“Лістапад” вам у дапамогу

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

6 лістапада распачнецца XXII Міжнародны кінафестываль “Лістапад”. “Асалода для вачэй” — так гучыць сёлета форумны дэвіз, які быў натхнёны кнігай французскага класіка Франсуа Труфо “Le plaisir des yeux”.

/i/content/pi/cult/553/12063/4-4.jpgУзначаліць журы асноўнага конкурсу мінскага кінафоруму расійскі рэжысёр, народны артыст Расійскай Федэрацыі Вадзім Абдрашытаў. Фільмы славутага кінематаграфіста, нагадаю, ужо двойчы прымалі ўдзел у “Лістападзе”: у 1995-тым, калі яго “П’еса для пасажыра” атрымала прыз журы кінематаграфістаў фестывалю, і ў 1997-ым — калі незабыўны “Час танцора” спаборнічаў з “Братам” Аляксея Балабанава і “Ворам” Паўла Чухрая. Ды яшчэ быў 2004-ты, калі Вадзім Юсупавіч старшынстваваў у міжнародным журы. І вось трошкі больш за 10 гадоў — і рэжысёр зноў узначаліць журы мінскага кінафестывалю.

Аргкамітэт “Лістапада” парадаваў навіной: фестываль адкрывае індустрыяльную пляцоўку, пытанне пра стварэнне якой неаднаразова ўздымалася сярод кінематаграфістаў. “З 7 па 12 лістапада ў галерэі TUT.BY пройдзе серыя мерапрыемстваў, што прысвечаны бізнес-складніку кінематографа”, — паведамляюць арганізатары. Платформа сёлета будзе мець экперыментальна-адукацыйны характар, але далей мусіць стаць паўнавартасным індустрыяльным праектам на базе “Лістапада” ў супрацоўніцтве з партнёрамі з Еўропы, краін СНД і Балтыі.

Удзел у пітчынгах, стварэнне і функцыянаванне фондаў кіно, пошук і арганізацыя капрадукцыі, досвед беларускіх рэжысёраў па стварэнні і прасоўванні фільмаў, вынікі ўдзелу карцін у Нацыянальным конкурсе “Лістапада” — гэтыя і іншыя магчымасці развіцця кінапраектаў мусяць абмяркоўваць на базе новай пляцоўкі яе ўдзельнікі. На дадзены момант заяўлены тры эксперты панелі: Сімона Баўман — спікер па пытанню ка-прадукцыі, развіцці нацыянальнай вытворчасці і прасоўванні на фестывалях; Мікалай Нікіцін — адборшчык Берлінскага кінафестывалю ў краінах Усходняй Еўропы; Наталля Дрозд — ка-прадзюсар стужкі “Я не вернуся”, якая мае досвед працы з прадстаўнікамі кінаіндустрыі ў Беларусі. І гэты шэраг мусіць папаўняцца.

Неабходнасць стварэння падобнага праекта абмяркоўвалі не толькі не леташнім форуме, калі быў уведзены Нацыянальны конкурс. Толькі напрыканцы лета адбыўся першы пітчынг кінапраектаў, які паказаў, што маладым кінематаграфістам проста неабходна падобнага кшталту практыка, каб умець падаваць сябе і быць пачутымі на міжнароднай арэне.

“Немагчыма ствараць і прасоўваць паўнавартасны і якасны прадукт у рамках замкнёнай кінасупольнасці асобна ўзятай краіны, — падкрэслівае мэты новага праекта “Лістапада” яго каардынатар Лізавета Бобрыкава. — Індустрыяльная пляцоўка патрэбна для адкрыцця межаў, знаёмства з правіламі і тэндэнцыямі развіцця сусветнай кінасупольнасці, фарміравання сувязей для вытворчасці і прасоўвання нацыянальнага прадукту”. Зарэгістравацца на мерапрыемства індустрыяльнай панэлі магчыма ўжо зараз, — заахвочваюць арганізатары.

Падобнай ініцыятыве, што ж, можна толькі парадвацца, і выказаць спадзеў, што новы праект будзе садзейнічаць папулярнасці “Лістапада” не толькі як пляцоўцы, што дае тэарэтычны майстар-клас — праз прагляды конкурсных і пазаконкурсных стужак, але і досвед цалкам практычны, які дапаможа чыйсьці кінаініцыятыве выйсці на новы ўзровень.

Але важна, каб беларускія кінематаграфісты самі скарысталіся гэтым шанцам, ды, увогуле, магчымасцямі кінафорума. Прызнацца, не часта, за выключэннем вядомай купкі кінакрытыкаў і рэжысёраў, мне даводзілася бачыць на сеансах “Лістапада” наш беларускі — асабліва малады — кінасвет. Так, на праглядах сваіх стужак моладзь прысутнічае, але як толькі скончыцца сеанс — і, здаецца, цікавасць да беларускага і сусветнага кінематографа быццам бы знікае.

Магчыма, хтосьці ў якасці контраргумента ўкажа на кошты ўваходных білетаў на фестывальныя паказы, на адсутнасць пэўных абанементаў, зніжак для тых жа членаў Беларускага саюза кінематаграфістаў, але тое, заўважым, ужо мае рэакцыю і прапановы. Пакуль жа агульная карціна зацікаўленасці нашых кінематаграфістаў фестывалем на дзіва размытая. З аднаго боку чуеш: “у нас усё дрэнна”, “ніхто нікому не цікавы”, а з іншага — самім нічога не трэба.

Вось і зараз, расказваючы пра навінкі “Лістапада-2015”, мне хочацца падштурхнуць кінасупольнасць: карыстайцеся і прапаноўвайце. Бо гэта не толькі “асалода для вачэй”, але і рэальны падмурак для сустрэч і кантактаў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"