Так і застанемся зборачным цэхам?

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Крысціна Стрыкелева, прафесар кафедры і гісторыі дызайну БДАМ, кандыдат мастацтваў, дацэнт
Дызайн — дзейнасць сінтэтычная, якая ўключае ў сябе інжынерную і мастацкую творчасць. Адпаведна, ён мусіць арыентавацца на вышэйшыя дасягненні элітарнай мастацкай культуры. Больш за тое, дызайн часта сам выконвае функцыі “haute couture” і “ pret-a-porter” — інакш кажучы, стварэння і тыражавання высокіх стандартаў жыцця. Самі згаданыя тэрміны скарыстоўваюцца ў індустрыі моды, але, фактычна, прыдатныя да ўсяго.

/i/content/pi/cult/553/12067/5-1.jpgКанцэптуальныя распрацоўкі і ў прамысловым, і ў віртуальным дызайне — гэта па сутнасці адкрыццё новага мастацкага свету. А праца з новымі тэхналогіямі, пошук новых сродкаў выразнасці з’яўляецца такой жа мастацкай задачай, як і тыя, што вырашаюць нашы калегі на мастацкім факультэце Акадэміі мастацтваў. Дызайнер, які сябе паважае, абавязкова мусіць быць у трэндзе апошніх дасягненняў сусветнай і айчыннай мастацкай культуры.

Мусіць быць у дызайне нацыянальная спецыфыка ці не — так пытанне ставіць не варта. Нацыянальны чыннік у гэтай сфере — дадзенасць, якая ўвогуле не абмяркоўваецца. Яшчэ працуючы над дысертацыяй, а пісалася яна ў часы панавання ў дызайне міжнароднага стылю, я адстойвала ідэю нацыянальнай спецыфікі. Бо ў нас папросту няма іншага шляху, як быць самімі сабою. Такая разнастайнасць — неабходная ўмова развіцця цывылізацыі, і страта нацыянальнай ідэнтычнасці прыводзіць да збяднення сусветнага культурнага арсеналу.

Іншая справа, што ва ўмовах глабалізацыі захаванне нацыянальнай тоеснасці становіцца даволі праблематычным. Канкрэтна пра Беларусь можна сказаць, што наша геапалітычнае становішча прадвызначыла сітуацыю, калі мы апынуліся паміж заходнімі і ўсходнімі культурнымі комплексамі, і не заўжды ўсведамляем, хто мы насамрэч ёсць. А трэба мець унутраны стрыжань. Толькі пры яго наяўнасці можна захаваць традыцыйныя каштоўнасці ў сучасным кантэксте. І яшчэ падкрэслю: у чалавека павінна быць унутраная патрэба трымацца сваіх каранеў. Патрыятызм немагчыма прывіць гвалтам, выбар мусіць быць свядомым. Памятаеце верш “Каждый выбирает для себя женщину, религию, дорогу…” Так мы выбіраем сабе месца ў свеце — тое месца, якое займаем, альбо, па меншай меры, для сябе вызначылі. Ад гэтага ўласнага бачання і залежыць наша перспектыва. У любым выпадку, варта змагацца за тое, каб інтэлектуальны, культурны і творчы патэнцыял нацыі захаваць.

Калі мастацкая дзейнасць скіравана на стварэнне духоўных каштоўнасцей і фарміраванне ідэалаў, дык функцыя дызайну — трансляцыя гэтых каштоўнасцей на грамадства, давядзенне іх да вялікай колькасці людзей. У гэтым сэнсе дызайн — з’ява дэмакратычная. Дызайн у стане адаптаваць высокія стандарты для шырокіх колаў. Гэта ў ідэале… Але ў дызайна шмат унутраных праблем. У нашай краіне спробы эфектыўна ўключыць гэту прафесію ў сацыяльную практыку робяцца не адзін год. Але пра паспяховае развіццё дадзенай тэмы казаць пакуль не даводзіцца.Мне здаецца, што дызайн як прафесія ў нашым рэгіёне ўсё яшчэ, на жаль, з’яўляецца чымсьці загадкавым і нераскрытым. Іншы раз думаю: калі ў нас нарэшце акрэсліцца жаданне не паўтараць чужыя марфалогіі, а рызыкаваць, эксперыментаваць? Калі мы ўжо будзем працаваць у плюс, мысліць разняволена, бачыць шырока, маштабна, перспектыўна, ярка, неардынарна?

Вось да гэтага я казала пра традыцыі, што дызайн мусіць іх захоўваць. Але ж дызайн — гэта найперш праект, думка, кінутая наперад. Калі не дбаць пра перспектыву, мы так і застанемся зборачным цэхам.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"