна бачыць не толькі сённяшні стан рэчаў, а і перспектыву. Ёсць надзеі, што з развіццём агратурызму гэты “агмень культуры” зможа атрымаць другое дыханне. І пару месяцаў таму паўстала ўстанова, як небеспадстаўна зазначыла Наталля Гаўрылавец, “абсалютна новага тыпу”: клуб-музей.

— Установа не губляе сваёй першаснай функцыі, але частку яе плошчаў зойме музейнаяэкспазіцыя, — тлумачыць сутнасць інавацыі начальнік аддзела культуры. — Збор этнаграфічных матэрыялаў для яе ўжо ідзе.

Бібліятэка як флагман камп’ютэрызацыі

Ёсць установы культуры новага тыпу, а ёсць — новага ўзору, тыя, што адпавядаюць усім прыдзірлівым патрабаванням і стандартам часу ды жыхароў канкрэтнай мясцовасці. Такіх устаноў у Лельчыцкім краі ажно дзве. Прычым адкрыліся яны абедзве летась на праваслаўнае Вадохрышча.

Да нядаўняга часу адной з найважнейшых праблем Глушкевічаў была яе ўстанова культуры. Старая хаціна зусім не магла задаволіць патрабаванняў маладых жыхароў мястэчка, вядомага сваім шчэбневым заводам.

— Гэта праблема была агучана падчас сустрэчы насельніцтва з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, які наведаў Глушкевічы ў 2005 годзе, — распавядае Н.Гаўрылавец. — І вынікі не прымусілі сябе чакаць.

Не прайшло і двух гадоў, як за сродкі з рэспубліканскага бюджэту на месцы хаціны паўстаў прыгожы гмах з рознакаляровымі выявамі сімвалаў творчасці на фасадзе. А ўнутры прадугледжана ўсё для творчасці і адпачынку: і глядзельная зала з мяккімі крэсламі, і дыскатэчны танцпол, і спартыўная ды трэнажорная залы, і більярд, і кавярня… Пад гэтым дахам раскватараваліся таксама дзве бібліятэкі ды філіял ДШМ. Адным словам — сапраўдны Палац культуры, дзе хібаў не знойдзеш ні ў чым. Таму цяжка не паверыць дырэктару ўстановы Андрэю Гапановічу, які перакананы, што гэты падарунак істотна змяніў жыццё мястэчка.

…А старая жылая камянічка на цэнтральнай плошчы Лельчыцаў дзівосным чынам пераўвасобілася ў стыльны сучасны гмах дзіцячай бібліятэкі, якая адгэтуль мае таксама і статус Цэнтра для дзяцей і юнацтва.

Сказаць, што бібліятэка камп’ютэрызавана, было б занадта сціпла. Стараннямі райвыканкама і прадпрыемстваў раёна тут паўстаў цэлы камп’ютэрны клас, прычым на экранах 19-дзюймовых вадкакрышталёвых манітораў можна ўбачыць не толькі персанажаў гульняў. Вялікім поспехам сярод мясцовай дзятвы карыстаюцца заняткі па “камп’ютэрнай пісьменнасці”. Дый не толькі сярод дзятвы. Так, менавіта бібліятэка становіцца “флагманам камп’ютэрызацыі” нашага грамадства. Такая ў яе функцыя па-за межамі буйных гарадоў.

Дарэчы, мусіць, невыпадкова, што сайт Лельчыцкага райвыканкама быў прызнаны лепшым рэгіянальным інтэрнет-праектам на леташняй выстаўцы TIBO.

У абанементнай зале працуюць два бібліятэкары. Адзін з іх абслугоўвае самых маленькіх дзетак, а другі — падлеткаў. Такая спецыялізацыя дазваляе лепей арыентавацца ў густах чытачоў. Зрэшты, тут створаны належныя ўмовы, каб у бібліятэку можна было хадзіць усёй сям’ёй, мама таксама знойдзе сабе цікавую кніжку.

Памяшканняў у бібліятэкі хапае, але ж якімі б яны ні былі ўтульнымі, свежае паветра нічым не заменіш. Таму ўлетку некаторыя імпрэзы ладзяцца на вуліцы, у ідэальна добраўпарадкаваным куточку местачковай плошчы, куды выходзяць вокны бібліятэкі. Балазе, цёплай парой тут працуе шыкоўны фантан. Дарэчы, як запэўніў старшыня райвыканкама, яшчэ адзін мае сёлета адкрыцца і на пляцоўцы перад Цэнтрам культуры.

Стыль працы бібліятэкі — пазнавальна-забаўляльныя праграмы з элементамі шоу. Менавіта яны спрыяюць найбольш эфектыўнаму засваенню інфармацыі. А неўзабаве тут будзе створаны інтэлектуальны клуб пад назвай “Свая гульня” форма гульні новая, сапраўды ўласнага вынаходніцтва.

— Выявілася, што такія гульні— не толькі праверка ведаў дзіцяці, але і стымул да самаадукацыі, — кажа загадчык бібліятэкі-цэнтра Алена Ляхавец. — Веды цяпер — гэта прэстыжна.

Што да самой дырэктаркі, дык найбольшае і даўняе ейнае захапленне — гэта лялькі. І большасць персанажаў створанага ёй тэатра яна зрабіла ўласнымі рукамі.

Захапляецца стварэннем лялек і дырэктар Дома рамёстваў Валянціна Жураўлёва. Толькі яе персанажы зусім іншыя: зроблены яны з саломкі, і таму маюць выразны фальклорны характар. У выставачнай зале Дома рамёстваў, якой таксама знайшлося месца ў бібліятэцы, можна ўбачыць некалькі яе твораў. Гэтае хобі адзін час нават было вымушаным: працуючы ў дзіцячым садку, яна сваімі рукамі кампенсавала нястачу цацак. А потым, калі паўстаў Дом рамёстваў, захапленне стала прафесіяй.

* * *

Наталля Гаўрылавец заняла сваю цяперашнюю пасаду зусім нядаўна — літаральна месяцаў дзевяць таму. Раней да сферы культуры не мела непасрэднага дачынення: працавала педагогам, потым была абрана першым сакратаром раённай арганізацыі БРСМ… І вось яе лідэрскія якасці былі заўважаны.

Але ж выпадковым чалавекам у культуры сябе яна не лічыць, і хаця праца ў яе напружаная і складаная — амаль без адпачынкаў і выхадных, — Наталля Фёдараўна акунулася ў яе з галавой і ў ахвоту.

— Больш за тое, — пасміхаецца яна. Мяне нават у творчасць уцягнулі, уяўляеце!

Не так даўно дэбютавала на сцэне ў якасці салісткі, спяваю і ў хоры работнікаў культуры “Зараніца”. І гэта прытым, што ў мяне столькі арганізацыйных клопатаў!

… Да праваслаўнай Тройцы яшчэ далёка, але ж падрыхтоўка да фэсту народнай культуры — як і ў былыя часы, ён прымеркаваны да прыхадскога свята — ужо вядзецца напоўніцу. Раз-пораз Наталлі Фёдараўне тэлефануе знакаміты маэстра Міхась Дрынеўскі — родам ён адсюль, з вёскі Тонеж — і цікавіцца навінамі пра імпрэзу, што стала візітоўкай краю. Рэгіянальны фестываль “Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных” — бурлівае свята з бюджэтам каля 30 млн. рублёў, што запаўняе ўвесь горад, ладзіцца на прызы маэстра, з яго самым актыўным удзелам.

…Як патлумачыла мне Наталля Гаўрылавец, мілагучная назва мястэчка паходзіць зусім не ад міфічнага язычніцкага боства. “Лель” на мясцовым дыялекце гэта бусел.

Рэдка калі назва так трапна адпавядае сутнасці…


Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.

Мінск — Лельчыцы — Мінск

Фота аўтара